Варыяцыі на тэму кансервацыі. Прадукцыю Ляхавіцкага кансервавага завода любяць не толькі землякі

У магазіне «Верас» на вітрыне з прадукцыяй Ляхавіцкага кансервавага завода погляд неаднойчы затрымліваўся на мініяцюрных слоіках з таматным соусам, яблычным павідлам і рагу з інтрыгуючай назвай «Фасіліса». Не вытрымала – купіла.

У прыгожай і зручнай 280-грамовай упакоўцы – смачная салата (рэцэпт заводскі), галоўны інгрэдыент у якой – фасоля. Дарэчы, гэта адна з навінак у разнастайным (больш за сотню найменняў) асартыменце прадукцыі ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Спрабавалі бярозавы сок з лімонам, апельсінам, сухафруктамі? Гэта не толькі смачна, але і добра спаталяе смагу. Паклапаціліся завадчане і пра хворых на цукровы дыябет – хутка на паліцах з’явяцца працёртыя яблыкі, здробненыя буракі і бярозавы сок з ксілітам.
Лета – асабліва гарачая пара для завадчан. Цяпер на канвееры – зялёны тавар. У разгары перапрацоўка агуркоў.
– Супрацоўнічаем з пра-веранымі пастаўшчыкамі, якія прывозяць агуркі з Альшан Столінскага раёна. Перапрацавалі ўжо 266 тон, з якіх 80 тон засолены, потым пойдуць у расольнікі, салянкі. Астатнія замарынаваны і расфасаваны ў 140 тысяч слоікаў – «сталічныя», «купалаўскія», «кансерваваныя па-дамашняму» і іншыя. Па заказе школ і дзіцячых садкоў будзем выпускаць марынаваныя агуркі без перцу і пякучых прыпраў, гэта «ляхавіцкія апетытныя», – расказвае дырэктар прадпрыемства Сафія Болтуць.
Дарэчы, завадчане паспяхова перапрацоўваюць і «модныя» карнішоны. Распрацавалі сваю рэцэптуру і закатваюць іх у слоікі па 720 грамаў. Попыт на карнішоны зайздросны.
Завод зараз працуе ў дзве змены. Па меры неабходнасці рабочыя адпраўляюцца шчыраваць на яшчэ адзін адказнейшы ўчастак прадпрыемства – падсобную гаспадарку. Тут на 36 гектарах раскінуўся заводскі агарод. Загадчык падсобнай гаспадаркі Аляксандр Кунцэвіч праводзіць экскурсію. Паглядзець ёсць на што. Паспрабуйце знайсці хоць каліва пустазелля на роўненькіх, нібы пад лінейку пасаджаных, радках кабачкоў. Такія ж чысціня і парадак на плантацыях, дзе растуць морква, сталовыя буракі, цыбуля.
Агародніна з падсобнай гаспадаркі – стратэгічны запас для завода. Хуткапсавальная сыравіна (накшталт шчаўя) ідзе адразу пасля зрэзкі на перапрацоўку. Шчаўе сёлета зрэзвалі ўжо двойчы, перапрацавана 36 тон зяленіва. Дарэчы, гатовая прадукцыя на складзе не залежваецца – пакупнікоў па ўсёй Беларусі хапае: якасная, натуральная і прымальная па кошце, яна прыйшлася даспадобы многім спажыўцам.
Морква, сталовыя буракі, цыбуля, бульба, іншыя культуры ідуць і на перапрацоўку, і на захоўванне. Увогуле, каля 70 працэнтаў агародніны ад колькасці, патрэбнай прадпрыемству для работы аж да чэрвеня наступнага года, вырошчваецца ў сваёй падсобнай гаспадарцы. Свая сыравіна таннейшая за тую, што закупляецца, адпаведна і сабекошт прадукцыі зніжаецца, а гэта дае прадпрыемству магчымасць працаваць вынікова, пастаўляць спажыўцам плодаагароднінныя кансервы высокай якасці па ўмераных цэнах.
А атрыманне некалькі гадоў запар «крыштальнага яблы-ка» – галоўнага прыза аднайменнага рэспубліканскага конкурсу, Гран-пры і дыпломы ў конкурсе спажывецкіх пераваг – яскравае пацвярджэнне паспяховасці і высокай канкурэнтаздольнасці прадукцыі, якая штодня сыходзіць з канвеера Ляхавіцкага кансервавага завода.
Галіна КАНЬКО.

Дырэктар кансервавага завода Сафія Болтуць.

Майстры цэху Галіна Патоцкая і Таццяна Скуратовіч.

 

 

2 thoughts on “Варыяцыі на тэму кансервацыі. Прадукцыю Ляхавіцкага кансервавага завода любяць не толькі землякі

  • 07/07/2018 в 11:53
    Permalink

    Действительно вкусная продукция! О наших Ляховичах знают далеко за пределами Беларуси именно благодаря консервному заводу.

  • 07/07/2018 в 11:56
    Permalink

    Было бы прекрасно, если бы у завода был фирменный магазин, где была бы ВСЯ их продукция. Думаю, далеко не весь ассортимент знаком ляховичанам. А хотелось бы…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *