Маніторынг ушанаванню не перашкода

Маладога вадзіцеля-тысячніка Міхаіла Праневіча  віншуюць прафсаюзны лідар Ірына Чура і «Крыніца».

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Чура гэтым часам большую частку свайго працоўнага дня праводзіць на палявым стане, у вытворчых майстэрнях.
У кожным сельгаспрадпрыемстве прафкамы сумесна з наймальнікамі распрацавалі ўмовы спаборніцтва, у якіх прадугледжана маральнае і матэрыяльнае заахвочванне за паспяховую работу, спагнанні – за парушэнні. На інфармацыйных стэндах – своеасаблівым экране паспяховасці сельгасарганізацый – штодзённа абнаўляюцца жніўныя паказчыкі: хто колькі намалаціў, перавёз, перапрацаваў.
На штодзённым кантролі тэхніка бяспекі: у полі, у мехмайстэрнях, на зернетаках. Грамадскія інспектары ад прафсаюзаў кант-ралююць выкананне правілаў і нормаў аховы працы, праводзяць інструктажы, сочаць, каб камбайны і аўтамабілі былі абсталяваны сродкамі індывідуальнай аховы.
Дарэчы, яшчэ да пачатку жніўнай кампаніі тэхнічны інспектар абкама прафсаюза работнікаў АПК правёў маніторынг захавання тэхнікі бяспекі ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна. Выдадзеныя рэкамендацыі па выяўленых парушэннях выкананы.
Пільная ўвага – арганізацыі гарачага харчавання механізатараў. Пра гэта паклапаціліся паўсюдна. Вырашана і гігіенічнае пытанне: у гаспадарках ёсць душавыя, каб механізатары пасля напружанага рабочага дня змаглі памыцца.
Прафсаюзныя выезды ў поле –   гэта яшчэ і непасрэдныя сустрэчы і размовы з аграрыямі, падчас якіх прафсаюзныя актывісты цікавяцца не толькі ходам уборкі, але і праблемамі, якія хвалююць яе ўдзельнікаў.
Ушанаванні, віншаванні лепшых рупліўцаў хлебнай нівы таксама не абыходзяцца без прафсаюзаў. У мінулую нядзелю Ірына Чура адрасавала словы ўдзячнасці за добрасумленную працу першаму сёлета ў раёне вадзіцелю-тысячніку Аляксандру Сокалу з ААТ «Жарабковічы», у панядзелак – яго маладому калегу Міхаілу Праневічу, у аўторак – вадзіцелю-тысячніку «Шляху новага» Юрыю Тарабешу. І гэта толькі пачатак.

ФАКТ

Канчатковы вынік работы ў многім залежыць менавіта ад таго, у якіх умовах працуюць людзі. Таму прафсаюзы надаюць асаблівую ўвагу пытанням стварэння неабходных умоў для работы і выканання нормаў і правіл аховы працы.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *