Што ў сухім астатку

У Брэсцкай вобласці сёлета плануецца сабраць каля мільёна тон збожжа. Жніво ў рэгіёне стартавала практычна на два тыдні раней запланаваных тэрмінаў.  Пачалося яно і ў Ляхавіцкім раёне.

Доўгачасовая адсутнасць дажджоў на фоне зусім не сезоннай гарачыні зрабіла сваю нядобрую справу, у выніку якой гаспадаркам раёна не пазбегнуць пэўнага недабору прадукцыі раслінаводства.

Прадукцыя палёў, лугоў, сенажацяў, як вядома, у вельмі і вельмі значнай ступені праецыруецца і на работу жывёлаводчай галіны. На яе вынікі, паспяховасць, эканоміку.
Запланаваных першаўкосных кармавых адзінак аграрыям раёна нарыхтаваць не атрымалася. Гэта калі гаварыць у цэлым за АПК раёна і па суме відаў кармавых прадуктаў. А вось што тычыцца сена, то яго ў гэтым годзе ляхавіцкія аграрыі нарыхтавалі больш леташняга, дзякуючы сухому надвор’ю, якое суправаджала касавіцу ад пачатку і да канца.
У райсельгасхарчы нагадалі пра абавязковую для вырашэння задачу, што стаіць перад корманарыхтоўшчыкамі сельгаспрадпрыемстваў раёна: усе, якія ёсць, травы павінны быць выкашаны і стаць для жывёлы кормам – у тым або іншым выглядзе.
Канешне, не толькі кармавым угоддзям дасталося ад сухога надвор’я. Пацярпелі збожжавыя і зернебабовыя, пасевы тэхнічных сельскагаспадарчых культур. Калі заходзіць размова на тэму майска-чэрвеньскай гарачыні, у райсельгасхарчы з асаблівай горыччу гавораць пра даўгунец. Раённыя пасевы апошняга кансалідавана складаюць 2410 гектараў. Частка іх аказалася пацярпелай ад засухі, асабліва на ўчастках з лёгкімі глебамі.
Што датычыць збожжавых і зернебабовых, то ад недахопу вільгаці ў спісе прыгнечаных надвор’ем культур значацца і ячмень, і трыцікале, і іншы хлеб. Найбольш гэта сказалася на пераважна лёгкіх землях ДП «Ліпнянка», «Востраў-Агра», «Тальмінавічы», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», СВК «Ляхавіцкі».
Жніво, якое ў раёне ўжо фактычна пачалося, мае на ўвазе асаблівую ашчаднасць работ і беражлівасць да кожнага коласа. Кожны хлебны і не толькі квадрат павінен быць скрупулёзна ўбраны.
Прайшоўшыя апошнім часам дажджы з’яўляюцца для раслін гаючым бальзамам. Асобныя з палеткаў актывізаваліся ў росце і ўсё больш мяняюцца ў накірунку зялёнага.
Іван КАВАЛЕНКА.

Выкарыстана ілюстрацыя

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *