Адназначна ЛДАК! У каледжы прыёмная кампанія ў самым разгары

На гадзінніку без малога 9.00, а чарга каля кабінета прыёмнай камісіі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа налічвае не адзін дзясятак абітурыентаў. Хвалююцца ў гэту гарачую пару не толькі ўчарашнія школьнікі, але і бацькі – яны таксама тут, падтрымліваюць. 20 ліпеня ў ЛДАКу, як і ў іншых сярэдніх спецыяльных навучальных установах краіны, стартавала прыёмная кампанія.

Крыху разгубленыя,  як прызнаюцца самі абітурыенты, у стане чакання, стомленыя ад летніх выпускных падзей, яны чарговы раз правяраюць, ці ўсе дакументы для паступлення на месцы, ці нічога не забыліся. Жадаючых стаць часткай вялікай каледжскай сям’і нямала. Пра высокі ўзровень падрыхтоўкі, добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, цікавае студэнцкае жыццё ведаюць не толькі па словах. Многія на працягу года яшчэ школьнікамі прыязджалі пазнаёміцца з каледжам, асабліва яскрава запомнілася, як сустракалі патэнцыяльных навучэнцаў у дзень адчыненых дзвярэй. Майстар-класы, расказы каляджан пра насычаныя вучэбныя будні, экскурсія па навучальнай установе – і ў выніку жаданне далучыцца да лдакаўцаў.
На агранамічнае аддзяленне сёлета плануецца залічыць 50 абітурыентаў, столькі ж месцаў адведзена і для будучых заатэхнікаў, на ветэрынарную медыцыну – 56. Інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў абнаўляецца тройчы на дзень на сайце ўстановы: там жа
можна знайсці звесткі пра колькасць заяў, сярэднія балы навучэнцаў, на якія спецыяльнасці яны вырашылі паступаць.
У першы дзень прыёмнай кампаніі больш за 30 чалавек з выбарам навучальнай установы вызначыліся канчаткова – адназначна ЛДАК. Па колькасці пададзеных дакументаў пакуль што лідзіруе аддзяленне ветэрынарнай медыцыны. Учарашнія школьнікі паступаюць у каледж без уступных іспытаў, яны будуць залічвацца па сярэднім бале атэстата.
Пра геаграфію будучых спецыялістаў сельскагаспадарчай сферы гаварыць рана, але па апытанні большасць з Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Клецкага раёнаў, ёсць і са Столінскага.

 

Прыём дакументаў ад абітурыентаў з агульнай базавай адукацыяй (пасля 9 класаў) працягнецца да 3 жніўня, а выпускнікі з агульнай сярэдняй адукацыяй (пасля 11 класа) могуць падаць дакументы для паступлення ў каледж да 9 жніўня.

 

Яшчэ на этапе паступлення патэнцыяльных каляджан хвалююць пытанні размеркавання, працаўладкавання, праходжання практыкі, канешне – ці прадастаўляецца інтэрнат. Дарэчы, што датычыць апошняга: пакой у «студэнцкім шматкватэрніку» прадастаўляецца ўсім, хто мае патрэбу. На кожнае пытанне супрацоўнікі ЛДАКа даюць вычарпальныя адказы, падбадзёрваюць дзяўчат і юнакоў.
Сярод тых, хто ў першыя хвіліны першага прыёмнага дня вырашыў падаць дакументы, і Аляксандра Івановіч з Баранавіч. Учарашняя школьніца марыць стаць ветэрынарам, і, па яе меркаванні, менавіта Ляхавіцкі каледж –
ключык да здзяйснення мары.
Няхай у кожнага абітурыента споўніцца свая запаветная мара. І шлях «школьнік-выпускнік-абітурыент-навучэнец» завершыцца паспяхова.

Маргарыта КУХТА. 
Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *