Стан душы – натхненне

Намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка. Фота з архіва БЕЛТА.

Было, як заўсёды, урачыста, шчыра і ўсхвалявана. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, журналістаў Брэстчыны на гэты раз праходзіла ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна. У фае экспанавалася выстава творчых работ, якія газетчыкі прадставілі на конкурс. І трэба сказаць, што тэматычныя альбомы праілюстравалі высокі прафесійны ўзровень сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў.
Як адзначыў на цырымоніі ўручэння дыпломаў пераможцам конкурсу намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка, Год малой радзімы прадастаўляе для газетчыкаў, работнікаў радыё і тэлебачання выдатную магчымасць творчай самарэалізацыі. Алег Іванавіч падкрэсліў, што ўжо сёння ёсць яркія, эксклюзіўныя праекты, якія даказваюць, наколькі журналісты любяць сваю справу і той куточак роднага краю, з якім звязана іх жыццё.
Дыпломы пераможцам уручылі намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава – са шчырымі пажаданнямі натхнення, творчасці, вострага пяра.
Сваіх лаўрэатаў таксама назвалі абласны камітэт прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, абласное аб’яднанне прафсаюзаў, абласныя арганізацыі Беларускага саюза журналістаў, Беларускага саюза пісьменнікаў, Беларускага саюза жанчын, БРСМ, «Белай Русі», АЦГЭіГЗ.
Сярод узнагароджаных – і «веснікаўцы»: галоўны рэдактар Вольга Барадзіна адзначана дыпломам Брэсцкага аблвыканкама за высокапрафесіянальную публіцыстыку ў арыгінальнай форме аўтарскага маналога; загадчыца аддзела радыёінфармацыі і навін Галіна Канько – дыпломам Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму за актуальнасць матэрыялаў сацыяльнай і прафсаюзнай тэматыкі.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання журналісты накіраваліся ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». У гэты сонечны дзень надзвычай шчымліва і пранікнёна ўспрымалася знаёмая вачам, блізкая сэрцу і заўсёды па-новаму кранаючая карціна застыўшага ў граніце, непадуладнага часу подзвігу. Кветкі да Вечнага агню… Мінута маўчання… Як жа многа яны гавораць…
А потым адбылося знаёмства з работай маладзёжнага патрыятычнага цэнтра, адкрыццё якога стала падарункам да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І гэта быў працяг урока патрыятызму.
…Наш любімы Брэст рыхтуецца да 1000-годдзя. Сучасны, прыгожы, зялёны, дагледжаны, ён будуецца і, насуперак узросту, маладзее. У ім утульна і светла не толькі брастчанам, але і гасцям горада, а таксама тым, хто вучыцца ў тутэйшых ВНУ. Дарэчы вярнуцца ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, дзе пачынаўся наш, 14-ы па ліку, журналісцкі фестываль, і нагадаць, што на філфаку чатыры гады назад адкрыта аддзяленне журналістыкі. Такое вось партнёрскае ўзаемадзеянне. Гасцінныя гаспадары сардэчна сустракалі тых, чыімі калегамі студэнты рыхтуюцца стаць. Гучалі іх музычныя віншаванні, яны запрасілі на экскурсію ў свой шыкоўны ўніверсітэцкі зімовы сад. І гэта таксама незабыўна. А СМІ Брэстчыны чакаюць выпускнікоў мясцовага «журфака».

 

Выкарыстаны фота  БЕЛТА і з сайта газеты «Заря».

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *