Ёсць пытанне да службы занятасці

Штодзень у  службу занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за дапамогай у працаўладкаванні, накіраваннем на вучобу ці перакваліфікацыю, даведкамі  звяртаецца не адзін дзясятак чалавек.  І кожны атрымлівае неабходную, юрыдычна абгрунтаваную  кансультацыю і прафесійную параду.

З пачатку года за садзеяннем у працаўладкаванні  сюды звярнуліся 144 жыхары Ляхавіччыны, 123 з іх зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных.  Па стане на 1 чэрвеня 94  былыя беспрацоўныя працаўладкаваны. Зараз на ўліку знаходзіцца 67 чалавек, з якіх 41 жанчына.  Дарэчы, у Ляхавіцкім раёне  адзін з самых нізкіх паказчыкаў па беспрацоўі — 0,6 працэнта ад працаздольнага насельніцтва (сярэднеабласны паказчык — 0,8).  Служба занятасці арганізуе прафесійнае навучанне беспрацоўных у вучэбных цэнтрах, навучальных установах рэспублікі. Падчас яго беспрацоўным, якія атрымалі накіраванне на навучанне, выплачваецца стыпендыя, кампенсуецца праезд да месца вучобы і назад (ці за пражыванне). А моладзі ва ўзросце да 29 гадоў падчас вучобы не па месцы рэгістрацыі аказваецца яшчэ і матэрыяльная падтрымка. І па-ранейшаму жадаючых пракансультавацца ў службе не змяншаецца. Што і пацвердзіла чарговая прамая тэлефонная лінія з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людмілай ЛАНКУЦЬ.

— 18-гадовы сын закончыў І курс інстытута  і мае жаданне папрацаваць падчас канікулаў летам у Ляхавічах. Наколькі гэта рэальна, і што  можаце яму прапанаваць?

Святлана Макагон,г. Ляхавічы.

— Ваша пытанне, Святлана Мікалаеўна, вельмі актуальнае. Супрацоўнікі сектара занятасці займаюцца падборам рабочых месцаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна для вучнёўскай моладзі, якая жадае папрацаваць летам. На сённяшні дзень у Ляхавічах на часовую работу маладых людзей гатовы прыняць  укладчыкамі-ўпакоўшчыкамі і падсобнымі рабочымі СТАА «Інтэрлак» і ЗАТ «Металапластмас» (адпаведна 8 і 4 чалавекі), завод упаковачных матэрыялаў, грузчыкамі, прыбіральшчыкамі і сартавальнікамі сыравіны ў райпо  (6 чалавек). Пры жаданні можна ўладкавацца на працу  практычна і ў любое сельгаспрадпрыемства раёна.

— Добры дзень. Мне 29 гадоў, маю намер адкрыць уласную справу. Чуў, што ў цэнтры занятасці аказваюць фінансавую дапамогу пачынаючым прадпрымальнікам…

Сяргей Гатоўчыц,г.  Ляхавічы.

— Сапраўды, служба занятасці дапамагае беспрацоўным грамадзянам у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Фінансавую падтрымку можа атрымаць кожны беспрацоўны, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту. Субсідыя можа выкарыстоўвацца на набыццё абсталявання, інструментаў, сыравіны, аплату паслуг, а таксама на іншыя мэты, звязаныя з прадпрымальніцкай дзейнасцю.  Размер субсідыі адпавядае 11-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму на дату заключэння дагавора (цяпер  гэта 8173220 рублёў).  Гэта датычыцца беспрацоўных гараджан. А калі чалавек пражывае ў сельскай мясцовасці, то субсідыя аказваецца ў памеры 15-кратнай велічыні БПМ  (11145300 рублёў).

— Я працую вартаўніком у СВК «Дарава». За май  гэтага года  атрымала 560 тысяч рублёў заработнай платы.  Зразумела, што сума невялікая.  Ці магу я зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнай. І якія вакансіі ёсць цяпер для працаўладкавання?

Яніна Гарэлік, в. Дарава.

— Для рэгістрацыі і пастаноўкі на ўлік у службе занятасці неабходна прадставіць пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу, працоўную кніжку (пры яе наяўнасці), дыплом ці іншы дакумент аб адукацыі, кваліфікацыі, прафесійнай падрыхтоўцы ці перападрыхтоўцы, даведку аб сярэднім заробку (даходзе) за апошнія 12 месяцаў работы,  дэкларацыю аб даходах, ваенны білет і даведку аб памеры грашовага забеспячэння па апошняй воінскай пасадзе — для звольненых з ваеннай службы; пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (для асоб, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў); пасведчанне дзіцяці-інваліда (для тых, хто мае  такіх дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў). А таксама іншыя дакументы, з пералікам якіх можна азнаёміцца ў службе занятасці. Наш адрас: г. Ляхавічы, вуліца Южакова, 16, 2-гі паверх, тэлефоны: 2-22-76, 2-36-36.

Што датычыцца жаночых  вакансій, то на сённяшні дзень можам прапанаваць вам наступныя, не патрабуючыя спецыяльнай кваліфікацыі: швачка ў «Ібіры» і «Ажуруне»,  укладчык-упакоўшчык у «Інтэрлаку». Шэраг вакансій ёсць на  заводзе ўпаковачных матэрыялаў і ў райпо.

— Людміла Генадзьеўна, куды служба занятасці працаўладкоўвае абавязаных асоб, якія не займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей?

Марыя Пятроўна, Ляхавіцкі раён.

— Працаўладкаванне грамадзян, якія абавязаны кампенсаваць дзяржаве сродкі, затрачаныя на ўтрыманне іх дзяцей, сапраўды ўваходзяць у функцыі  службы занятасці.  Сёлета за 5 месяцаў паступіла пастанова суда на працаўладкаванне 4 абавязаных асоб, яшчэ 2 звярнуліся за накіраваннем на працу  самастойна. Усе 6 працаўладкаваны. Больш за ўсё абавязаных асоб уладкавана на працу ў СВК  «Жарабковічы» (11), «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» (10 чалавек), «Востраў-Агра» (7),  «Ліпнянка» (5).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *