Нам засталася спадчына

Што прыходзіць на памяць, калі вы чуеце словазлучэнне «беларуская літаратура»? Адным з першых у асацыятыўным радзе будзе, несумненна, Янка Купала. Класік прыгожага пісьменства. Народны паэт — не толькі па высокім званні, але і па сутнасці. Той, хто сваім словам натхняў, заклікаў, прымушаў спадзявацца і верыць, плакаць ці смяяцца. Той, без чыіх твораў сёння нельга ўявіць школьную праграму і тэатральны рэпертуар. Той, без каго наогул нельга ўявіць беларускую літаратуру.

Шчымліва-лірычныя і патрыятычныя вершы, такія розныя па характары, стылі і настроі «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо», захапляючыя чытача «Курган», «Магіла льва» і «Бандароўна»… На творах Купалы вырасла не адно пакаленне беларусаў.

Кукавала зязюля

У зялёным лесе,

Гадавала матуля

Дачушку Алесю…

Гэта — з глыбокага дзяцінства і пазнаецца па першых радках. Разам з незнаёмай дзяўчынкай Алесяй многія хацелі паляцець на самалёце і скакаць з парашутам. Не ўсе дзіцячыя мары спраўдзіліся. Але ад верша па-ранейшаму цёпла і светла, і хочацца паляцець. І здаецца, нібы за спіной выраслі моцныя і на-дзейныя крылы.

Песняй вясны лебядзінаю,

Скінуўшы зімнія чары,

Шэпчуцца явар з калінаю

Ў сумнай даліне над ярам…

А гэта — са значна больш позніх, але вельмі блізкіх і любімых. Купалаўскія радкі душа просіць не чытаць, а спяваць — разам з «Песнярамі». Як, дарэчы, і наступныя:

Я буду маліцца і сэрцам,

і думамі,

Распетаю буду маліцца

душой,

Каб чорныя долі

з мяцеліцаў шумамі

Ўжо больш не шалелі

над роднай зямлёй…

І разам з Купалам усім сэрцам просіш у нябёсаў для сваёй зямлі і свайго народу міру, дабра, Божай спагады. І яшчэ больш любіш, і яскрава разумееш, што няма лепшай зямлі, чым тая, на якой мы жывем.

Ад прадзедаў спакон вякоў

мне засталася спадчына…

Гэта таксама хрэстаматыйныя радкі, якія ведае кожны школьнік і той, хто калісьці быў ім, — Купалаўская «Спадчына».

І якое гэта шчасце — мець дачыненне да бясцэннай спадчыны, што пакінуў пасля сябе Купала. Быць яе чытачом, слухачом, гледачом.

Сёння Паэту — 130 гадоў. Юбілей адзначае ўся Беларусь. І вельмі сімвалічна, што ў нашай краіне менавіта год 130-годдзя Купалы і Коласа абвешчаны   Годам кнігі.

Няма магчымасці пабываць у Купалаўскіх запаведніках — у «Вязынцы» ці «Ляўках»? Вазьміце з паліцы томік з вершамі Купалы. Далучыцеся да роднага слова.

Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *