Парадак на зямлі і ў бізнесе

Сесія Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў, што адбылася 28 чэрвеня, прадугледжвала двухэтапнасць правядзення.  Галоўнае пытанне, якое разглядалі дэпутаты, — парадак на зямлі і ў бізнесе: «Аб сумеснай рабоце, што праводзіцца органамі самакіравання і зацікаўленымі выканаўчымі і распарадчымі службамі раёна па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, навядзенні парадку на зямлі, зносу старых пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці» і «Аб ходзе выканання праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Ляхавіцкага раёна на 2010-2012 гады». Паглядзелі з выездам на месца, паслухалі, зрабілі высновы.

А пачалі з магазіна райпо «Шчара» ў вёсцы Дарава, які, па сутнасці, уяўляе сабой гандлёвы комплекс. Невялікі ўтульны аб’ект грамадскага харчавання, крамы па групах тавараў. «Бойкае» месцазнаходжанне з’яўляецца не толькі дадатковым патэнцыялам павышэння пакупніцкай цікавасці, але і прымушае трымаць форму: знешнюю, у плане культуры абслугоўвання, таварнай напоўненасці. » У кожнага на тэрыторыі ёсць магазіны, — звяртаючыся найперш да старшынь сельсаветаў і іншых дэпутатаў заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. — І ў кожнага павінен быць такі ж парадак і асартымент».

У названым населеным пункце сесія «прасканіравала» і іншыя   аб’екты мясцовага сацкультбыту, тэрыторыю і памяшканні машыннага двара.

У дзень работы сесіі райсавета ў СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» зернеўборачныя камбайны стаялі на адкрытай пляцоўцы машдвара, вакол іх карпелі механізатары. «У Бярозаўскім раёне пачалі ўбіраць азімы ячмень. Некалькі дзён надвор’я — пойдуць і ў нас. Пасля рапс, зерневыя», — растлумачыў сітуацыю адзін з удзельнікаў сесіі. Так, дарэчы, і здарылася: літаральна праз дзень і іменна «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» стаў фактычна раённым зажыншчыкам.

Конькаўскі маршрут пралягаў па ўзоры папярэдняга і стаў завяршальным этапам ХІІІ выязной сесіі райсавета. Перад тым дэпутаты пабывалі на ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас». Як падкрэслівалася, гадоў тры таму на прадпрыемстве адзначаўся крызіс. Сённяшняя сітуацыя характарызуецца дастатковай стабільнасцю, а аснову вытворчасці складае выраб добра вядомай прадукцыі — коркаў, накрывак. Выраб апошніх у 2011 годзе склаў каля 130 мільёнаў штук і мала што не дасягнуў былога «савецкага» максімуму. Важкую частку сваіх накрывак «Металапластмас» пастаўляе на знешнія рынкі. Сярэдняя Азія —   асноўны экспартны вектар прадпрыемства.

Але, калі вобразна, за фасадам завода знаходзіцца некалькі іншых гаспадарчых структур, якія на арандаваных ці выкупленых у «Метала-пластмаса» плошчах наладзілі сваю вытворчасць. Адну з іх — цэх па вырабе полістырольных пліт аднаго з мінскіх прадпрыемстваў — наведалі дэпутаты і іншыя ўдзельнікі сесіі. Абмежаваны патрэбнасцямі будаўнічага рынку, цэх працуе далёка не на поўную магутнасць. Вы-творчасць забяспечваюць жыхары нашага рэгіёна, што, канешне, безумоўны плюс. Аднак, і на гэта звярнула ўвагу кіраўніцтва раёна, заметнасць яго значна ўзрасла б у выпадку рэгістрацыі прадпрыемства ў Ляхавічах. Гэту акалічнасць падкрэсліў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.

Адносна пытанняў парадку на зямлі сесія адзначыла недастатковасць работы сельскіх Саветаў у гэтым накірунку. У прыватнасці, не ў поўнай меры выкананы планы мерапрыемстваў у рамках месячніка па добраўпарадкаванні, азеляненні і навядзенні парадку на тэрыторыях населеных пунктаў сельсаветаў. Старшыні сельвыканкамаў не заўсёды эфектыўна арганізоўвалі гэту работу. Даўняя мясцовая праблема  — недастатковая актыўнасць у заключэнні дагавораў на вываз смецця з індывідуальнымі домаўладальнікамі. У сярэднім па раёне працэнт дамоўленасці на гэтую паслугу крыху не дасягае 70. У той час як аналагічны сярэднеабласны паказчык складае 97 працэнтаў. Куды і як утылізуе свае бытавыя адходы амаль трэць нашых землякоў, тлумачэння, думаецца, не патрабуе.

Дадаткова стымуляваць дзелавую актыўнасць насельніцтва, апроч іншага, заклікана і праграма дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Ляхавіцкага раёна, зацверджаная рашэннем райсавета. Аб ходзе выканання яе палажэнняў дэпутатам далажыў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны — у лічбах і канкрэтных фактах. Прагучала, напрыклад, што вызначанае на 2011 год праграмай павелічэнне да 34 працэнтаў удзельнай вагі суб’ектаў прадпрымальніцтва ў агульным              аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна ў рэальнасці склала 42,8 працэнта ў фактычных цэнах. А замест прагнозных 10,8 працэнта, доля работнікаў у сферы прадпрымаль-ніцтва ад колькасці занятых у народнай гаспадарцы склала 12,1 працэнта. Чаму, безумоўна, паспрыяла значнасць работ па лібералізацыі ўмоў вядзення эканамічнай дзейнасці.

Як і дзяржава ў цэлым, раённыя ўлады суб’ектам прадпрымальніц-тва аказваюць важкую падтрымку: інфармацыйную, маёмасную, фінансавую і іншае. Было б жаданне, схільнасць да заняткаў бізнесам, веды і ўменні, настойлівасць, мэтанакіраванасць — і цалкам верагодна стаць сваім у дзелавых колах Ляхавіччыны. Прыклад найбольш эфектыўных прыватных структур раёна можа служыць таму пацвярджэннем: прыватнае прадпрыемства «Аўтацэнтр «Вікторыя», прыватнае прадпрыемства «Гандлёвы дом «Уладзімір» і фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс», ТАА «Транс-электракамплект», СТАА «Інтэрлак», ТАА «Ляхавічыдрэў»,  ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас», фермер-скія гаспадаркі «Даманскае» і «Улазавічы», ТАА «Ібіра».

Іван КАВАЛЕНКА

One thought on “Парадак на зямлі і ў бізнесе

  • 09/07/2012 в 20:28
    Permalink

    В общем, все у нас в районе в порядке. Процветаем. Ура, товарищи)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *