Хлеб. “Мір”, “Дружба”

Якасць, па вобразным выказванні Міхаіла Русага, павінна стаць сцягам уборачнай кампаніі

І прагучала гэта ў ходзе рэспубліканскага семінара па пытаннях гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый краіны да ўборкі рапсу, зерневых і зернебабовых культур, а таксама будаўніцтва і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў, які намеснік старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і ўзначальваў. У семінары ўдзельнічалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, выконваючы абавязкі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Марыніч, іншыя адказныя работнікі Саўміна і Мінсельгасхарча, намеснікі старшынь аблвыканкамаў і райвыканкамаў краіны, кіраўнікі рэспубліканскіх аб’яднанняў, прамысловых прадпрыемстваў, навукоўцы…

Усяго каля дзвюх соцень чалавек гасцявалі на баранавіцкай зямлі. Іменна РУСП «Саўгас-камбінат «Мір», ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» і ААТ «Баранавічхлебапрадукт» суседняга нам раёна былі абраны ў якасці пляцоўкі для правядзення семінара. Чаму? «У Брэстчыны і ў арганізацыях, дзе мы сёння пабываем, ёсць чаму павучыцца», — расставіў акцэнты віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.

Кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар шчыра вітаў удзельнікаў мерапрыемства, коратка спыніўся на асаблівасцях, некаторых нюансах работы сельскагаспадарчага комплексу рэгіёна. Было адзначана, у прыватнасці, што значнасць увагі пытанням навядзення парадку на зямлі даюць свой заметны вынік: і ў плане сельгасвытворчасці, і ў плане стану тэрыторый населеных пунктаў.

Аснова — якасць. Гэта слова можна вызначыць як сінонім слову семінар. Безумоўная і абсалютная, на ўсіх участках, этапах, відах сельгасработ. Як было адзначана, летась менавіта з прычыны не заўсёды належнай якасці вядзення работ, неадпаведнай настройкі машын і рэгуліроўкі механізмаў, мелі месца даволі значныя страты ўраджаю.

Што патрэбна і можна працаваць у рамках тэхналагічна-мінімальных страт падчас уборкі хлеба і як гэтага дабіцца, удзельнікам семінару было прадэманстравана на «зажыначным» полі азімага ячменю РУСП «Саўгас-камбінат «Мір». Дарэчы, вытворчасць гэтай культуры, як адзначалася, найбольш паспяхова развіваецца на Брэстчыне. Канкрэтнае «мірскае» поле, дарэчы, вырасла да ўраджайнасці крыху за 50 цэнтнераў з гектара. А фактам першынства выспявання тлумачыцца шэраг пераваг азімага ячменю перад іншымі зерневымі культурамі.

Настройка камбайна — вядомая ісціна, але ж першааснова. Як канкрэтызаваў Леанід Марыніч: «Адрамантаваць машыну — гэта адно. Першая — пашпартная — рэгуліроўка павінна быць праведзена на машынным двары. Пасля ўжо на полі, непасрэдна пад канкрэтныя ўмовы работы. І абавязковы кантроль на герметычнасць». Апошняе і было паказана на прыкладзе найбольш папулярных у АПК краіны мадэлях і мадыфікацыях зернеўборачных машын. Аднак не толькі: быў прадэманстраваны замкнуты «ў жалезе» алгарытм дзеянняў аграрыяў — ад уборкі ўраджаю да закладкі яго на сезон наступны. Уборка саломы ў розных варыянтах, унясенне арганікі, наступныя глебаапрацоўчыя аперацыі, іншае. Запомнілася адно з выказванняў: » Выраўноўванне глебы праводзіцца не пры дапамозе пасяўнога агрэгата, як некаторыя лічаць, а падчас узворвання».

Наведванне ўдзельнікамі семінара аднаго з комплексаў па дапрацоўцы і захоўванні зерня — ЗСК-40Г — ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» мела на мэце на канкрэтным прыкладзе вызначыцца з ходам выканання рэспубліканскай праграмы будаўніцтва новых і мадэрнізацыі дзеючых зернеачышчальна-сушыльных комплексаў і зернесховішчаў. У рамках разлічанай на пяцігодку праграмы зроблена ўжо нямала. Многія з комплексаў запрацуюць цяпер — да сезона масавай уборкі зерневых і зернебабовых. З завяршэннем жа дзеяння праграмы сучасныя энергаашчадныя сушыльна-ачышчальныя комплексы «дабавяцца» ці прыйдуць на змену энергаёмістым і неэфектыўным старым у кожнай сельгасарганізацыі краіны.

Уборка вырашчанага — надзённы прыярытэт, аднак, не адзіны клопат вяскоўцаў. Жніво — жнівом, але ніхто не адмяняўдругі ўкос, як заўважыў Леанід Марыніч і, канешне ж, ніхто не адмяняў задачу будаўніцтва і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў. Тэма «заношаная». Аднак, нагадаем, што, у адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы, у бягучым годзе кожная сельгасарганізацыя краіны абавязана калі не пабудаваць новае, то рэканструяваць пад сучасныя тэхналогіі старое жывёлагадоўчае памяшканне. Брэстчына ў гэтым адзін з рэспубліканскіх лідараў. Што тычыцца тэмпаў выканання работ, вартай увагі пазітыўнай адметнасці падыходаў, іншае.

За ходам работ у гэтым накірунку ўдзельнікі семінара даведаліся на прыкладзе і на тэрыторыі МТФ вёскі Лотвічы ААТ «Баранавічхлебапрадукт». З завяршэннем у канцы года работ, колішняя свінагадоўчая ферма будзе гатова прыняць на ўтрыманне ў тым ліку і паўтысячны дойны статак буйной рагатай жывёлы. У комплексе прадугледжана таксама ўзвядзенне падсобных — вагавая, корма-сховішча, іншае — памяшканняў. «Нічога асаблівага, але ўсё, што неабходна для паточна-цэхавай сістэмы ўтрымання жывёлы», — кароткі каментарый Леаніда Марыніча прагучаў прыкладна так і, думаецца, з’яўляецца належнай ацэнкай руплівасці брэсцкіх аграрыяў і не толькі іх.

Семінар завяршыўся там, дзе і пачынаўся, — у ДК РУСП «Саўгас-камбінат «Мір». На пленарным пасяджэнні закраналіся шматлікія пытанні функцыянавання АПК краіны. Адбыўся шэраг справаздач. Былі падведзены вынікі. У заключным слове віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы сярод іншага выказаў словы падзякі — цытата — «Брэсцкаму аблвыканкаму, кадрам Брэстчыны, Канстанціну Андрэевічу за прадуманую, тэхналагічную, высока-эфектыўную работу, што праводзіцца ў вобласці…. Тое, што мы ўбачылі сёння на Брэстчыне, дай бог, каб было рэалізавана ва ўсіх. Многія пытанні былі б зняты…»

Іван КАВАЛЕНКА

One thought on “Хлеб. “Мір”, “Дружба”

  • 15/07/2012 в 14:37
    Permalink

    Я хачу сабе камбайн!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *