Пра нерухомасць, кветкі і электронныя пераводы

Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаюць беларускія падаткавікі. Напярэдадні Дня работнікаў падатковых органаў чарговую «прамую тэлефонную лінію» з жыхарамі раёна правёў начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне Анатолій ЖАБІК. Адказы на шэраг пытанняў, якія прагучалі падчас «прамой лініі», магчыма, зацікавяць і іншых нашых землякоў.

— Я пенсіянер. Збіраюся выкарыстоўваць свой дом для аграэкатурызму. Мяне цікавіць, ці трэба будзе плаціць за дом падатак на нерухомасць, калі ў ім, акрамя мяне, зарэгістраваны і мае сыны?

— Дзейнасць фізічных асоб па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму не з’яўляецца прадпрымальніцкай. Таму будынкі і збудаванні, што выкарыстоўваюцца для гэтых мэт, вызваляюцца ад падатку на нерухомасць, калі належаць пэўным катэгорыям асоб: пенсіянерам па ўзросце, інвалідам І і ІІ групы, іншым непрацаздольным грама-дзянам пры адсутнасці працаздольных асоб, якія пражываюць сумесна (або лічыцца, што пражываюць сумесна). Калі вашы сыны працаздольныя, падатак на нерухомасць давядзецца плаціць.

— У пачатку года я атрымала на мой вэб-кашалёк (webmoney) некалькі пераводаў. Ці трэба паказваць гэтыя паступленні ў дэкларацыі аб даходах? І яшчэ мяне цікавіць, ці можна заплаціць зямельны падатак праз webmoney?

— Калі пераводы атрыманы ў выніку дарэння ад фізічных асоб, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і агульная сума пераводаў на працягу падатковага перыяду не перавышае 26,5 мільёна рублёў, то такія даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб, а прадастаўленне дэкларацыі не патрабуецца.

Што датычыць выплаты падаткаў пры дапамозе электронных грошай, сёння гэта заканадаўствам не прадугледжана. Заплаціць падатак можна праз інфакіёскі Беларусбанка.

— Летась я набыла кватэру — другую за 5 гадоў. А зусім нядаўна даведалася, што ў такім выпадку неабходна заплаціць падатак на нерухомасць. Мне яго налічаць з улікам прапушчанага года? І ў якім памеры?

— З моманту набыцця другой кватэры вы з’яўляецеся плацельшчыкам падатку на нерухомасць з адной з кватэр — па вашым выбары. Падатак выплачваецца па стаўцы 0,1 працэнта ад ацэначнага кошту выбранай вамі кватэры. Для мэт вылічэння падатку на нерухомасць пад увагу прымаецца ацэначны кошт, вызначаны ўпаўнаважаным органам па стане на  1 студзеня года, за які  выплачваецца падатак.

— Жыву ў доме,  які застаўся мне ў спадчыну. Да гэтага часу не магу аформіць яго ва ўласнасць, бо судзімся з іншымі нашчадкамі. А падаткі на зямлю і на нерухомасць прад’яўляюць да аплаты. Але ж я не ўласнік, на якіх падставах у мяне патрабуюць іх заплаціць?

— Згодна Грамадзянскага кодэкса, спадчыннік, які прыняў меры да захавання маёмасці, лічыцца ўступіўшым у спадчыну. У гэтым выпадку падатак на нерухомасць прад’яўляецца такому чалавеку, нягледзячы на тое, што на спадчыну прэтэндуе некалькі чалавек.

Што датычыць зямельнага падатку, то, паколькі дакументы яшчэ не аформлены, яго плацельшчыкам з’яўляецца фізічная асоба, якая непасрэдна карыстаецца зямельным участкам. Калі пазней спадчыннікам будзе прызнана іншая асоба, то, пачынаючы з моманту адкрыцця спадчыны, падатак на нерухомасць і зямлю ў дачыненні згаданай маёмасці будзе прад’яўлены менавіта ёй. Асобе, што плаціла падаткі да гэтага моманту, ва ўстаноўленым парадку падаткі будуць вернуты.

— Я пенсіянерка, ветэран працы. Зрэдку, каб падзарабіць, прадаю кветкі. Сёлета з мяне запатрабавалі аплаціць падатак у памеры за 2 дні 20 тысяч рублёў. Але я магу і не прадаць на такую суму! Я ж не займаюся перапродажам кветак. Чаму пенсіянерам, для якіх продаж кветак не з’яўляецца пастаянным заняткам, не даюцца льготы?

— У адпаведнасці з заканадаўствам, ад аплаты адзінага падатку вызваляюцца фізічныя асобы, якія рэалізуюць прадукцыю раслінаводства за выключэннем кветак і насення кветак. Таму грамадзяне, якія нават разава рэалізуюць кветкі на гандлёвых месцах на рынках, з’яўляюцца плацельшчыкамі адзінага падатку.

Стаўка адзінага падатку па згаданым відзе дзейнасці ў Ляхавічах складае 330000 рублёў. У выпадку, калі продаж кветак на гандлёвых месцах на рынках ажыццяўляецца менш за 3 дні ў месяц, то стаўка адзінага падатку змяншаецца ў 5 разоў. Акрамя таго, для асоб, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, стаўка адзінага падатку зніжаецца яшчэ на 20 працэнтаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *