Палессе збірае майстроў

Напрыканцы мінулага тыдня на Брэстчыне прайшоў міжнародны семінар па тэме «Захаванне традыцый і развіццё новых відаў народных промыслаў (рамёстваў) у сучасных умовах фарміравання нацыянальнай культуры і стварэння асобных  турыстычных зон».  У пятніцу шматлікіх гасцей з розных куточкаў Беларусі, а таксама з  Расіі, Украіны, Швецыі, Польшчы і Літвы прымалі гасцінныя Ганцавічы на  абласным свяце вясельнага каравая «Караваю мой раю» і на выставе вясельнага пасагу «Сорак саракоў ручнікоў»,  этнаканцэрце «Рух зямлі», прэзентацыя традыцыйнай культуры сельсаветаў Ганцаўшчыны.

Сярод шматлікіх цікавых і не падобных адзін на другі экспанатаў народнай творчасці, у тым ліку і тых, якія можна пакаштаваць,  не згубілася і экспазіцыя работ ляхавіцкіх умельцаў.  Колькі гледачоў з задавальненнем і інтарэсам спыняліся ля выставы саматканых і вышываных ручні- коў. Многія з  гэтых унікальных вырабаў засталіся ў спадчыну цяперашнім уладальнікам ад   бабуль і прабабуль і беражліва  перадаюцца з пакалення ў пакаленне. На суд журы прадставіла  свой шэдэўр — вясельны каравай — знакамітая на ўсю Ляхавіччыну і іншыя раёны старэйшая  каравайшчыца з Падлесся Соф’я Махнач. Зараз Соф’я Уладзіміраўна ўжо і не падлічыць, на колькіх вяселлях яе каравай быў галоўным і чаканым  на стале маладажонаў. А разнастайнай прадукцыяй уласнай вытворчасці частавалі сярод іншых прадпрыемстваў і фірменныя секцыі СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» і Баранавіцкая птушкафабрыка «Дружба».

Вечарам таго ж дня на галоўнай пляцоўцы сталіцы мінулагодняга святкавання Дня  беларускага пісьменства сваю творчасць прэзентавалі лепшыя самадзейныя калектывы. Наш раён прадставілі народны ансамбль народнай песні «Крыніца»,  народная эстрадная група «Пачатак» ГДК,  народная эстрадная студыя «Экспрэс» ГДК «Райаграсэрвіс».

У суботу  фальклорныя ўрачыстасці перамясціліся  ў Пінск — горад, дзе ў архітэктуры і творчасці спалучаюцца старадаўнія і сучасныя матывы. Тут  прайшло абласное свята аматарскай мастацкай творчасці «Галасы Палесся».  Сапраўдны горад майстроў раскінуўся на вуліцах і плошчах Пінска. Чаго тут толькі было ні знайсці, ні ўбачыць, а яшчэ і павучыцца на майстар-класах па традыцыйных рамёствах. Наколькі багатая наталенты  ляхавіцкая зямля,  паказала выстава мясцовых творцаў і ўмельцаў.   На ёй свае саламяныя вырабы прадставілі майстрыхі Алена Русакевіч, На-дзея Горка, Святлана Страмавус, вышываныя карціны — Галіна Мішкевіч, Марыя Пісарава, кераміку — Алена Базылева, вышыўку, ткацтва, карункапляценне — Ніна Алёхнік, Сафія Татарыновіч, Людміла Сярдзюк, Лідзія Курловіч,  Ніна Ярошка,  Клаўдзія Варвашэвіч,  Таццяна Пілінога, Ганна Панасюк, Валянціна Бецька, разьбу па дрэве — Цімур Майсеенка. Ляхавіцкі строй уразіў!

Павел ФЯДОТАЎ, метадыст  па народнай творчасці РМЦ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *