З аўдыторыі на камбайн. Падрабязнасці жніва ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы

Гэтымі спякотнымі днямі  горача і на палетках аграрнага каледжа. Тут ужо зжалі азімыя трыцікале і пшаніцу, перайшлі да азімага  жыта і яравога ячменю. З раніцы да вечара шчыруе на хлебнай ніве маладзёжны экіпаж старшага камбайнера Андрэя Вярбілы і яго памочніка Аркадзія Давідоўскага. Жніво для іх першае, і да яго рыхтаваліся вельмі адказна: самі ставілі тэхніку на зімовае захоўванне, а перад выхадам у поле дасканала праверылі яе. А ў сельгасмашынах яны ведаюць толк. Андрэй Вярбіла працуе ў каледжы майстрам вытворчага навучання – выкладае азы будучым трактарыстам-машыністам, Аркадзій Давідоўскі – загадчык рамонтных майстэрняў.
Галоўны аграном Арцём Качанаў расказвае, што на сёння ўбралі палову ад пасяўных плошчаў, з 54 гектараў намалацілі больш за 120 тон збожжа пры ўраджайнасці 24 цэнтнеры зерня на круг. На вентыляванне ў бункеры дастаўляе збожжа на трактары Валерый Макавецкі. Ён таксама з каледжа – майстар вытворчага навучання. Дарэчы, Макавецкі, Вярбіла і Качанаў «родам»
з ЛДАКа – у свой час выйшлі адсюль дыпламаванымі спецыялістамі. Арцём на пасадзе агранома тры гады і тутэйшыя палеткі ведае выдатна: падчас вучобы праводзілі на іх відавую праполку, абследавалі пасевы.
…На небе – ні хмаркі. Значыць, каледжскі экіпаж зноў у полі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны аграном Арцём Качанаў (справа) з экіпажам маладых хлебаробаў – Андрэем Вярбіла і Аркадзіем Давідоўскім.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *