Сухая статыстыка. Сабраць і захаваць кожнае зярнятка – важная задача, што стаіць перад аграрыямі. Яе выкананне залежыць і ад стабільнай работы сушыльнай гаспадаркі сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны

На сезон уборкі і электрык ДП «Нача» Ігар Дараневіч кваліфікуецца ў старшыя машыністы зернесушылкі.

Мінуў ужо некаторы час, як раён вывеў на палеткі збожжаўборачныя камбайны. Больш тыдня назад зажынкі далі афіцыйны старт хлебнай кампаніі, аднак, не разагналі дажджавыя хмары. Ад такой «паслугі» аграрыі, канешне ж, не адмовіліся б, былі рады працаваць ва ўмовах спрыяльнага надвор’я. Гэта – тэмпы і якасць уборкі, яе эканоміка. Пакуль жа працаваць даводзіцца, выгадваючы ў прыроды адносна сухія гадзіны часу. Як працяг, і зерне, што паступае з палёў на зерняток, сухім з’яўляецца адносна і патрабуе штучнай дапрацоўкі.
Пад рашэнне гэтай задачы гаспадаркі раёна гатовы задзейнічаць 24 стацыянарныя зернесушыльныя комплексы. Пабудаваныя ў розныя, часам досыць далёкія гады, розных марак і мадыфікацый, шырокага спектра прадукцыйнасці. Спецыялізаваныя магутнасці ААТ «Жарабковічы» фарміруюць пяць ЗСК, у «Шляху новым» – чатыры, у райаграсэрвісе і «Начы» па тры падобнага кшталту аб’екты. Для дзясятка з іх крыніцай цяпла служаць мясцовыя віды паліва – дровы, як правіла. Асобныя з сушылак завязаны на спажыванне газу, некаторыя –   пячнога паліва. Акрамя таго, сушыльны парк шэрагу нашых сельгаспрадпрыемстваў дапаўняюць мабільныя агрэгаты. У «Ляхавіцкім» іх два, ёсць у «Шляху новым» і райаграсэрвісе. І, як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, усе яны гатовы ўключыцца ў работу.
Больш таго, многія ўключыліся і вядуць ужо рахунак высушаным тонам зерня. У мінулы панядзелак у ДП «Нача» быў задзейнічаны кожны з трох наяўных ЗСК. Адзін з іх працаваў з насеннем рапсу, два скідвалі вільгаць з зерня пшаніцы. Скідваць ёсць што: як расказаў дырэктар прадпрыемства Мікалай Тарлюк, з палетка насенне рапсу «прыходзіць» з прыкладна 15-працэнтным паказчыкам вільготнасці. Каб дабіцца на выхадзе стандартных шасці – неабходна папрацаваць. Па пшаніцы, а гаспадарка засяроджана зараз на ўборцы азімага варыянту культуры, сітуацыя наступная: з прыкладна 27 бункерных працэнтаў вільготнасці даводзіцца скідваць больш за палову – да 13 складскіх. Работа вядзецца ў дзве змены, з гатоўнасцю ў любы момант перайсці на самы жорсткі вытворчы графік. Аднак – дажджы, якія не дазваляюць «перазагрузіць» тэмпы жніва на максімальныя абароты. У «Начы» стараюцца выкарыстаць кожны спрыяльны для ўборкі час. Атрымліваецца літаральна па адной-некалькі гадзін на дзень, як адзначыў кіраўнік прадпрыемства.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *