Мужыкі

Фота з архіва «ЛВ»

Дзяўчынкі гуляюць у лялькі, хлопчыкі – у вайнушку. Дзяўчынкі люляюць сваіх міргаючых неверагоднымі павейкамі дачушак, хлопчыкі перамагаюць ворагаў – Змея Гарыныча, пачварных монстраў, вампіраў, фашыстаў і крычаць так, што закладае вушы: мы перамаглі! перамаглі! мы, мы, мы!..
І потым усё жыццё вырасшыя дзяўчынкі застаюцца захавальніцамі сямейнага ачага, а ўчарашнім хлопчыкам, што сталі дарослымі, незалежна ад месца іх работы, пасады, інтарэсаў, наканавана быць абаронцамі. У мужчынскім асяроддзі той, хто не нюхаў пораху (чытай, не служыў у арміі), не тое, што з заганай, але з нейкім непатрэбным шматкроп’ем. Калега з гатоўнасцю ўдакладніла: калі была школьніцай, пачула ад ваенрука, маўляў, не сябруй з хлопцам, калі ён не насіў салдацкую форму. Сцвярджэнне надзвычай прамалінейнае, у нейкім сэнсе спрэчнае і як правіла мае нізку выключэнняў, аднак рацыянальнага зерня не пазбаўлена і выразна падкрэслівае, як многа значыць у асобе мужчыны яго армейская біяграфія.
…Сёлета ў лютым-маі праходзіў чарговы вясенні прызыў. Як заўсёды, былі павесткі і медкамісія (дарэчы, вельмі не шкодзіла б ўсім без выключэння хлопцам-будучым салдатам усур’ёз павярнуцца тварам да правільнага ладу жыцця – гэта не толькі постаць паляпшае, мышцы накачвае, але, галоўнае, здароўя дабаўляе. А то, на жаль, па выніках медабследавання прызыўнікі даволі часта прызнаюцца абмежавана годнымі ці наогул не годнымі па стане здароўя да службы ва Узброеных Сілах). Былі і развітанне ля ваенкамата, перабор струн гітары і шчымлівыя гукі баяна, слёзы ў маміных вачах і ў вачах самай лепшай у свеце дзяўчыны, адпраўка ў войска. Потым казарма, плац, вучоба, заняткі, курс маладога байца, прысяга, вучэнні.
Усё як заўсёды – хвалююча і звычайна, непаўторна і прывычна. Стрыжаныя «пад ноль» юнакі з усмешкай басілі ля ваенкамата словамі песні: адслужу, як трэба, і вярнуся. Прадзед ваяваў на фронце ў Вялікую Айчынную, дзед нарадзіўся пасля вайны, бацька – «сямідзясятнік» з мінулага стагоддзя таксама служылі ў войску, і вось самаму маладому з роду прыйшоў час стаць абаронцам Радзімы. Падзея для яго, для сям’і, для сяброў, для краіны. Абавязак? Так. Гонар? Безумоўна. Экзамен на вартасць? Адназначна. Затое дамоў вяртаюцца сапраўднымі мужчынамі, надзейнымі і моцнымі, з трывалымі поглядамі на жыццё і сваё месца ў ім. Таму што яны – абаронцы. Таму што яны – мужыкі. Гэтым усё сказана.
І як жа незразумела, абуральна, нават страшна, што, няхай і ў нешматлікім варыянце, але ёсць маладыя і прыгожыя, хто так не лічыць, хто хаваецца ад прызыву, у тым ліку недзе за межамі Беларусі. Называюць такіх пагардлівым словам – ухіленцы. Гэта як схавацца за чужой спіной, гэта як не пачуць просьбу мамы аб дапамозе, гэта як не абараніць сваіх дзяцей, якія некалі з’явяцца на свет… А яшчэ ёсць адказнасць па законе.
Прыехаў на пабыўку салдат тэрміновай службы. За той год, што ён у арміі, змяніўся непазнавальна. Пасталеў, канешне. Разважае «за жыццё» – заслухаешся.
А другі наш зямляк Яўгеній Жарскі сваім уласным прыкладам паказаў і даказаў: у жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Менавіта радавы Жарскі з саслужыўцам Дзмітрыем Страчуком выратавалі адзін аднаго, калі пры скачку з парашутам купал аднаго з іх “пагас”.
…Хлопчыкі становяцца мужчынамі не тады, калі дасягаюць пэўнага ўзросту, а тады, калі бяруць на сябе адказнасць дзяжурыць па міры. І на дзяжурстве гэтым кожны з іх – за сябе і за таварыша. І за сваіх самых родных, дарагіх і блізкіх, якія чакаюць салдата дома.
Вольга БАРАДЗІНА.

Мужыкі: 1 комментарий

  • 26/07/2018 в 15:16
    Permalink

    Адным словам, мужыкі! Такімі вяртаюцца хлопцы з арміі. Падмечана трапна. Прачытала ў газеце, што будзе створана рота інфармацыйных тэхналогій.Цікава, ці будуць там служыць ляхавічане. Хацелася б даведацца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *