Адкрыты ўрок Вячаслава Сельмановіча

Калі гаварыць аб прафесіяналізме гэтага чалавека, нават складана вызначыцца з тым, што пярвічнае ў ягонай асобе: педагог ці спецыяліст сельскай гаспадаркі. Вучоны аграном, кандыдат сельскагаспадарчых навук Вячаслаў Сельмановіч на працягу апошніх сямнаццаці гадоў дырэктарствуе ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы.

Яго подпіс зацвярджае дыпломы соцень аграномаў, заатэхнікаў, ветурачоў, якія закончылі гэтую прэстыжную навучальную ўстанову. Вячаслаў Лукіч для навучэнцаў — не проста дырэктар і выкладчык, але вельмі аўтарытэтны, мудры, добразычлівы старэйшы сябар. Побач з імі, разам з імі і поплеч са сваімі калегамі ён вучыць і вучыцца і застаецца   маладым, поўным задум і планаў, прапаноў і творчых праектаў. Практычна ўсе яны ажыццяўляюцца, таму што Сельмановіч — чалавек справы.

Ён разумее студэнтаў, магчыма, і таму, што яго студэнцтва ў Ленінградскай ВНУ пакінула след светлы і радасны, прывяло да ажыццяўлення запаветнага — стаць аграномам. Стаў ім, напісаў некалькі навуковых прац і падручнік.  І адбыўся як педагог. І дэпутат раённага Савета дэпутатаў Сельмановіч — актыўны, нераўнадушны, з’яўляецца членам прэзідыума.

А яшчэ ён вельмі цікавы суразмоўца, праўда, любая тэма, урэшце, закране прафесійную. Гатовы бясконца гаварыць пра сваіх навучэнцаў (дарэчы, каманду КВН каляджане назвалі «Дзеці Лукіча», згадзіцеся, выразны штрых), пра іх характары і лёсы, пра тое, што ў ЛДАКу яны засвойваюць не толькі праграмны матэрыял, але і вучацца разумець зямлю, любіць яе і ганарыцца сваёй будучай місіяй — быць спецыялістамі сельскай гаспадаркі.

Сёння адасобленае структурнае падраздзяленне Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта «Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж» — навучальная ўстанова і па форме, і па сутнасці сваёй, па змесце сучасная, як таго патрабуе жыццё. І свой адкрыты ўрок Вячаслаў Сельмановіч выкладае прафесійна, творча, натхнёна, як гэта можа рабіць чалавек апантаны справай, кампетэнтны, таленавіты.

Віват, дырэктар!

Вольга СВЯТЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *