Тэма тыдня: Бязвізавы ўезд у Беларусь

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 ліпеня ўказы нумар 295 і нумар 292, якімі тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у Беларусі павялічваецца да 30 сутак пры ўмове іх уезду ў краіну і далейшага выезду праз Дзяржаўную граніцу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, а таксама ўстанаўліваецца бязвізавы ўезд у Беларусь для замежных турыстаў з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2019 года па акрэдытацыйных картках або білетах на спартыўныя спаборніцтвы II Еўрапейскіх гульняў.

У прэс-цэнтры БЕЛТА 25 ліпеня прайшоў брыфінг аб павелічэнні тэрміну бязвізавага знаходжання для іншаземцаў у Беларусі. У брыфінгу прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства спорту і турызму, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Тэрмін бязвізавага знаходжання ў Беларусі прадоўжаны да 30 дзён

Тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх уезду ў краіну і далейшага выезду праз Дзяржаўную граніцу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Адпаведны ўказ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У дакуменце актуалізаваны пералік дзяржаў, грамадзяне якіх маюць права скарыстацца рэжымам бязвізавага ўезду і выезду: з яго выключаны краіны, з якімі Беларусь заключыла двухбаковыя пагадненні аб узаемнай адмене віз.

Для бязвізавага ўезду ў Беларусь замежным грамадзянам неабходна пры сабе мець дзеючы пашпарт або дакумент, які яго замяняе, прызначаны для выезду за мяжу, грошы (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як дзвюм базавым велічыням, альбо 50 базавым велічыням, калі знаходжанне складзе поўныя 30 дзён), дзеючы ў Беларусі медыцынскі страхавы поліс на суму не менш як 10 тыс. еўра.

Для грамадзян В’етнама, Гаіці, Гамбіі, Індыі, Лівана, Намібіі і Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з’яўляецца наяўнасць у пашпарце дзеючай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу 30 дзён з даты ўезду.

У адносінах да грамадзян Кітая такі парадак бязвізавага ўезду ў Беларусь будзе прымяняцца да 10 жніўня 2018 года — да ўступлення ў сілу двухбаковага пагаднення аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў.

Парадак бязвізавага перамяшчэння праз аэрапорт не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама плануюць вылецець у расійскія аэрапорты, паколькі гэтыя рэйсы з’яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца.

Бязвізавы рэжым таксама не распаўсюджваецца на замежных грамадзян, якія накіроўваюцца ў Беларусь для працаўладкавання, вядзення камерцыйнай дзейнасці і навучання, працягласць якога перасягае 30 сутак.

Тэрмін бязвізавага знаходжання вылічаецца ў цэлых каляндарных сутках. Першым суткам адпавядае дата прыбыцця, апошнім — дата выбыцця (незалежна ад часу прыбыцця або выбыцця). Пры гэтым тэрмін бязвізавага знаходжання не можа быць прадоўжаны звыш устаноўленых 30 сутак.

Замежныя грамадзяне, якія плануюць знаходзіцца ў Беларусі больш за пяць рабочых дзён, павінны будуць зарэгістравацца ў органах унутраных спраў па месцы свайго знаходжання ў краіне. Пры пражыванні ў гасцініцах, хостэлах, санаторыях і іншых калектыўных сродках размяшчэння рэгістрацыя ажыццяўляецца адміністрацыямі гэтых устаноў па змоўчанні ў час засялення.

Прыняцце ўказа прызначана садзейнічаць далейшаму развіццю беларускай турыстычнай галіны, забяспечыць даступнасць санаторнага і медыцынскага турызму ў Беларусі, стаць адным з немалаважных фактараў садзейнічання развіццю эканомікі краіны, уключанасці Беларусі ў светагаспадарчыя сувязі, узмацніць яе пазіцыю як зручнай пляцоўкі для арганізацыі міжнародных форумаў, канферэнцый, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў.

Дакумент уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

Бязвіз для балельшчыкаў II Еўрапейскіх гульняў будзе дзейнічаць з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 ліпеня падпісаў указ нумар 292 «Аб мерах па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакумент устанаўлівае бязвізавы ўезд у Беларусь для ўдзельнікаў, афіцыйных прадстаўнікоў, арганізатараў гульняў, іншых спецыялістаў з 20 мая па 10 ліпеня 2019 года, а таксама для замежных турыстаў з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2019 года па акрэдытацыйных картках або білетах на спартыўныя спаборніцтвы.

Указам прадастаўлены льготы для Дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў, арганізацый рознай формы ўласнасці і замежных грамадзян, якія прыцягваюцца для падрыхтоўкі спаборніцтваў. Акрамя таго, дырэкцыя надзяляецца правам распараджацца сімволікай гульняў, выступаць рэкламадаўцам сацыяльнай рэкламы, звязанай са спаборніцтвамі.

Дакумент прадугледжвае бясплатнае перамяшчэнне па асобных участках платных дарог для транспартных сродкаў дзяржаў, якія не ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, абмяжоўвае перамяшчэнне грузавых аўтамабіляў у Мінску ў дзённы час у перыяд правядзення гульняў, рэгулюе тэрміны дзеяння спецыяльнай мытнай працэдуры адносна замежных тавараў, увозімых на тэрыторыю Беларусі і прызначаных для падрыхтоўкі і правядзення спаборніцтваў.

Тэрмін знаходжання ў Беларусі без рэгістрацыі ў АУС для іншаземцаў прадоўжаць да 10 дзён

Тэрмін знаходжання ў Беларусі без рэгістрацыі ў АУС для замежных грамадзян  прадоўжаць да 10 дзён, паведаміў начальнік аддзела дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Вадзім Забаронак на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

«МУС ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі дзяржорганамі падрыхтаваны законапраект, у адпаведнасці з якім прадугледжваецца павелічэнне тэрміну знаходжання без рэгістрацыі да 10 дзён. Акрамя таго, іншаземцы, якія будуць пражываць у гасцініцах, санаторыях, аграсядзібах, будуць вызвалены ад рэгістрацыі на ўвесь перыяд пражывання ў гэтых аб’ектах», — расказаў Вадзім Забаронак. Цяпер знаходзіцца без рэгістрацыі замежным грамадзянам у Беларусі можна не больш як пяць дзён.

МУС працягвае працаваць над арганізацыяй рэгістрацыі іншаземцаў праз інтэрнэт (гэта значыць, з дапамогай Адзінага партала электронных паслуг). «Таму не будзе неабходнасці наведваць нашы падраздзяленні. Больш таго, мы плануем, што рэгістрацыя праз партал будзе бясплатнай», — растлумачыў Вадзім Забаронак.

У МУС чакаюць, што новыя патрабаванні да рэгістрацыі ўступяць у сілу ў 2019 годзе да пачатку II Еўрапейскіх гульняў, каб для іх гасцей былі ўжо больш ліберальныя правілы.

Вадзім Забаронак звярнуў увагу, што па міграцыйным заканадаўстве агульны тэрмін знаходжання замежных грамадзян у Беларусі складае 90 дзён у год, па бязвізе можна прыязджаць да 30 дзён. Пры гэтым колькасць уездаў не абмяжоўваецца, фактычна, іншаземец можа прыязджаць у Беларусь тры разы па 30 дзён альбо большую колькасць разоў, але каб агульны тэрмін не перасягнуў 90 дзён.

Калі мэта ўезду будзе першапачаткова прадугледжваць знаходжанне звыш 30 дзён альбо ўезд звязаны з навучаннем, работай, атрыманнем дазволу на пастаяннае пражыванне, то абавязковай умовай з’яўляецца своечасовае атрыманне ўязной візы. МУС акцэнтуе ўвагу, што ўезд па бязвізе не прадугледжвае атрымання якога-небудзь статусу доўгатэрміновага знаходжання ў Беларусі. «За час дзеяння бязвізавага ўказа да нас паступіла мноства розных зваротаў, у асноўным ад камерцыйных прадпрыемстваў, якія хацелі б прыняць на работу замежных грамадзян, якія прыбылі па бязвізе, таму яшчэ раз на гэта звярну ўвагу: на работу, вучобу, усё, што звыш 30 дзён, — толькі пры атрыманні візы», — дадаў Вадзім Забаронак.

Іншаземцы, якія прыехалі па пяцідзённым бязвізавым рэжыме, змогуць застацца ў Беларусі на тэрмін да 30 дзён

Аб гэтым паведаміў начальнік аддзела дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Вадзім Забаронак на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Іншаземцы, якія прыехалі ў Беларусь па пяцідзённым бязвізавым рэжыме і знаходзяцца ў краіне на момант уступлення ў сілу ўказа аб прадаўжэнні бязвізавага рэжыму, змогуць легальна знаходзіцца ў краіне да 30 дзён без абавязку выезду з краіны. Праблем пры выездзе праз аэрапорт у іх не ўзнікне. Паводле слоў прадстаўніка МУС, цяпер эта пытанне найбольш непакоіць іншаземцаў, наконт гэтага паступае вялікая колькасць зваротаў.

«Мы абмеркавалі гэта пытанне сёння з калегамі з Дзяржпагранкамітэта, Міністэрства замежных спраў. Гэта пазіцыя нашых ведамстваў, ніякіх праблем у аэрапорце пры выездзе не будзе», — запэўніў Вадзім Забаронак.

Беларусь становіцца ўсё больш зручнай пляцоўкай для правядзення міжнародных форумаў

Беларусь становіцца ўсё больш зручнай пляцоўкай для правядзення міжнародных форумаў і мерапрыемстваў, у тым ліку і дзякуючы прынятым на дзяржаўным узроўні мерам па бязвізавым наведванні краіны. Гэта адзначыў начальнік Галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Ігар Фісенка ў прэс-цэнтры БЕЛТА на брыфінгу па тэме павелічэння тэрміну бязвізавага знаходжання для іншаземцаў у Беларусі.

Паводле яго слоў, пашырэнне бязвізавага тэрміну знаходжання іншаземцаў да 30 дзён стварае базавыя перадумовы для актыўнага развіцця турыстычнай галіны.

Ігар Фісенка адзначыў, што за апошнія тры гады ў Беларусі адбыліся значныя змены адносна ўрэгулявання ўезду іншаземцаў. Першапачаткова кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб бязвізавым уездзе замежных грамадзян у нацпарк «Белавежская пушча» да 3 дзён, а таксама аб бязвізавым уездзе на тэрмін да 30 дзён грамадзянам Катара, ААЭ. Пры наведванні Аўгустоўскага канала бязвізавы рэжым дзейнічаў 5 дзён (у снежні 2017 года тэрмін знаходжання на гэтых тэрыторыях быў павялічаны да 10 дзён). Для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, бязвіз складаў 5 дзён.

«Нейкага негатыўнага ўплыву на міграцыйную сітуацыю ў краіне гэтыя меры не аказалі. Наадварот, колькасць замежных грамадзян, якія наведалі Беларусь, павялічылася. Прычым асноўную долю складае ўезд праз Нацыянальны аэрапорт Мінск», — сказаў начальнік Галоўнага консульскага ўпраўлення.

Пасажырапаток праз аэрапорт толькі ў 2017 годзе павялічыўся на 20 працэнтаў, колькасць авіяпасажыраў упершыню перасягнула 4 млн чалавек. У бягучым годзе таксама назіраецца рост пасажырапатоку.

Ён таксама адзначыў, што па выніках 2017 года назіраўся істотны рост экспарту турыстычных паслуг у Гродзенскай вобласці, і гэты рэгіён з’яўляецца лідзіруючым па гэтых паказчыках.

Ігар Фісенка таксама сказаў, што з канца кастрычніка 2016 года па канец 2017-га горад Гродна і тэрыторыю Аўгустоўскага канала наведалі ў бязвізавым рэжыме больш за 50 тыс. турыстаў. Толькі за першае паўгоддзе бягучага года ўжо прыехала больш за 40 тыс. чалавек. Праз Нацыянальны аэрапорт Мінск у перыяд з 12 лютага 2017 года па 24 ліпеня 2018 года Беларусь наведалі больш за 30 тыс. замежных турыстаў.

Прадстаўнік МЗС адзначыў важнасць таго, што пытанням развіцця турызму, у тым ліку і бязвізавага, самую пільную ўвагу ўдзяляе Прэзідэнт Беларусі. У прыватнасці, гэтай тэме была ўдзелена асобная ўвага і ў Пасланні парламенту і беларускаму народу. «Прыняты ўказ аб павелічэнні бязвізавага тэрміну знаходжання замежных грамадзян да 30 дзён самым пазітыўным чынам паўплывае на пашырэнне экспартных турыстычных паслуг», — сказаў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення. Ён упэўнены, што новаўвядзенні будуць садзейнічаць таму, каб яшчэ больш іншаземцаў наведвалі беларускія санаторыі, а таксама праходзілі аздараўленне ў Беларусі.

Беларусь цесна ўзаемадзейнічае з краінамі-суседзямі па візавай тэматыцы — Фісенка

Гэта адзначыў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Ігар Фісенка ў прэс-цэнтры БЕЛТА на брыфінгу па тэме павелічэння тэрміну бязвізавага знаходжання для іншаземцаў у Беларусі.

«Мы знаходзімся ў цесным кантакце з суседзямі, у тым ліку Расіяй», — сказаў ён. За апошнія тры месяцы адбылося некалькі сустрэч, на якіх абмяркоўваліся гэтыя пытанні. Што датычыцца Расіі, то на пастаяннай аснове абмяркоўваецца праект пагаднення аб узаемным прызнанні віз. У красавіку ў Маскве адбылося пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па міграцыі.

Ігар Фісенка звярнуў увагу на тое, што беларускі бок дзеліцца з расійскімі калегамі вопытам бязвізавага ўезду. Напрыклад, у маі адбыліся беларуска-расійскія консульскія кансультацыі. «Мы арыентавалі калег, што працуем у напрамку пашырэння бязвізавага ўезду для іншаземцаў. У канцы чэрвеня адбылося пасяджэнне Савета кіраўнікоў консульскіх службаў краін СНД, на якім па ініцыятыве Беларусі абмяркоўвалася гэта пытанне, — прадоўжыў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС. — Мы робім усё адкрыта і дзелімся інфармацыяй, у тым ліку ў ініцыятыўным парадку». Ігар Фісенка падкрэсліў: «Мы бачым, што Расія прымае падобныя меры на Далёкім Усходзе. Размова ідзе аб прадаўжэнні рэжыму бязвізавага ўезду для ўжо былых балельшчыкаў. Такім чынам Расія шукае шляхі, як прыцягнуць замежных турыстаў. Тое ж самае робім і мы. Таму мы абменьваемся вопытам».

Бязвізавы рэжым павялічыў турпаток у Беларусь прыкладна на 20 працэнтаў — Мінспорту

Аб гэтым паведаміў дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Андрэй Молчан на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

«Бязвізавы рэжым паўплываў на прырост наведванняў прыкладна ў 20 працэнтаў. Увядзенне бязвізавага рэжыму адназначна звязана непасрэдна з павелічэннем патоку турыстаў», — адзначыў Андрэй Молчан.

Прадстаўнік Мінспорту звярнуў увагу, што прадаўжэнне тэрміну бязвізавага знаходжання з 5 да 30 дзён запатрабуе абнаўлення турыстычнай інфраструктуры і падрыхтоўкі кадраў з веданнем замежных моў. Калі раней асноўны турпаток прыпадаў на прадстаўнікоў Расіі і краін СНД, то цяпер больш увагі трэба ўдзяліць рабоце з турыстамі з далёкага замежжа. У першую чаргу размова ідзе аб тым, каб большая колькасць прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі валодала англійскай, французскай, кітайскай мовамі. Гасцініцам, санаторыям і аграсядзібам трэба забяспечыць магчымасць разліку праз міжнародныя сістэмы плацяжоў.

«Зразумела, размова ідзе і аб павышэнні якасці і культуры абслугоўвання, нарошчванні сродкаў размяшчэння», — падкрэсліў Андрэй Молчан.

«Чарговы крок у справе лібералізацыі візавага рэжыму ў Беларусі вельмі і вельмі станоўчы. Мы абмяркоўваем з калегамі з Міністэрства замежных спраў, сілавым блокам магчымасці новых крокаў, але пакуль рана пра іх гаварыць», — сказаў дырэктар Дэпартамента па турызме.

Беларусь разлічвае павялічыць экспарт медпаслуг дзякуючы 30-дзённаму бязвізу на 20 працэнтаў

Беларусь разлічвае нарасціць экспарт медпаслуг дзякуючы павелічэнню бязвізу на 20 працэнтаў. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, цэнаўтварэння і дзяржаўнай маёмасці Міністэрства аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Калістратаў на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

«Мы разлічваем на далейшы прырост у першую чаргу дыягнастычных паслуг, кансультацыйнай медыцынскай дапамогі, высокатэхналагічных аперацый і іншых медыцынскіх паслуг. У гэтым годзе мы ставім сабе планку на 15-20 працэнтаў нарасціць аб’ём экспарту медыцынскіх паслуг», — сказаў Дзмітрый Калістратаў.

Экспарт медпаслуг у 2017 годзе вырас на 6,2 працэнта, гэта было дасягнута ў тым ліку за кошт увядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму. Геаграфія экспарту налічвае 114 краін, ёсць добры прырост па Вялікабрытаніі, Ірландыі, ЗША, Літве, Латвіі, Францыі, Кітаі.

«З прадаўжэннем тэрміну знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі адкрыецца магчымасць пашырыць аказваемы ім спектр медыцынскіх паслуг і тым самым павялічыць аб’ём паступленняў. Мы ставім сабе планку каля $40 млн зарабіць на экспарце медыцынскіх паслуг», — рэзюмаваў Дзмітрый Калістратаў.

БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *