Права на абарону

Сёлета 26 чэрвеня спаўняецца 90 гадоў з дня прыняцця трэцяй сесіяй ЦВК БССР першага Палажэння аб адвакатуры. З таго часу адвакатура прайшла вялікі шлях: адбывалася рэфармаванне дзяржаўна-прававой сістэмы, і, адпаведна, адвакатуры.

Артыкулам 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку, карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, установах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях, а таксама ў адносінах з адказнымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.

Новым этапам у дзейнасці службы з’яўляецца прыняты 30 снежня 2011 года Закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Па новым законе ажыццяўляць дзейнасць па аказанні юрыдычнай дапамогі могуць як юрыдычныя кансультацыі, так і адвакацкія бюро, а таксама адвакаты, якія прынялі рашэнне ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць індывідуальна. Павялічваецца  даступнасць прававой дапамогі для насельніцтва, што адказвае патрабаванням часу і сусветным стандартам.

Забеспячэнне правоў і свабод чалавека, у тым ліку права на абарону, — прыярытэтная задача для адвакатуры ва ўсе часы. Эфектыўны ўдзел адваката ў судавытворчасці ў якасці абаронцы падазраваемага, абвінавачваемага, прадстаўніка пацярпелага, грамадзянскага істца, грамадзянскага адказчыка ў многім садзейнічае ўсебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму даследаванню абставін справы, вынясенню законных, абгрунтаваных і справядлівых судовых рашэнняў.

Усё большае месца ў дзейнасці адвакатаў цяпер займае і будзе займаць юрыдычнае абслугоўванне фірмаў, акцыянерных таварыстваў, банкаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых         суб’ектаў гаспадарання. Адвакаты аказваюць эфектыўную дапамогу гэтым суб’ектам гаспадарання пры разгледжанні ў гаспадарчых судах узнікшых спрэчных праваадносін, дабіваюцца аднаўлення справядлівасці і кампенсацыі значных грашовых сродкаў.

Залатым правілам кожнага грамадзяніна, кожнага прадпрымальніка павінна быць правіла: перш, чым нешта прадпрыняць або зрабіць, парайся спачатку з адвакатам.

Адвакатура ва ўсе часы на варце правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

Іосіф САЛАВЕЙ,

загадчык юрыдычнай кансультацыі Ляхавіцкага раёна

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *