У цэнтры ўвагі

Генрых Траццяк — асоба ў нашым раёне (і не толькі) — значная і вядомая. Больш як пяць дзесяцігоддзяў ён  у гушчыні падзей, заўжды першы, генератар цікавых задумак і ініцыятар новаўвядзенняў.

Такім Генрых Міхайлавіч быў, калі вучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (за гады вучобы не атрымаў ніводнай чацвёркі),  і калі прыйшоў аграномам у заняпалы калгас (ураджайнасць зерневых у гаспадарцы была не больш за 9 цэнтнераў з гектара), і потым, калі ўзначаліў яго і з дапамогай працавітых землякоў зрабіў  калгас імя Ламаносава вядомым на ўсю краіну і за яе межамі.

У  1975 годзе ўраджайнасць збожжавых у гаспадарцы пад кіраўніцтвам Траццяка дасягала 40 цэнтнераў з гектара (праз год Генрых Траццяк стаў кандыдатам сельскагаспадарчых навук), у 1978 і 1979 гадах перадавы калгас імя Ламаносава выходзіў пераможцам усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва.  А на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя гаспадарка заслужыла новае прызнанне — Чырвоны Сцяг за высокую эфектыўнасць і якасць работы ў дзясятай пяцігодцы з занясеннем на Усесаюзную дошку гонару на ВДНГ СССР. «Выдатных вынікаў дасягнуў у 1987 годзе калектыў калгаса імя Ламаносава, які ўзначальваў таленавіты арганізатар вытворчасці, кандыдат сельскагаспадарчых навук Герой Сацыялістычнай Працы Г. М.  Траццяк, удастоены двух ордэнаў Леніна і іншых высокіх урадавых узнагарод. Са-брана па 61,4 цэнтнера збожжа, 328 — бульбы, 9,3 — ільновалакна…», — радкі з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён».

На заслужаным адпачынку ён не застаецца без справы. Генрых Міхайлавіч узначальвае раённы савет ветэранаў вайны і працы, арганізаваў навукова-вытворчую групу. Ён — жаданы госць у школах, на сустрэчах з моладдзю, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Ляхавіччыны.

Дапытлівы розум, нястомная душа, прага да новага, нязведанага, пастаяннае жаданне быць у гушчыні падзей, самаўдасканальвацца і дапамагаць іншым — у гэтым увесь Генрых Траццяк.

У яго багатым на падзеі і сустрэчы з цудоўнымі людзьмі жыцці ёсць усё — запамінальная вучоба, руплівая праца на зямлі, умелае кіраўніцтва,   прызнанне і ўзнагароды. Ён пасадзіў дрэва (і не адно), пабудаваў дом, выгадаваў двух сыноў, дачакаўся ўнукаў, працягвае заставацца карысным людзям і пры гэтым не здраджвае сабе і сваім поглядам. Хіба гэта не шчасце!

Галіна ЗАРЭЧНАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *