Рэзюмэ на камбайнера. На жніве працуюць кадры адказныя і надзейныя

Кожнае лета аграрыі здаюць жніўны экзамен.  Для гэтага іспыту падбіраюцца кадры адказныя і сумленныя. Бо на ўборачным маршруце ад стараннасці кожнага работніка залежыць агульны вынік.

Сёлета на хлебных палетках раёна шчыруюць 70 збожжаўборачных камбайнаў, каля 100 аўтамабіляў на адвозцы зерня, задзейнічаны 24 стацыянарныя зернесушыльныя комплексы, маецца 6 перасоўных. Тэхніка ў гатоўнасці, але нават у век тэхналогій хлебаробы ў многім залежаць ад надвор’я, якое, у тым ліку, вырашае, калі выходзіць у поле.

Самы сур’ёзны мехатрад у ААТ «Жарабковічы». Тут на жніве заняты 16 камбайнаў КЗС у некалькіх мадэльных варыяцыях і «Ліда». Меха-нізатары надзейныя і ў большасці вопытныя, калі трэба – на месцы ўхіляць тэхнічныя непаладкі.
У маладзёжнага экіпажа Георгія Жука і Аляксандра Навумчыка на хлебны час месца працы – КЗС-1218. Для механіка і трактарыста-машыніста такая «падпрацоўка» толькі на карысць вопыту. Аляксандр на сёлетнім жніве – піянер. Як і аператар зернесушыльнага комплексу Ілья Касцюк. Яшчэ мінулым летам ён быў навучэнцам Слуцкага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа, а сёння – працаўнік вялікага калектыву аднаго  з перадавых сельгаспрадпрыемстваў. Дзмітрый Дыдышка ў паўсядзённым жыцці – аграном мясцовай гаспадаркі, а на ўборку перасаджваецца на камбайн, прымае непасрэдны ўдзел у заключным этапе жніўнага марафону.
Можна сказаць, цалкам падпарадкавана жніўным патрэбам жыццё СВК «Ляхавіцкі». 8 экіпажаў, штат вадзіцеляў, аператары зернесушыльнага комплексу, інжынерная, бухгалтарская службы і іншыя – раўнадушных і абыякавых няма. Побач з вопытнымі калегамі ўпэўнена працуюць маладыя.
У «Начы» з чатырох экіпажаў два – сямейныя. Разумеюць адзін аднаго без слоў родныя браты Віталій і Сяргей Васюкевічы, стрыечныя Аляксандр і Міхаіл Пятроўскія. Аляксандр, дарэчы, спецыяльна бярэ ў летні час водпуск, каб сесці за штурвал камбайна, а Міхаіл будзе толькі спасцігаць хлебаробскую навуку. У маладзёжным начаўскім экіпажы Раман Голя за старэйшага. Яго памочнік Уладзіслаў Купрыш сумяшчае механізатарскую працу ў гаспадарцы з завочнай вучобай у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.
Яўгеній Генеральскі сёння аператар зернесушыльнага комплексу, а па-за жнівом – жывёлавод. Арцём Сялецкі толькі размеркаваўся ў гаспадарку пасля заканчэння каледжа, але на работу настроены сур’ёзна. Тут вадзіцелем працуе бацька – трэба адпавядаць.
Каб зжаць збожжавы клін ААТ «Шлях новы» – без малога 3000 гектараў, – сілы патрабуюцца значныя. На полі – 14 зладжаных экіпажаў хлебаробаў, сярод іх хоць і маладыя, але вопытныя экіпажы Міхаіла Дзядовіча і Анатолія Дземідовіча, а таксама Аляксандра Дзядовіча і Рамана Станчыка. Будуць нараўне з калегамі паказваць падчас уборкі клас на МАЗах маладыя вадзіцелі Аляксей Васілеўскі і Яўгеній Кушнярэвіч. У «Шляху новым», як і ў іншых, арганізавана работа звенняў па скірдаванні, падборцы і адвозцы саломы, рамонце і абслугоўванні тэхнікі і іншыя.
У ЗТАА «БелДан» жніўны аўтапарк прадстаўлены камбайнамі «Нью Холанд» і КЗСамі, а таксама трактарамі «Кейс Магнум». Як і ў мінулыя гады, камбайнеры абыходзяцца без памочнікаў. Шчыраваць на ўгоддзях гаспадаркі сёлета будуць чатыры механізатары, на адзвозцы зерня не першы год задаюць тэмп Аляксандр Азарчык і Сяргей Гутырчык.
Па графіку ў «Белпрампрыборы» ўборка трыцікале. Пасля надыдзе чарга пшаніцы, ячменю і г.д. Работай заняты тры экіпажы, у складзе якіх і мясцовыя працаўнікі, і, як іх называюць, прыцягнутыя. Старшыя камбайнеры Аляксандр Дубіна і Міхаіл Зубік справу сваю ведаюць выдатна, не шкадуюць добрых слоў і каштоўных парад маладым калегам. Камбайнер Віталій Лойка якраз з навічкоў – пасля заканчэння Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа пачаў працоўную біяграфію ў «Белпрампрыборы».
Па жніўным раскладзе жывуць гэтымі днямі і ў «Востраве-Агра», «Тальмінавічах», райаграсэрвісе і «Ліпнянцы». Ва ўсіх адна задача – правесці ўборку не толькі аператыўна, але і якасна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

У ТЭМУ
Першы экіпаж-тысячнік на ўборцы ўраджаю-2018 з’явіўся на Брэстчыне. Перадавікі жніва – сямейны экіпаж Валерыя і Таццяны Кухтаў – працуюць у ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *