Экіпаж. Андрэй Дзянішчык і Іван Мацюшэнка з ААТ «Жарабковічы» першымі ў Ляхавіцкім раёне ўзялі «тысячу» на намалотах

І зноў «Жарабковічы» – перадавы жніўны адрас. Нядаўна тут урачыста віншавалі першага ў раёне вадзіцеля-тысячніка Аляксандра Сокала. А сёння ў ААТ чарговая падзея – тысячную мяжу перасягнуў экіпаж у складзе старшага камбайнера Андрэя Дзянішчыка і яго напарніка Івана Мацюшэнкі (на здымку). Першыя яны не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.
Андрэй Дзянішчык на жніве профі. З дзяцінства дапамагаў бацьку, які і навучыў сына ўсім камбайнерскім азам, улюбіў у асаблівую ўборачную атмасферу. Каторы год КЗС-1218 становіцца для Андрэя жалезным сябрам, па сутнасці, у збожжаўборачным экіпажы – раўнапраўным членам.   Калекцыяй сваіх вымпелаў перадавіка Дзянішчык вельмі ганарыцца. У мінулым годзе на рахунку яго экіпажа было больш за 2100 тон намалочанага збожжа.
А Іван Мацюшэнка на ўборцы першы сезон. Атрымалася стаць з Андрэем зладжаным экіпажам. Немалая заслуга ў тым і яго прафесійных навыкаў – працуе ў камунгасе слесарам, а сёлета вырашыў так ударна адпачыць.
Ушаноўваць герояў дня прыбыла цэлая дэлегацыя. Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Іван Шматко і прафсаюзны лідар аграрыяў Ірына Чура, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк, кіраўнік ААТ Антон Булаты віншавалі хлебаробаў цёпла і шчыра, ад душы дзякавалі за выніковую працу. А яшчэ ў гонар хлебаробаў гучалі песні ў выкананні ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай песні «Крыніца».
Жніво ў ААТ «Жарабковічы» адлічвае апошнія гектары – па стане на 7 жніўня ўбрана 96,3 працэнта плошчаў. З 2735 гектараў намалочана без малога 12000 тон зерневых і зернебабовых пры сярэдняй ураджайнасці 43,9 цэнтнера з гектара.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Экіпаж. Андрэй Дзянішчык і Іван Мацюшэнка з ААТ «Жарабковічы» першымі ў Ляхавіцкім раёне ўзялі «тысячу» на намалотах

  • 07/08/2018 в 22:48
    Permalink

    Сейчас новости с уборки в топе событий, самые горячие. Землякам, которые в поле на палящем солнце — респект и уважение. Пусть намалот будет как можно больше!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *