Вайна і Мір Вікенція Бурло

Ён па памяці цытуе Пушкіна і Коласа, разважае пра галоўныя каштоўнасці быцця — мір, незалежнасць, хлеб, памяць. І не верыцца, што гэтаму рухаваму жыццялюбу 92 гады.

Вікенцій Бурло, шаноўны Вікенцій Ільіч. Жыве ў пасёлку Мір Баранавіцкага раёна, але з Ляхавіччынай звязаны сваёй слаўнай маладосцю, найперш, ваеннымі яе старонкамі. Тут ён партызаніў у 43-м-44-м і яго домам быў векапомны лес Машукоўскі. Памятае ўсё да драбніц, у тым ліку пра нараджэнне падпольнай газеты «Совецкі патрыёт».

Так, ён калега сённяшніх веснікаўцаў, але ён — першы: быў адным з тых, хто яе ствараў літаральна  з  № 1 у кастрычніку 1943-га і пісаў палымяныя радкі, якія клікалі на барацьбу з фашыстамі, расказвалі пра мужнасць нашых воінаў і партызан, даносілі людзям на акупіраванай тэрыторыі праўдзівую інфармацыю, самую патрэбную, самую чаканую. Вікенцій Ільіч успамінае, як сакратар  падпольнага райкама партыі Сцяпан Дзесюкевіч гаварыў, звяртаючыся да яго: «Па пытаннях выдання можаш прыходзіць да мяне ў зямлянку ў любы час сутак. Газета — другая зброя супраць фашыстаў»…

Пасля вызвалення Беларусі наш герой пэўны час жыў і працаваў на Ляхавіччыне, спачатку ў нашай раёнцы, потым рыхтаваў і вёў перадачы раённага радыё. А пазней пачалася работа па спецыяльнасці (ён — педагог па адукацыі) — завучам вячэрняй школы.

З 1955-га настаўнічаў на Стаўбцоўшчыне, а ў 1974-ым пераехаў у саўгас-камбінат «Мір» Баранавіцкага раёна. Працягваў педагагічную дзейнасць, а апошняе дзесяцігоддзе ўзначальваў ветэранскую арганізацыю мясцовай гаспадаркі.

Такім вось чынам для Вікенція Бурло родная сэрцу і ляхавіцкая зямля і баранавіцкая. Літаральна месяц назад ён разам з сынам (дарэчы, у Вікенція Ільіча шасцёра дзяцей!) завітаў у нашу рэдакцыю — проста сустрэцца, убачыць працяг таго, што калісьці пачынаў з  любоўю, адказнасцю  і вялікім жаданнем.

А ў мінулую сераду Вікенцій Ільіч прымаў гасцей у сябе дома. Напярэдадні Дня Рэспублікі і 68-й гадавіны з дня вызвалення нашай краіны ад фашысцкай акупацыі павіншаваць шаноўнага ветэрана прыйшлі кіраўнікі Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў Дзмітрый Бурдук і Мікалай Язубец. Шчымлівыя імгненні шчырай пашаны, самыя цёплыя словы падзякі — як жа светла на душы ад магчымасці сказаць іх заслужанаму чалавеку. Дзмітрый Бурдук уручыў Вікенцію Ільічу грамату райвыканкама і падарунак. Мікалай Язубец таксама прывёз падарунак ветэрану. Лёгкая разгубленасць ад такой увагі, расчуленасць блішчалі слязінкамі ў вачах пажылога чалавека, на пінжаку якога цесна ад баявых узнагарод.

…У яго лёсе была вайна і ёсць Мір. Слова «Мір» не выпадкова напісала з прапісной літары: для Вікенція Ільіча ён — галоўная каштоўнасць, за якую  змагаўся са зброяй у руках і сілай друкаванага радка, і, да таго ж, назва пасёлка, дзе ён жыве.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *