Паставіць вірусу заслону. 28 ліпеня – Сусветны дзень барацьбы з гепатытам

Кожны год каля мільёна чалавек памірае ад цырозу і раку печані, выкліканых вірусным гепатытам. Па даных СААЗ, у свеце каля 350 мільёнаў чалавек інфіцыраваны гепатытам В, больш за 170 мільёнаў – гепатытам С, прыблізна 1,4 мільёна – гепатытам А.
Вірусны гепатыт – запаленне печані, выкліканае вірусамі, – з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных і сур’ёзных інфекцыйных захворванняў у свеце. Існуе пяць асноўных узбуджальнікаў віруснага гепатыту – А, В, С, Д і Е.
Вірусы гепатыту А і Е звычайна перадаюцца праз заражаную ваду ці харчовыя прадукты і цесна звязаны з дрэннай санітарнай і асабістай гігіенай, а таксама з недасканаласцю сістэмы водазабеспячэння.
Гепатыты В, С і Д (парэнтэральныя вірусныя гепатыты) перадаюцца ў выніку кантактаў з крывёю ці выдзяленнямі інфіцыраванага чалавека.
У гепатыту В асабліва актуальная і высокая рызыка заражэння палавым шляхам. На гепатыт хварэе 60-90 працэнтаў тых, хто ўжывае наркотыкі. І гэта яшчэ адзін важкі аргумент супраць згубнай звычкі. Інфіцыраваная маці можа перадаць дзіцяці вірус падчас цяжарнасці, родаў і кармлення.
Прафілактыка – лепшы спосаб застацца здаровым. Каб не заразіцца, пасля наведвання грамадскіх месцаў часта мыйце рукі з мылам, карыстайцеся асобнымі ручніком, зубной шчоткай, брытвеннымі і манікюрнымі прыборамі, мачалкай, расчоскай і г.д. Калі вы вырашылі зрабіць татуіроўку, пірсінг, манікюр і педыкюр, звяртайцеся толькі ў спецыялізаваныя ўстановы. Пры атрыманні траўмы ці пры кантакце з крывёю пацярпелага, апрацуйце скуру перакісам вадароду ці ёдам.
Каб не заразіцца вірусамі гепатыту А і Е, трэба ўжываць гатаваную ваду, мыць фрукты і агародніну.
Адзін з самых надзейных спосабаў абароны ад вірусу гепатыту В – вакцынацыя. У нашай краіне вакцынацыя супраць віруснага гепатыту В унесена ў нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак, яна праводзіцца нованароджаным у першыя 12 гадзін жыцця і дзецям ва ўзросце ад 1 да 5 месяцаў.
Вакцыны супраць гепатыту С на даны момант не існуе.
Васілій СКАРАХОД, урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.

ФАКТ

У Брэсцкай вобласці за мінулы год зарэгістравана 856 новых выпадкаў інфіцыравання вірусным гепатытам, сёлета – 460. У Ляхавіцкім раёне – 23 выпадкі ў мінулым годзе, сёлета ўжо 12. Усяго ў раёне на ўліку стаіць 196 чалавек, інфіцыраваных вірусамі гепатытаў В, С і Д.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *