З зямлі вырастае – паўсвету апранае

Вядучы аграном ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Мікалай Герасімовіч, машыністы льноцерабілак Віктар Верамей і Аляксандр Цэменя.

Сярод прымавак, прыказак, трапных выразаў пра лён ёсць і такая. І свет аматараў убораў з ільну – экалагічнага, практычнага, зручнага – пашыраецца

Карціна года

Акрамя рынкавай запатра-баванасці, лён і сам з’яўляецца вельмі патрабавальнай культурай. Да зямлі, на якой расце, да людзей, якія яго вырошчваюць, да ўмоў надвор’я і іншага. У ранне-сярэдняй фазе вегетацыйнага перыяду – май і пачатак чэрвеня – даўгунцу асабліва неабходна вільгаць. Гэта эліксір, які пры ўмове захавання ўсіх фактараў фарміравання ўраджайнасці, нібы дрожджы цеста, падымае расліны ў рост. Сёлета на згаданым адрэзку часу палеткі – і не толькі льняныя – пакутавалі ад смагі, што не лепшым чынам адбілася на ўраджаі. Ільняныя палеткі галоўнага ў раёне сейбіта і першаперапрацоўшчыка культуры ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» (а гэта 2150 гектараў) таксама адчулі неспрыяльныя акалічнасці, тлумачыць сітуацыю вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч.
Асобныя з участкаў выглядаюць дастаткова здаровымі. Выраслі няхай і не да метровай вышыні – падняліся дастаткова роўна і маюць параўнальна аднолькавую афарбоўку. А значыць і аднолькавую на ўсёй сваёй даўжыні і шырыні фазу спеласці. Але, на вялікі жаль, так не ўсюды. Каля васьмі соцень гектараў на заводскай карце пасеваў маюць іншы выгляд. Пляма ці паласа пажухла-спелая чаргуецца з паласой-плямай падкрэслена зялёнай. Сакрэт «камуфляжу», як растлумачыў спецыяліст, у недахопе вільгаці ў перыяд інтэнсіўнай вегетацыі. У лагчынах, заніжаных, нізкіх месцах, дзе вады затрымліваецца больш, лён сфарміраваўся, выйшаў у фазу ўборачнай гатоўнасці, а на ўзгорках пасевы «драмалі», кардынальна адсталі ў росце ад «суседзяў». Дажджы апошняй фазы чэрвеня запусцілі іх у рост. Таму і давялося назіраць дастаткова незвычайнае, калі адзін участак поля пажаўцеў ужо і гатовы да ўборкі, другі, у літаральным сэнсе, цвіце і пахне. На такім кантрасце і даводзіцца ў гэтым сезоне працаваць ільнаводам.

Мехатрад

Гэта іх клопат – падрыхтоўка глебы, сяўба, многаэтапны догляд і двойчы ўборка льну. Чаму двойчы? Другая – калі на той момант ужо траста звозіцца з поля. Першая ж уборка называецца церабленнем, і зараз іменна яе час. Завадчане паспелі ўжо выцерабіць больш за паўтысячы гектараў ільну – намаганнямі мехатрадаўцаў Уладзіміра Маслоўскага, Мікалая Туціна, Ігара Страмавуса, Станіслава Шпака, Віктара Верамея, Аляксандра Цэмені. На мінулым тыдні машыністы церабілак працавалі непадалёку ад вёскі Федзюкі на не самым горшым у сёлетняй сітуацыі полі. Справа рухалася хутка. Кавалак у 53 гектары беспраблемна мусіў быць убраны ў той жа дзень. А новы дзень – і новыя старыя клопаты.
Дарэчы, з завяршэннем цераблення кожны з названых машыністаў ЦСЛ-2.4 зменіць тэхніку, і палявая эпапея працягнецца. Каб лён стаў трастой, павінна быць праведзена не менш за 5-6 спецыяльных тэхналагічных аперацый. Патрэбны вытрымка па часе, шчодрыя росы. І іншае, акрамя дажджу, які на той стадыі ўжо не саюзнік.
Механізаваны атрад завода налічвае больш за два дзясяткі чалавек. На самай вяршыні гарачага сезона прыходзяць пазаштатнікі, якія, як правіла, садзяцца за штурвал ільноабарочвальнікаў. Некаторыя з іх спецыяльна пад гэта «выгадваюць» свае працоўныя водпускі. З году ў год прыходзяць найчасцей адныя і тыя ж людзі. Розныя па асноўных прафесіях, усе яны на некалькі тыдняў гарачага сезона становяцца льнаводамі. Дапамагаюць заводу. І сабе – матэрыяльна.

ФАКТ

Сёлета нашы льнозавадчане вырошчваюць чатыры сарты даўгунцу: «алізэ» і «араміс» родам з Францыі, «васілёк», «грант» з’яўляюцца прадуктамі айчыннай селекцыі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *