Новы гардэроб для добрых адзнак можна набыць на школьных кірмашах і не толькі

А вы сабралі свайго вучня ў школу? Гэтае пытанне сёння вельмі актуальна для бацькоў: свой сезон адкрывае жнівень, і да званка на ўрокі застаецца месяц.
Хтосьці пакуль не спяшаецца, набывае паціху ручкі-сшыткі, а іншыя неабходную амуніцыю закупляюць па прынцыпу «ўсё і адразу». Стараюцца дагадзіць пакупнікам гандлёвыя кропкі, прапаноўваюць у асартыменце вучнёўскі камплект.

У нашым райцэнтры самая папулярная кропка са школьнымі таварамі – магазін «Дзіцячы свет «Аліса». Тут і канцылярскія прылады, і трыкатажныя, швей-ныя вырабы, абутак. Райпо прадугледзела і бонусы пакуп-нікам: з 17 ліпеня па 10 верасня прадастаўляе растэрміноўку без працэнтаў і першачарговага ўзносу на тры месяцы на ўвесь школьны асартымент, а мнагадзетным сем’ям пры набыцці тавараў за наяўны разлік даецца 5-працэнтная скідка.
У «Алісе» ажыятажу пакуль няма. Наплыў пакупнікоў чакаюць трохі пазней. Многія прыглядаюцца і выбіраюць. Лёша Міснік прымярае касцюм з бабуляй Галяй. Хлопчык ідзе ў першы клас – увесь карагод з падрыхтоўкай успрымае з цікавасцю і радасцю. Новыя рэчы такія прыгожыя! Пінжак і штаны на Лёшы – як улітыя. Бабулю задавальняе спалучэнне якасці і цаны. Цана, дарэчы, прывабная: крыху больш за 40 рублёў (касцюм застаўся з мінулага года). Лёша дзеліцца, што вучыцца будзе ў СШ №2. З нецярпеннем чакае 1 верасня, тым больш , што ўжо і чытаць умее.
Надзя Булатая пойдзе ў Навасёлках у пяты клас. Летам прыязджае ў Ляхавічы да бабулі Леаніды, і разам заўсёды адпраўляюцца ў «Алісу». Дзяўчынка з веданнем справы выбірае туфлі, блузку – самастойная не па гадах. Пераглядае вокладкі, сшыткі, іншыя дробязі – спіс пакупак немалы. Рэчы выбірае ў адпаведнасці з дзелавым стылем адзення. Прадаўцы заўсёды рады дапамагчы і даць слушныя парады.
Цэны на адзенне не кусаюцца. Касцюм на пачаткоўца каштуе ад 39- 50 рублёў, штаны – 21-30 рублёў, камплект (пінжак і штаны) для старшакласніка – ад 70 рублёў і вышэй. Камізэлька на дзяўчынку ростам 128-158 см – 32 рублі, спадніца – 28 рублёў. Цэннік на спартыўныя штаны (рост 110-140) пачынаецца з 14 рублёў. Для модніц сарафаны ад 38 рублёў, джэмпер (рост 146) пацягне на 23 – 26 рублёў, блузка абыдзецца ў 32-35 рублёў, жакет – 33 рублі і г.д.
Праўда, пры дастаткова шырокім асартыменце адзення для пачаткоўцаў і вучняў сярэдніх класаў, старшакласнікам усё ж такі прыйдзецца «шопіцца» на рынку ці ў суседніх Баранавічах –  для іх выбар у райпоўскім гандлі даволі сціплы.
Між тым, мадэлі адзення дзелавога стылю беларускіх вытворцаў можна прагледзець у каталозе, які склаў для зручнасці рабят і іх бацькоў Беллегпрам. Паглядзеў на сайце канцэрна прапановы ад 14 вытворцаў («Панда», «Эліз», «Камінтэрн», «Элод» і г.д.) – і прыйшоў у магазін. Калі ў магазіне не акажацца выбранай мадэлі, прадаўцы абяцаюць выканаць заяўку ў вызначаны час.
Школьны кірмаш прапісаны і на рыначнай плошчы, але тавары тут прадстаўлены ў больш вузкім варыянце. Школьныя куткі арганізаваны ва ўсіх вясковых магазінах, расказалі «ЛВ» у спажывецкім таварыстве.
Акрамя райпо, канцылярскімі неабходнасцямі гандлююць у кіёсках саюздруку, а таксама прадпрымальнікі. Ва ўсякім разе, у пакупнікоў ёсць выбар.
Памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Вольга Шчарбакова нагадвае пра санітарныя патрабаванні да адзення дзяцей. Так, дапушчальныя ўкладанні сінтэтычных валокнаў у тэк-стыльныя матэрыялы школьнай формы не павінны перавышаць 30-35 працэнтаў у блузках і сарочках і 55 працэнтаў – у касцюмах і сукенках.
Асобна пра ранец. Ён павінен быць формаўстойлівым (для
пачаткоўцаў – з формаўстойлівай спінкай), мець ручку для пераносу, два ці больш аддзяленні. Плечавыя рамяні павінны рэгулявацца па даўжыні ў залежнасці ад росту дзіцяці і віду адзення. Цана ранца ў «Алісе» вагаецца ад 30 да 50 рублёў.
А вы сабралі свайго вучня ў школу?

У ТЭМУ

Дабрачынная акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «У школу з добрым сэрцам» 2 жніўня стартавала і ў нашым раёне, расказала «ЛВ» выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Марыя Лутавінава. Ляхавіцкая моладзь зможа зрабіць 1 верасня яшчэ больш святочным для хлопчыкаў і дзяўчынак з мнага-дзетных і няпоўных сем’яў, дапамагчы тым, каму цяжкавата напоўніць школьны ранец да навучальнага года. Нераўнадушныя землякі, далучайцеся!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *