У чэрвені 2012-га

Чэрвеня дзень дваццаць другі, самы доўгі дзень года. Працягласць ночы ўсяго 7 гадзін 12 мінут. Яна закончыцца ў 5.04 чароўным світанкам. Чароўным ужо таму, што мірным. І гэта ёсць шчасце, здабытае, выпакутаванае, заваяванае народам-патрыётам, як пішуць у сціплых радках энцыклапедый, у самай бязлітаснай з войнаў. Вялікая Айчынная пачалася на досвітку пасля самай кароткай ночы  года 1941-га. Наперадзе былі доўгія-доўгія вёрсты вайны…

На зямлі беларускай мноства  абеліскаў з чырвонымі зорачкамі. Не толькі над брацкімі магіламі, а прама ў полі, за вёскай, на ўзлеску свецяць гэтыя незгасальныя зорачкі над месцам апошняга прытулку загінуўшых у вайну герояў, чые жыцці ўскладзены на алтар Перамогі і не ўсе імёны іх вядомыя.

Сёлета 71 год самаму чорнаму 22-му чэрвеня — ён нараджэння 1941-га. А Кургану Славы, які на так званай  Завінскай горцы непадалёк ад Ляхавіч услаўляе подзвіг герояў, споўнілася 45. Першыя змаганні вайны, першыя яе дні і ночы, жахі і ахвяры, пажары і баі не на жыццё, а на смерць адбываліся на нашай Брэстчыне. Брэсцкая крэпасць-герой — гэта наша крэпасць, наша слава і боль. У летапіс першых бітваў Вялікай Айчыннай увайшла і тая, у гонар якой узведзены Курган Славы на ляхавіцкай зямлі.

Ім ужо восьмы дзясятак — тым, хто нарадзіўся ў чэрвені 41-га. А тым, хто ваяваў на франтах ці ў партызанскіх атрадах, як мінімум, пад дзевяноста. Гісторыяй сталі Вялікая Айчынная вайна, Перамога, пасляваеннае будаўніцтва. Сёння над нашай любімай зямлёй блакітнае неба, мірнае і спакойнае. Нашы вайскоўцы абараняюць надзейна гэты мір і спакой. І вёска Свяціца, некалі спаленая фашыстамі, даўно адбудавана, як адбудаваны сотні яе гаротных сясцёр. І зараслі травой варонкі ад выбухаў. Ціха шапоча стары лес, які быў домам родным для партызанаў. Ён столькі бачыў і чуў, і ён так стараўся дапамагчы ім.  І серыя кніг «Памяць» даўно ўжо выйшла ў свет і аднавіла многае з пройдзенага.  Усе разам мы, беларускі народ, памятаем і шануем суайчыннікаў, хто загінуў на самай страшнай з войнаў. І ганарымся подзвігам продкаў. Гэта так адказна — быць нашчадкамі герояў.

…22 чэрвеня  кветкі лягуць да брацкіх магіл і сціплых абеліскаў — гваздзікі і ружы і мілыя палявыя валошкі з рамонкамі. У мінуце маўчання мы застынем разам. Памяць — гэта тое, што робіць чалавека чалавекам. А нам ёсць што памятаць. Кожны чацвёрты, а, магчыма, і кожны трэці з беларусаў застаўся на той страшнай вайне. Успомнім — у імя іх, успомнім — у імя подзвігу, успомнім — у імя міру, нашага светлага, надзейнага міру.

Вольга СВЯТЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *