Палачка абмежавала купанне

Выкарыстана ілюстрацыя

У ліпені супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі чарговы раз праверылі ўсе тры афіцыйныя зоны адпачынку на Ляхавіччыне. Па выніках маніторынгу абмежавана купанне дзяцей на рацэ Шчара ў зоне адпачынку ў аграгарадку Дарава з-за неадпаведнасці эпідэміялагічным крытэрыям бяспекі: нарматыў утрымання ў вадзе кішэчнай палачкі перавышаў норму.

У сезон адпачынку – асаблівая ўвага на ваду: тую, якую мы спажываем, і тую, у якой збіраемся купацца.
Перад ужываннем пітную ваду неабходна пракіпяціць ці карыстацца бутэляванай.
Што датычыцца вадаёмаў, то звяртайце ўвагу на дошкі аб’яў у месцах адпачынку (на гарадскім пляжы, на зоне адпачынку на рацэ Шчара ў вёсцы Дарава і ў аздараўленчым лагеры «Чайка»). У выпадку забароны ці абмежавання купання адпаведная інфармацыя там абавязкова размяшчаецца. Не варта ігнараваць гэтую акалічнасць: калі хоць некалькі кропель вады з павышаным утрыманнем кішэчнай палачкі трапіць у рот, чалавек можа захварэць.
Акрамя таго, на працягу купальнага сезона спецыялісты санітарнай службы выяўлялі факты парушэння санітарных нормаў на пляжах зон адпачынку: несвоечасова падкошваецца трава на прыбярэжных палосах, ёсць пытанні да стану туалетаў і іншыя недапрацоўкі.
Па выніках маніторынгу адказным суб’ектам гаспадарання накіраваны рэкамендацыі па ўхіленні выяўленых парушэнняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута службовая асоба КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Віталій ЦІХАНАЎ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *