Прафесія з цвёрдым характарам. 25 ліпеня — Дзень пажарнай службы

Начальнік ПАВП № 11 Сяргей Зянько, вадзіцель Генадзій Хмарук, камандзір аддзялення Генадзій Чаранкевіч.

Пажарны – прафесія не для кожнага, хутчэй – для выбраных. Людзей моцных фізічна і духам, самаадданых, са спагадлівым сэрцам і цвёрдым характарам. Яны, не задумваючыся, кінуцца ў палаючы дом, будуць рызыкаваць сабой, каб выратаваць жыццё іншага чалавека.

Напярэдадні прафесійнага свята выратавальнікаў карэспандэнт «ЛВ» наведаў пажарны аварыйна- выратавальны пост №11 у аграгарадку Ліпск.

На баявое дзяжурства з васьмі да васьмі сёння заступіла змена №1. Дарэчы, цікавы прафесійны тандэм, у якім гарманічна сумяшчаюцца вопыт і жа-данне авалодаць усімі нюансамі выратавальнай справы: камандзір аддзялення Генадзій Чаранкевіч і вадзіцель Генадзій Хмарук. І хоць узрост 23-гадовага Хмарука ўдвая меншы за яго старэйшага напарніка, гэта ні кроплі не ўплывае на якасць работы.
– Мне пашчасціла працаваць побач з такім надзейным чалавекам, мець магчымасць вучыцца ў Генадзія Іосіфавіча. Паспеў упэўніцца, што адчуванне таварыскага пляча, сябра-калегі побач надае ўпэўненасці ў дзеяннях, – расказвае Генадзій Хмарук.
Штодня выратавальнікі шліфуюць свае тэарэтычныя веды, удасканальваюцца, каб чарговы выклік завяршыўся поспехам: у іх раскладзе заняткі па фізічнай падрыхтоўцы, вучэнні. Гэта, калі так можна сказаць, мірная частка работы.
Кожнае паведамленне на нумары 101 і 112 – гэта кліч на дапамогу. «У нас пажар!», «дзверы зачыніліся, а дома адно дзіця…», «дрэва ўпала і перагарадзіла шлях» – і яны ўжо ў дарозе. Лічаныя хвіліны, каб пераапрануцца ў пажарную амуніцыю, якая, між іншым, важыць нямала – каля 20-30 кілаграмаў, і выехаць туды, дзе іх чакаюць.
У ПАВП №11 – трохзменны рэжым баявога дзяжурства. Упэўнена адчуваюць сябе на вартавым пасту і маладыя супрацоўнікі вадзіцелі Генадзій Аніскевіч, Аляксандр Абравец і Сяргей Цісевіч. Больш за 20 гадоў менавіта на гэтым пажарным участку служаць вадзіцель Віктар Гатоўчыц і камандзір аддзялення Васілій Рабцэвіч.
– Сёлета нашы пажарныя выязджалі на ліквідацыі надзвычайных сітуацый рознага характару 69 разоў, з іх 8 спецтэхніка накіроўвалася на пажары, – адзначае Сяргей Зянько, які ўзначальвае Ліпскі ПАВП.

ДАРЭЧЫ

✓ Сёння РАНС – гэта тры пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты ў Тальмінавічах, Шчэрбаве, Ліпску, пажарная аварыйна-выратавальная часць у Ляхавічах. Свой прафесійны абавязак у райаддзеле з гонарам выконваюць 60 эмэнэсаўцаў.
✓ У 2016 годзе было створана Ляхавіцкае аддзяленне Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях «Выратавальнік». Валерый Свянтэцкі, Уладзімір Ганчук, Віктар Дзямід, Генадзій Макарэвіч і сёння цікавяцца справамі аддзела, прыхо-дзяць на сустрэчы ў райаддзеле і з задавальненнем дзеляцца з моладдзю сакрэтамі выратавальнай справы.
✓ Сёлета ляхавіцкім агняборцам даводзілася выязджаць на 19 пажараў. Але гэта далёка не адзінае, чым займаецца райаддзел. Важнае значэнне надаецца абароне людзей і тэрыторыі ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. За гэта адказвае група арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі НС і грамадзянскай абароны. У кожнай пары года свае асаблівасці, якія і задаюць характар працы: зімой павышаная ўвага на аб’екты жыццезабеспячэння, стан аўтамабільных дарог, вясной заўсёды актуальна паводкавая бяспека ў раёне, з павышэннем тэмпературы на асаблівым кантролі лясы і тарфянікі. Безумоўна, ад ліўняў, градаў, ураганаў не збяжыш, але мінімізаваць наступствы, хутчэй аднавіць аб’ек- ты – у кампетэнцыі РАНС.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *