Кулямётчык № 1

Калі слухаеш успаміны Аляксандра Канстанцінавіча Юруця, то і сапраўды хочацца сказаць: «Жыццё пражыць — не поле перайсці». Усяго выпала на долю гэтага чалавека за  90-гадовы жыццёвы шлях. Былі і радасць, і шчасце, і расчараванні, і боль, і трывогі.

Але самую вялікую рану нанесла вайна. Толькі ажаніўся, дачакаўся першынца — сына, а тут фашысцкая акупацыя. У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, Аляксандр Юруць разам з іншымі маладымі людзьмі з вёскі Мінічы быў прызваны ў Чырвоную Армію. І трапіў ён на вайну ў складзе Другога Беларускага фронту пад камандаваннем Ракасоўскага. Даручылі камандаваць аддзяленнем, у распараджэнні якога быў легендарны кулямёт «максім». Кулямётчык №1 — Аляксандр Юруць, а яго галоўны памочнік — аднавясковец Іван Юруць. Вось такім «вясковым» экіпажам і ваявалі два таварышы.

Першы бой іх быў на плацдарме ракі Буг-Нарва, пасля на рацэ Вісла, дзе кулямётчык №1 Аляксандр Юруць быў паранены. Калі пасля шпіталю вярнуўся ў сваю часць, то даведаўся, што ён прадстаўлены да ўзнагароды — ордэна Айчыннай вайны. А яшчэ ён больш не сустрэўся са сваім земляком, аднавяскоўцам, цёзкам па прозвішчу, баявым братам Іванам Юруцём: у адным з баёў ён загінуў смерцю храбрых. У горадзе Торун, што ў Польшчы, яго пахавалі.

На баявым шляху, які штодня набліжаў воінаў-вызваліцеляў да Берліна, Аляксандр Канстанцінавіч сустрэў вестку аб капітуляцыі Германіі.

— З усіх відаў зброі мы салютавалі Перамозе,— успамінае ветэран. — Са слязамі я паліў угору за сябе і за свайго баявога брата Івана, які зусім нямнога не дажыў да гэтага светлага дня!..

Вайна закончылася, а былы кулямётчык вярнуўся дамоў толькі праз 2 гады. Яшчэ служыў на Балтыцы, ахоўваў савецкую зону. Побач неслі службу амерыканскія салдаты.

Дамоў вярнуўся Аляксандр Канстанцінавіч героем: на грудзях баявыя ўзнагароды, сярод якіх і медаль «За Перамогу над Германіяй». Радасці родных і блізкіх не было канца: жывы, здаровы, загартаваны цяжкімі выпрабаваннямі, ад таго здаваўся яшчэ больш мужным і прыгожым. Былы кулямётчык адразу ўключыўся ў аднаўленне мірнага жыцця, пра якое марыў у халодных акопах. Пабудаваў дом для сям’і, працаваў фінансістам у Цыганскім сельсавеце, а пасля яго ўзначаліў. Калі спатрэбілася, пайшоў у калгас брыгадзірам паляводчай брыгады, доўгі час працаваў у спажыўкааперацыі.

Не думаў, не гадаў Аляксандр Канстанцінавіч, што лёс адмерае яму доўгі жыццёвы шлях. Адлічыў ужо дзевяць дзясяткаў зімаў і вёснаў, але і цяпер не думае здавацца. Радуецца жыццю, дзецям, унукам, праўнукам, якія, у сваю чаргу, ганарацца сваім бацькам і дзядулем. Гадоў да ста, як мінімум, пражыць Вам, шаноўны ветэран!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *