Дзяжурная работа. 5 жніўня – Дзень чыгуначніка

Дзяжурны па станцыі Іван Шклянік і прыёмаздатчыца грузу і багажу Ларыса Сямёнава.

Пад стук колаў цягнікоў праходзіць працоўны дзень у работнікаў чыгуначнай станцыі «Ляхавічы» Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. За суткі па станцыі праходзіць 30-35 пасажырскіх і таварных цягнікоў. У параўнанні з вялікім вузлом, канешне, сціпла, але для людзей (ёсць такія, хто дабіраецца на работу-вучобу менавіта гэтым відам транспарту) і арганізацый, чые грузы перавозіць чыгунка, – вызначальна і вельмі.
У калектыве наладжаны рытм, работа не ставіцца на паўзу і ноччу. Усё падпарадкавана раскладу руху цягнікоў. Сустракаюць-развітваюцца з кожным з іх дзяжурныя па станцыі. Самы вопытны сярод калег Іван Шклянік. На яго рахунку 39 чыгуначных гадоў, з якіх толькі шэсць не ляхавіцкага перыяду.
Што галоўнае для дзяжурнага, які кіруе рухам цягнікоў і манеўровай работай? Бяспека пасажыраў і дакладнае, своечасовае выкананне плана перавозак. Для Івана Мікалаевіча, чалавека адказнага і надзейнага, як і для ўсіх яго калег, гэтыя патрабаванні – канстанта. У дапамогу – добрая памяць, самакантроль, хуткая рэакцыя.
Па-за работай Іван Шклянік вельмі жыццярадасны і пазітыўны чалавек, а ў форменным адзенні за пультам станцыі – сабраны і сур’ёзны. У яго працоўнай біяграфіі былі розныя выпадкі: і кур’ёзныя, і такія, дзе патрабавалася імгненнае прыняцце рашэння. А колькі страчаных дакументаў дапамог вярнуць рассеяным пасажырам – не падлічыць.
Заўтра, у прафесійнае свята, нашы чыгуначнікі будуць прымаць шчырыя віншаванні і заслужаныя падзякі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *