Мірнае свята мірных людзей. У мінулы аўторак святочны настрой панаваў паўсюдна: галоўнае свята краіны аб’яднала ўсіх, хто любіць Беларусь і сваю малую радзіму

Свой Дзень Незалежнасці Беларусь, як заўсёды, адзначыла ўрачыста і ярка: велічным парадам у сталіцы, тэатралізаванымі шэсцямі і канцэртамі па ўсёй краіне, святам вышыванкі, народнымі гуляннямі і важкімі падарункамі.

Ва ўрачыстасцях па традыцыі прыняў удзел Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. 2 ліпеня Прэзідэнт Беларусі выступіў на ўрачыстым схо-дзе ў Палацы Рэспублікі. А 3 ліпеня ў якасці Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка   прыняў ваенны парад войскаў Мінскага гарнізона.

«Сённяшняе свята – сімвал мужнасці і стойкасці беларускага народа, пераемнасці пакаленняў і вернасці абавязку. Яно служыць напамінам аб тым, што лёс Радзімы, яе сучаснасць і будучыня залежаць перш за ўсё ад нашай вернасці ідэалам свабоды і незалежнасці, імкнення захаваць мір і спакой на роднай зямлі», – заявіў Прэзідэнт Беларусі, выступаючы на ​​парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці.
Мерапрыемства, якое стала цэнтральнай падзеяй святкавання Дня Рэспублікі, трансліравалася ў прамым эфіры па тэлебачанні і радыё.
А ў абласным цэнтры галоўныя ўрачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці традыцыйна прайшлі ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». У цырымоніі ўскладання вянкоў да Вечнага агню мемарыяла прынялі ўдзел кіраўніцтва вобласці, ветэраны, дыпламаты, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і рэлігійных канфесій.
Выдатным падарункам моладзі да свята старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс назваў адкрыццё маладзёжнага патрыятычнага цэнтра, што адбылося ў гэты ж дзень у Брэсцкай крэпасці. Кіраўнік вобласці пажадаў цэнтру стаць месцам прыцягнення для сапраўдных патрыётаў сваёй радзімы, а падрастаючаму пакаленню – быць дастойнымі нашчадкамі гераічных традыцый салдатаў Вялікай Перамогі, захоўваць і прымнажаць славу гераічнай зямлі Брэсцкай крэпасці.Разам з усёй краінай Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адзначала і наша малая радзіма – Ляхавіччына. І няхай надвор’е не парадавала сонейкам, але 3 ліпеня было светла і ўзнёсла ад шчырых усмешак землякоў, іх выдатнага настрою.
Пад гукі духавога аркестра і пошчак барабанных палачак па цэнтральнай вуліцы расквечанага райцэнтра прайшлі ў святочнай калоне ўдзячныя нашчадкі салдатаў Перамогі – сённяшнія абаронцы Айчыны, дэлегацыі  працоўных калектываў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый «Белая Русь» і БРСМ, школьнікі, гараджане і вяскоўцы.
Плошча Перамогі. Менавіта ля помніка загінуўшым воінам-вызваліцелям па традыцыі штогод праходзяць  мітынгі. Словы пашаны і кветкі – нашым дарагім вызваліцелям, сёння ўжо сівым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Кранаюць душу і хвалююць сэрца размераныя ўдары метранома. Святлом удзячнай памяці няхай азарацца імёны загінуўшых герояў. Не толькі людзі, але, здаецца, і прырода застыла ў хвіліне маўчання, аддаючы даніну павагі тым, хто загінуў за свабоду і незалежнасць Радзімы, за магчымасць для нашчадкаў жыць пад мірным небам у квітнеючай краіне. Да помніка воінам-вызваліцелям ляглі вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, сённяшніх салдатаў.

З Днём Незалежнасці краіны, 74-годдзем вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў землякоў павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса. Ён падкрэсліў, што патрыятызм аб’ядноўвае ўсіх, хто беражліва ставіцца да гісторыі сваёй Радзімы, прымнажае дасягненні яе сённяшняга дня і верыць у яе дастойную будучыню.
Ад імя моладзі да ветэранаў і землякоў звярнулася вучаніца гімназіі Дар’я Секач.
Стройным маршам прайшлі па плошчы Перамогі сённяшнія абаронцы Айчыны, дэманструючы моц і абараназдольнасць нашых Узброеных Сіл.
Святкаванне перамясцілася на плошчу Леніна. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі ўручыў пасведчанні аб занясенні на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна лепшым калектывам і працаўнікам розных галін вытворчасці, сацыяльнай сферы, якія сваёй добрасумленнай, адказнай працай прымнажаюць гонар і славу раёна, вобласці, краіны.
Былі названы і лаўрэаты традыцыйнага конкурсу «Чалавек года» па выніках 2017 года. Заслужаным землякам уручаны ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы, дыпломы і падарункі. Шчырымі апладысментамі віталі ляхавічане і свайго героя – ураджэнца Гаслаўшчыны, радавога запасу Яўгенія Жарскага, які ў мірны час узнагароджаны медалём «За адвагу».
Над горадам гучалі песні, музыка, закружылі ў танцы хлопчыкі і дзяўчынкі. Радавалі выступленнямі ансамблі і салісты – свае, ляхавіцкія і сталічныя.
У скверы ля фантана размясцілася арыгінальная выстава народных майстроў з сельскіх Дамоў культуры. Цікавасць у гледачоў выклікалі вышыванкі і гліняныя карціны, вырабы з дрэва, саломы, ільну і многае іншае. Побач на аўтастаянцы дзеці малявалі родны горад, любімую краіну, сваю сям’ю, мары і пажаданні.
Адрас яшчэ адной святочнай пляцоўкі – стадыён «Колас».
Захапляюча і для дарослых, і для дзяцей прайшоў раённы турнір «Спорт–маладосць–здароўе». А яшчэ кожны жадаючы мог пагуляць у шашкі і шахматы, паспытаць спрытнасць і сілу ў розных конкурсах. Тэатралізаванае прадстаўленне гістарычных рыцарскіх баёў і коннае шоу нікога не пакінулі абыякавым.

З раніцы і да ночы ў месцах масавага святкавання працавалі гандлёвыя рады і атракцыёны.
А вечарам гараджане і госці райцэнтра зноў сустрэліся на плошчы Леніна на танцавальна-забаўляльнай праграме. Ляхавічане разам з усёй краінай падчас акцыі «Спяём гімн разам» спявалі: «Мы бела- русы – мірныя людзі…».
Апоўначы над старажытным, але такім маладым, мірным і ўтульным горадам зорнае неба расквеціў вясёлкавымі фарбамі святочны салют.
Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА.

Больш фота тут 

Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі ўручае пасведчанне аб занясенні на Галерэю славы брыгадзіру МТФ «Сакуны» Алене Анціпенка.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса віншуе Чалавека года – загадчыка тэрапеў-тычнага аддзялення Міхаіла Буйкевіча з высокай адзнакай

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *