Хто апошні ў будатрад?!

Для кагосьці лета асацыіруецца з адпачынкам,  у выпускнікоў — з экзаменамі, тэстамі і ўступнай кампаніяй, а для некаторых старшакласнікаў і студэнтаў — з рэальнай магчымасцю самастойна зарабіць грошы для ўласных патрэб. Будатрадаўскі рух (асноўная форма працаўладкавання студэнцкай і вучнёўскай моладзі) з кожным годам набывае ўсё большы размах і карыстаецца зайздроснай папулярнасцю сярод  юнакоў і дзяўчат.

Зразумела,  студэнтам прасцей: амаль  пры кожнай ВНУ створаны атрады працоўнай моладзі, якія на летні семестр арганізавана ўладкоўваюцца на будаўнічыя аб’екты, добраўпарадкаванне  тэрыторый, адпраўляюцца важатымі ў аздараўленчыя лагеры як Беларусі, так і замежжа.  Нямала вакансій для аматараў папрацаваць падчас канікулаў у сталіцы і абласных цэнтрах, вялікіх гарадах. А на што можна спадзявацца юнакам і дзяўчатам Ляхавіцкага раёна, якія не жадаюць сядзець без справы ўсе тры летнія месяцы?

Ім можна звярнуцца за дапамогай у розныя інстанцыі, у першую чаргу — у службу занятасці. Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама Людміла Ланкуць, у раёне аказваецца дапамога моладзі ў працаўладкаванні на пастаянную ці  часовую работу, набыцці прафесіі. Супрацоўнікі сектара занятасці падбіраюць у арганізацыях, прадпрыемствах раёна працоўныя месцы для вучнёўскай моладзі  (рабят з 14 гадоў) на летні перыяд.  Сёлета запыты накіраваны на 31 прадпрыемства. 10 арганізацый гатовы забяспечыць працоўным месцам 89 маладых людзей. Сярод патэнцыяльных работадаўцаў — СВК «Жарабковічы», «Шлях новы»,  ААТ  «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» (сельгаспрадпрыемствы прапануюць вакансіі жывёлаводаў, раслінаводаў, прыбіральшчыкаў і г.д.), райпо, кааппрам, «Інтэрлак»,  завод «Металапластмас».  Але, як адзначыла Людміла Ланкуць, пакуль толькі адзін школьнік  звярнуўся ў службу занятасці з жаданнем папрацаваць летам. Найбольшы наплыў маючых  намер працаўладкавацца на канікулах чакаецца пасля экзаменаў.

Службай занятасці распрацаваны 2 праекты па арганізацыі часовай працоўнай занятасці вучнёўскай моладзі з выкарыстаннем сродкаў фонду сацыяльнай абароны. Так, сёлета, як і ў папярэднія гады,  выдатная магчымасць зарабіць грошы падчас канікулаў з’явіцца ў 14 навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі на працягу 9 дзён будуць займацца  добраўпарадкаваннем і рамонтам студэнцкіх інтэрнатаў. На гэтыя мэты з ФСА выдаткоўваецца 17 мільёнаў рублёў, у тым ліку 8 мільёнаў рублёў — на заработную плату навучэнцаў.

Другі праект рэалізуецца сумесна з аддзелам адукацыі. 40 рабят з СШ № 2, Крывошынскай і Навасёлкаўскай СШ будуць наводзіць парадак, азеляняць тэрыторыю вакол сваіх школ, зоймуцца ўстаноўкай драўлянай агароджы, рамонтам школьнай мэблі і іншымі карыснымі справамі.  Агульная сума затрат на праект — 16 мільёнаў рублёў.  Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Тамара Сайко, для залічэння ў атрад  абавязкова трэба прад’явіць пісьмовы дазвол ад бацькоў,  медыцынскую даведку аб стане здароўя. Юныя працаўнікі будуць забяспечаны  спецадзеннем. Канешне, праводзіцца інструктаж па тэхніцы бяспекі. У атрадах у асноўным рабяты з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў.

Па традыцыі  вучні Крывошынскай СШ будуць добраўпарадкоўваць  тэрыторыю  паркавага ансамбля Рэпіхава. Акрамя таго, рабяты абновяць да новага навучальнага года калідоры, спартыўную і актавую залы, зоймуцца іншымі надзённымі справамі. Працуюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі сваёй навучальнай установы, рамантуюць спартыўную залу 10 хлопчыкаў і дзяўчынак  з Навасёлкаўскай СШ. Трапіць у працоўны дэсант змаглі толькі  самыя працавітыя, ініцыятыўныя, актыўныя вучні.

Не застаецца ў баку ад працаўладкавання ў летні час і самая масавая маладзёжная арганізацыя краіны — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Па словах першага сакратара райкама БРСМ Ларысы Юшкевіч, яшчэ задоўга да лета ў многія арганізацыі раёна былі дасланы запыты з просьбай праінфармаваць пра вакантныя месцы, куды могуць падчас канікулаў працаўладкавацца маладыя людзі.  Райкам БРСМ заключыў дагавор з СТАА «Завод упаковачных матэрыялаў» аб стварэнні на базе прадпрыемства  маладзёжнага атрада ў колькасці 10 чалавек. Такі ж дагавор заключаны і з                 аддзелам адукацыі — у аздараўленчым лагеры «Чайка» падчас 3-й змены будзе дзейнічаць  маладзёжны дэсант. На замены водпускаў асноўных работнікаў гатовы прыняць на працу ў якасці паштальёнаў і грузчыкаў раённы вузел паштовай сувязі і райпо.  Абавязковая ўмова — узрост павінен быць не маладзейшым за 18 гадоў.

Як адзначыла Ларыса Юшкевіч,  у рабят ёсць магчымасць працаўладкавацца з дапамогай  інтэрнэту. Для гэтага дастаткова зарэгістравацца на афіцыйным сайце БРСМ і пакінуць заяўку са сваімі анкетнымі данымі. Дарэчы, такой магчымасцю ўжо скарысталіся 2  вучаніцы СШ № 2 і Навасёлкаўскай СШ.

Некаторыя  юнакі і дзяўчаты самастойна і з дапамогай бацькоў  знаходзяць прымяненне сваім сілам і энергіі: адпраўляюцца ў лес за ягадамі і грыбамі, якія потым здаюць нарыхтоўшчыкам ці прадаюць на рынку, бяруцца і за часовую работу, напрыклад, прадаўцоў рознічнага гандлю ці квасу. Іншыя ўладкоўваюцца  ў ТАА «Трансэлектракамплект», «Інтэрлак», на завод «Металапластмас» і г. д.

Хто хоча працаваць, той работу абавязкова знойдзе. Ёсць прапановы.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *