Тыдзень ікры. Ляхавіцкія кансерваўшчыкі перапрацавалі ўжо 50 тон кабачкоў

На зборы кабачкоў рабочая   Алёна Чабак.

Шчаўе, вырашчанае па палетках ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», парадавала чарговым ураджаем. Падчас трэцяй зрэзкі сабралі 60 тон зялёных вітамінаў (з пачатку сезона – 86 тон). Усё перапрацавана і з канвеера сышло ў якасці шчаўя кансерваванага. Большасць слоікаў адразу адпраўлены ў продаж, астатняе пакуль на склад.

– Парадавалі нас сёння і кабачкі. Ураджай выдатны. Пакуль перапрацавалі 50 тон (думаем, што ўсяго «накабачкуем» у 10 разоў больш). 40 тысяч слоікаў розных відаў ікры ўжо выпушчаны – «кабачок», «дыетычная», «аматарская». Гэта прадукцыя пакупнікамі надзвычай запатрабавана, разыходзіцца на ўра, таму на складах не залежваецца, – зазначае дырэктар прадпрыемства Сафія Болтуць.
Набірае тэмпы таматны сезон. Памідоры становяцца аднымі з галоўных прадуктаў на заводскім канвееры. Частка закупляецца ў ляхавіцкіх фермераў, астатнія ў іншых раёнах.
На жнівень-верасень прыпадае пік перапрацоўкі яблыкаў. Але пачалі ў ліпені гатаваць яблыкі працёртыя з цукрам і павідла яблычнае.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *