Працуйце на здароўе

Здароўя зычым мы адзін аднаму ў розных выпадках ці сітуацыях. Найперш, і толькі пасля ўжо ў спіс могуць трапіць іншыя словы-пажаданні. Індывідуальна, у залежнасці ад канкрэтна-асабістага ўяўлення аб жыццёвай формуле шчасця. Гэта аснова, базіс, на фоне якога можна гаварыць пра любыя іншыя вяршыні, дасягненні ці каштоўнасці. У тым ліку, і каштоўнасці вытворчага напрамку.

У гэтым годзе трэці ўжо раз у вобласці праводзяцца дні аховы працы. Абласны і «свае» ў кожным з рэгіёнаў Брэстчыны. Не выпадкова, як паведаміла падчас правядзення раённага дня аховы працы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ірына Арабей. Папярэджанне вытворчага траўматызму — важная задача, на рашэнне якой павінны быць накіраваны намаганні органаў улады, наймальнікаў і ўсіх працоўных калектываў.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, аналагічнае абласное мерапрыемства прайшло на належным узроўні. А ў праграме раённага — аналіз сітуацыі ў ТАА «Трансэлектракамплект», СВК «Жарабковічы» і «Шлях новы», ТАА «Ібіра». Удзельнікамі раённага дня аховы працы сталі таксама намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўніцтва і адпаведныя спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Ляхавіччыны, Баранавіцкай міжраённай інспекцыі працы.

Створанае практычна з нуля ў 2003 годзе, ТАА «Трансэлектракамплект» падаецца адным з найбольш эфектыўных прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці раёна. 116 яго работнікаў заняты вырабам злучальных і канцавых муфтаў для ўсіх асноўных тыпаў кабелю на напружанне да 10 тысяч вольт, камплектуючых для тэрмаўсадачных кабельных муфтаў, розных электрамантажных матэрыялаў і інструментаў, іншае. Вытворчасць вызначаецца дастаткова высокім узроўнем механізацыі, умовы працы прыкладна двух дзясяткаў работнікаў характарызуюцца як шкодныя. У тым ліку і прыведзеныя факты патрабуюць асаблівага падыходу, грунтоўнасці ў дачыненні правіл тэхнікі бяспекі, функцыянальнасці санбытпамяшканняў. Па словах дырэктара ТАА Генадзія Сакуця, толькі ў мінулым годзе на мерапрыемствы па ахове   працы бы-ло зрасходавана каля 67 мільёнаў рублёў. Укладанні «чытаюцца», напрыклад, у аздабленні і абсталяванасці бытавых пакояў, гардэробнай. Як заўважыў пазней старшыня райвыканкама, зроблена нямала, аднак, і імкнуцца ёсць куды — да размешчанага побач СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». «Больш таго, — канкрэтызаваў кіраўнік раёна, — у бліжэйшыя 5 гадоў усе прадпрыемствы Ляхавіччыны павінны стварыць для сваіх работнікаў санітарна-бытавыя ўмовы не горшыя, чым на малочным заводзе».

На тэрыторыі «Трансэлектракамплекта» была разгорнута таксама выстава спецыяльнага адзення вытворчасці ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». У якасці  рэзюмэ ад наведвання  ТАА можна прывесці словы Ірыны Арабей: «Вялікая заслуга, што, дзякуючы ўласнай ініцыятыве, столькі зроблена. Ляхавічане атрымалі дзясяткі працоўных месцаў, бюджэт — падаткі».

У якасці аб’екта раённага дня аховы працы СВК «Жарабковічы» абраны другі раз запар. У ходзе леташняга мерапрыемства былі ўзняты шэраг пытанняў і выказаны прэтэнзіі. Што зроблена, ці знойдзена іх вырашэнне? Каб убачыць адказ на ўласныя вочы, удзельнікі раённага дня аховы працы наведаліся на машынны двор гаспадаркі сёлета. І ўбачылі карціну фактычна гадавой даўнасці: душ у памяшканні РММ як адсутнічаў, так і адсутнічае, не было і не з’явілася адпаведна абсталяванага месца для прыёму ежы. «Будзем вырашаць, але галоўнае, было б што, а не дзе есці. У нас жа арганізавана пастаяннае гарачае харчаванне», — заўважыў намеснік старшыні СВК «Жарабковічы» Леанід Варвашэвіч… Абсталяванне душавой у памяшканні рамонтнай майстэрні, на думку апошняга, здаецца немэтазгодным, паколькі літаральна праз дарогу ад РММ знаходзіцца вясковая лазня. Працуе рэгулярна і магчымасць пасля працы памыцца, у прынцыпе, ёсць.

Удзельнікі раённага Дня аховы працы завіталі і на машдвор СВК «Шлях новы». Паглядзелі адпаведны кабінет, як варты ўвагі вопыт адзначылі адмысловасць некаторых вытворча-арганізацыйных момантаў. Наглядны, у літаральным сэнсе, прыклад — карта-схема руху аўтатранспарту. Дастаткова беглага позірку, каб вызначыцца з месцазнаходжаннем таго ці іншага аўтамабіля. Рамонтная майстэрня, хоць і пабудавана больш за чатыры дзясяткі гадоў таму, умяшчае ўсе неабходныя рабочыя зоны і санбытпамяшканні. Аднак, растлумачыў старшыня гаспадаркі Аляксандр Вашчук, з далучэннем колішняга СВК «Флер’янова» рамонтных магутнасцяў майстэрні стала недастаткова. Мяркуецца праекціроўка і будаўніцтва ў наступным годзе новага сучаснага рамонтна-механічнага комплексу.

«Ібіра» — дачка «Лагуны», можна сказаць, паколькі менавіта ў інтарэсах апошняй працуе швейнае прадпрыемства ТАА «Ібіра». Займаюцца вырабам чахлоў для мяккай мэблі. На Ляхавіччыне ўжо некалькі гадоў, а, пачынаючы з мінулага кастрычніка, у прадпрыемства новы адрас. Адно з памяшканняў прамысловай зоны райцэнтра, што не год пуставала, было капітальна адрамантавана, рэканструявана пад патрэбы і стандарты швейнай вытворчасці. У тым ліку і што тычыцца стандартаў аховы працы і функцыянальнасці памяшканняў ці зон санітарна-бытавога прызначэння. Па словах дырэктара Уладзіміра Панцюха, на прадпрыемстве працуюць 67 чалавек. І гэта далёка не поўны штат: «Ібіра» гатова працаўладкаваць яшчэ прыкладна 45 чалавек. Работа «пад заказ», з улікам канкрэтыкі — стратэгія вытворчага таварыства. Развіваецца, і, як заўважыў дырэктар: «Тое, што бачыце — толькі фундамент».

На пленарным пасяджэнні раённага дня аховы працы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень засяродзіла ўвагу на стане работы па ахове працы і сітуацыі з вытворчым траўматызмам у арганізацыях Ляхавіччыны. Начальнік Баранавіцкай міжраённай інспекцыі працы Канстанцін Турыбрын гаварыў прыкладна аб тым жа, аднак, у маштабе рэспублікі, вобласці, асобных рэгіёнаў. Ірына Арабей звярнула, у прыватнасці, увагу на недастатковасць, з яе пункту гледжання, сацыяльнай рэкламы, лозунгаў-напамінаў аб безумоўнасці выканання патрабаванняў тэхнікі бяспекі — не толькі на прадпрыемствах, але і ў горадзе.

Дыпломы Брэсцкага аблвыканкама, віншаванні за другое месца ў сваіх намінацыях па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы атрымалі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ», УП «Ляхавіцкае ПМС» і СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». «Паглядзелі, як павінна быць, як быць не павінна. Стварыць для сваіх работнікаў бяспечныя і камфортныя ўмовы працы — найпершая задача любога кіраўніка. Нічога важней за здароўе няма і быць не можа», — завяршыў раённы дзень аховы працы старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *