Вашы лепшыя запасы. «Ляхавіцкі веснік» прапануе падборку правераных рэцэптаў

Лета дадае клопату гаспадыням. Акрамя іншага, трэба не спазніцца з закаткамі, каб узімку частаваць сям’ю і сяброў самым смачным варэннем, арыгінальнымі марынадамі і традыцыйнымі саленнямі.
Каб дапамагчы нашым чытачкам   вызначыцца з выбарам «меню», прапануем падборку апрабаваных рэцэптаў, што атрымалі высокую ацэнку не толькі ад тых, хто іх гатаваў, але і ад тых, хто каштаваў.

Сваімі любімымі рэцэптамі падзялілася з «ЛВ» ляхавічанка Лілія Гілеп.

Агуркі ў французскай гарчыцы

Агуркі падрыхтуйце як звычайна. Лепш браць невялікія, прыкладна аднолькавага памеру. Прастэрылізуйце літровыя слоікі, пакладзіце ў іх кроп, хрэн, часнок, агуркі.
Прыгатуйце марынад. На 4 літровыя слоікі спатрэбіцца 1,5 л вады, 2 ст. л. солі, шклянка цукру, 2 ст. л. зярнятак гарчыцы, 150 г воцату.
Марынад закіпяціце, заліце ў слоікі і стэрылізуйце 10-15 мінут.

Агуркі без цукру

У стэрылізаваны трохлітровы слоік пакладзіце агуркі: уніз – большыя, зверху – маленькія. Дадайце прыправы па смаку: хрэн, лісце парэчкі, вішні, кроп, часнок, чорны перац-гарошак.
Заліце кіпенем на 10 мінут, зліце. Паўтарыце. На трэці раз заліце расолам. Яго гатуюць так: у злітую апошні раз ваду дадайце 3 ст. л. солі, закіпяціце. Прама ў слоік дадайце 75 г 9-працэнтнага воцату. Закатайце.
Агуркі захоўваюцца добра. Смак – выдатны.

Варэнне вішнёва-малінавае

Прапорцыі ягад – адвольныя. З вішні выдаліце костачкі. На 1 кг вішнёва-малінавай масы – 800 г цукру. Давядзіце да кіпення, здыміце пенку. Выключыце. Так паўтарыце
тройчы. Разліце па стэрылізаваных слоіках і закатайце. Узімку такое варэнне сагрэе смакам і водарам лета.

Агуркі «Лотаўскія»

На дно трохлітровага слоіка пакладзіце па 2-3 лісцікі чорнай парэчкі, вішні, лаўровага ліста, хрэну, 2-3 зубкі часнаку (можна стрэлачкі), 4-5 гарошын перцу.
Укладзіце агуркі. Заліце кіпенем, настойце 10-15 мінут, паўтарыце яшчэ раз. На трэці заліце кіпячым расолам (на 5 літраў вады па 1 шклянцы цукру, солі, 9-працэнтнага воцату). Заліце, закатайце, перавярніце, ухутайце.

Кабачкі «Хрызантэма»

Спатрэбіцца: 2 кг кабачкоў, 200 г пятрушкі, 200 г часнаку.
Марынад: 0,5 л вады, шклянка цукру, шклянка алею, 4-5 гарошын духмянага перцу, 3 ст. л. солі, 0,5 шклянкі 6-працэнтнага воцату.
Кабачкі ачысціце, нарэжце паўкольцамі як мага танчэй і шчыльна ўкладзіце ў эмаліраваную каструлю, праслойваючы здробненай пятрушкай і часнаком.
Заліце кіпячым марынадам і пастаўце пад гнёт на суткі. Затым раскладзіце ў падрыхтаваныя слоікі, стэрылізуйце 15-20 мінут і закатайце. Закуска гатова!

Свой правераны рэцэпт прапануе Марыя НЕСЦЯРОВІЧ, г. Баранавічы.

Агуркі салёныя
На дно трохлітровага слоіка пакладзіце некалькі лістоў чорнай парэчкі, пару парасонікаў кропу, корань хрэну (калі няма, пойдзе і лісце), 2-3 зубкі часнаку. Раскладзіце агуркі. Усыпце 100 грамаў солі, па сталовай лыжцы цукру і сухой гарчыцы (можна і без яе) і заліце ўсё вадой (з-пад крана ці калодзежнай). Разагрэйце капронавую накрыўку і закрыйце слоік, перавярніце яго пару раз, каб растварылася соль. Пастаўце нарыхтоўку на захоўванне ў халоднае месца.
Можна засаліць агуркі па-іншаму. Гэты спосаб падыдзе тым, у каго няма склепа ці іншага халоднага месца – агуркі-трохдзёнкі. Інгрэдыенты тыя ж – соль, вада і травы, але слоікі з агуркамі пакідаюць для закіслення на тры дні. За гэты час агуркі зменяць колер, на паверсе расолу з’явіцца пена. Будзьце гатовы да таго, што агуркі падчас браджэння трохі асядуць – утворыцца свабоднае месца. Можна будзе расфарміраваць адзін слоік і дакласці ў іншыя. Расол зліць у каструлю і закіпяціць. Агуркі ў гэты ж час абдаць чыстым кіпенем і праз 5-7 мінут яго выліць. У слоік дадаць лыжку цукру і заліць агуркі кіпячым расолам. Закатаць і ўхутаць.

А гэты рэцэпт шмат гадоў паспяхова выкарыстоўваюць многія рэдакцыйныя гаспадыні. Усе, хто каштаваў, згаджаюцца: смачна.

Смачная незаморская ікра

Спатрэбіцца: 3 кг кабачкоў (ачышчаных, без насення), 0,5 кг цыбулі, 250 г маянэзу, 300 г таматнай пасты, 150 г алею, 0,5 шклянкі цукру, 2 ст. л.
солі, 0,5 ч. л. молатага перцу, 1 лаўровы ліст.
Цыбулю і кабачкі прапусціце праз мясарубку. Дадайце маянэз, таматную пасту, алей. Перамяшайце і варыце гадзіну. Дадайце цукар, соль, перац, лаўровы ліст і варыце яшчэ гадзіну. Дастаньце лаўровы ліст, гарачую ікру раскладзіце па слоіках, закатайце.

ПАВАЖАНЫЯ ЧЫТАЧЫ! Дасылайце  і вы свае рэцэпты. Усе будуць змешчаны з указаннем вашага  прозвішча тут, на сайце. Можа ў вас маюцца фота вашых нарыхтовак? Будзем ім вельмі рады!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *