Пра хлеб надзённы.На маршруце рабочай паездкі на Брэстчыну старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча быў і Ляхавіцкі раён

На палях ААТ «Крошын» Баранавіцкага раёна

12 ліпеня старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч азнаёміўся з ходам уборкі сельгаскультур у Брэсцкай вобласці на прыкладзе гаспадарак Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Ганцавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў. У нашым раёне спікер верхняй палаты парламента пабываў на палях ААТ «Шлях новы» і на ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».
Міхаілу Мясніковічу далажылі аб ходзе ўборкі збожжавых у Брэсцкай вобласці. На раніцу 12 ліпеня да жніва прыступілі практычна ўсе гаспадаркі Брэстчыны. Па даных камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, на ўборцы плануецца задзейнічаць 1478 збожжаўборачных камбайнаў. Гатоўнасць тэхнікі складае 97 працэнтаў. Вобласць ужо атрымала 27 новых камбайнаў, на днях чакаецца пастаўка яшчэ дзесяці.
У цэлым на Брэстчыне збожжавыя культуры ўбраны на 47 тысячах гектараў, што складае 14 працэнтаў планавых плошчаў, пры ўраджайнасці 27,5 цэнтнера з гектара. «Гэта ніжэй мінулагодняга, калі было 38 цэнтнераў з гектара. Практычна за ўсю вясну мы атрымалі ад 20 да 70 працэнтаў ападкаў ад нормы. Ёсць раёны, дзе за першыя дзве дэкады чэрвеня практычна наогул не выпадала ападкаў. Гэта дало істотны ўрон», – адзначыў старшыня аблсельгасхарчу Віталій Кулак.
Усяго ад засухі ў рэгіёне пацярпелі пасевы збожжавых на 58 тысячах гектараў. Усе гэтыя плошчы перасейваюцца паўкоснымі пажніўнымі культурамі. «Фактычна ўжо засеяна 28 тысяч гектараў. Плануем паўкоснымі пажніўнымі культурамі засеяць 70 тысяч гектараў, каб аднавіць недабор зялёнай масы», –  сказаў начальнік камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Упаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Міхаіл Мясніковіч на рэгулярнай аснове маніторыць стан спраў у эканоміцы і кадравай палітыцы рэгіёна. Паводле яго слоў, мэта чарговай рабочай паездкі – пераканацца ў тым, наколькі арганізавана ўступаюць сельгаспрадпрыемствы ва ўборачную кампанію, а таксама разгледзець пытанні, звязаныя з праблемнымі гаспадаркамі. Ён адзначыў, што работы ідуць даволі зладжана і ў полі, і на прамысловых прадпрыемствах. Вобласць мае нядрэнныя паказчыкі па выніках паўгоддзя.
«За агульнымі, у прынцыпе, нядрэннымі паказчыкамі трэба больш удзяляць увагі праблемным гаспадаркам. У цэлым па вобласці 60 працэнтаў гаспадарак маюць стабільную, добрую эканоміку. Каля 15 працэнтаў – гэта так званыя сераднякі. І каля 20 працэнтаў гаспадарак маюць дрэнныя фінансавыя паказчыкі. Прычым гэта не здарылася год таму, а мае хранічны характар. Таму намаганні абласных, раённых кадраў трэба накіраваць менавіта на тое, каб аднавіць патэнцыял гэтых гаспадарак і такім чынам дабавіць у цэлым», – сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *