Агняборцы «запалілі». У мінулую суботу Ляхавіцкі РАНС запрасіў землякоў   разам адзначыць 165-годдзе пажарнай службы /фота/

 

Начальнік РАНС Валерый Равінскі і ветэран пажарнай службы Канстанцін Зелянеўскі.

Выратоўваць – дык выратоўваць, засцерагаць – дык засцерагаць, а святкаваць – абавязкова з размахам! Такі падыход да справы ў супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. І святкаванне 165-годдзя пажарнай службы Беларусі, якое адбылося ў Ляхавічах у мінулую суботу, таму яскравае пацвярджэнне. Кожны з жыхароў райцэнтра ці яго гасцей, хто завітаў на ўрачыстасці, адназначна засведчыць: цікава, захапляюча, запамінальна.
А пачалося юбілейнае святкаванне ў гарадскім Доме культуры канцэртнай праграмай «Героям вогненнага фронту прысвячаецца». У зале сабраліся сённяшнія агняборцы і ветэраны пажарнай службы, іх сем’і, родныя і блізкія, шматлікія госці, кіраўніцтва раёна і розных службаў.
Шмат шчырых цёплых слоў у адрас сённяшніх і былых супрацоўнікаў РАНС сказалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса.
Шчыра, пранікнёна гаварыў пра сваіх калег – і маладых, і вопытных – начальнік райаддзела па НС Валерый Равінскі.
Адзін за адным на святочную сцэну пад апладысменты прысутных падымаліся лепшыя з лепшых, тыя, хто ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу. Медалі «За бездакорную службу» і юбілейныя, ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета, райкама БРСМ уручаліся супрацоўнікам РАНС. Сярод узнагароджаных і ветэраны пажарнай службы. Для ўсіх іх гучалі не толькі словы віншаванняў, але і музычныя падарункі ад самадзейных артыстаў раёна.

Далей эпіцэнтр святкавання перамясціўся ў гарадскі сквер ля фантана.
У насычанай і змястоўнай праграме ўсё было прадумана так, каб не сумавалі ні дарослыя, ні тым больш дзеці. Юбілей пажарнай службы стаў сапраўдным сямейным святам для ляхавічан.
Не было адбою ад жадаючых паўдзельнічаць у розных конкурсах, іспытах, выпрабаваннях: скакалі, бегалі, спявалі, танцавалі, адгадвалі загадкі. І вось яна – вогненна-водная феерыя ад выратавальнікаў. Гучныя апладысменты – за майстар-клас на вытрымку і сілу. Трэба было бачыць непадробны інтарэс і захапленне ў вачах прысутных ад гэтага відовішча!
Падрыхтавалі выступленне члены факультатыўнай групы «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» з гімназіі, а выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў – флэшмоб.
А яшчэ была выстава аварыйна-пажарнай тэхнікі (колькі рабят з інтарэсам пасядзелі ў кабіне чырвонай машыны), абмундзіравання. Уразіла і выстава ўдзельнікаў творчага конкурсу «Выратавальнікі вачамі дзяцей». На радасць дзятве працавалі атракцыёны.
У 22 гадзіны каляровы феерверк расквеціў вячэрняе ліпеньскае неба.
Дзякуй за свята, пажарныя-выратавальнікі!
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара. Больш фота тут

One thought on “Агняборцы «запалілі». У мінулую суботу Ляхавіцкі РАНС запрасіў землякоў   разам адзначыць 165-годдзе пажарнай службы /фота/

  • 02/08/2018 в 10:20
    Permalink

    Праздник от пожарных удался. Отдохнули с семьёй, встретились с друзьями. На вашем сайте с удовольствием посмотрела фото. Детям особенно понравилось шоу с водой и пеной, а как радовались, когда одевали костюм пожарного!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *