Прайшоў першы этап спартакіяды сельскіх Саветаў і працоўных калектываў

Дзянёк выдаўся – лепш не прыдумаеш: мароз і сонца. Прырода разам з арганізатарамі спаборніцтваў клікала на стадыён. Жадаючых прыняць удзел у спартыўных баталіях ці пахварэць за сяброў, калег хапала. Можна сказаць, што першыя ў гэтым годзе масавыя старты былі падтрыманы жыхарамі раёна.
Такім чынам, у суботу на стадыёне “Колас” праходзіў першы этап спартакіяды сельскіх Саветаў і працоўных калектываў па сямі відах спорту: більярд, лыжная эстафета, шашкі, біятлон, сямейная эстафета, дартс, масавы старт. У ім прымалі ўдзел 85 прыхільнікаў здаровага ладу жыцця з 11 сельскіх Саветаў. Барацьба за перамогу, як і належыць, была напружанай, цікавай, відовішчнай. У агульным заліку тройка лепшых вызначылася: на першым месцы каманда Жарабковіцкага сельскага Савета, на другім – Крывошынскага, на трэцім – Свяціцкага.
У турніры сярод працоўных калектываў удзельнічалі 203 аматары спорту з 23 калектываў. Лідэрамі сталі аддзел адукацыі, ЖКГ, РАНС, РАУС-Ахова, райпо, райаграсервіс. На жаль, не ўсе прадпрыемствы выставілі свае каманды для ўдзелу ў спаборніцтвах. Але ў іх ёсць шанц “рэабілітавацца”: спартакіяда праходзіць круглагадова, і да яе можна падключыцца ў наступных этапах.
А сярод сямейных каманд, якія таксама спаборнічалі за званне пераможцаў, поспех спадарожнічаў сям’і Равінскіх, якая заняла 1-е месца, на другім – сям’я Рагоўцавых, на трэцім – Яраш.
Задавальненне ад удзелу ў лютаўскіх стартах атрымалі ўсе: і тыя, хто чараваў над шашачнай дошкай ці паказваў натрэніраванасць у абыходжанні з кіем, хто рабіў трапны стрэл ці рывок на лыжнай дыстанцыі… Па сутнасці, пераможцы былі, а пераможаных – не, таму што прыз – добры настрой і порцыя здароўя – дастаўся кожнаму.
Георгій Барысевіч, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *