Пляжны рэйд. З 27 ліпеня па 20 жніўня ў Ляхавіцкім раёне праходзіць акцыя «Адпачынак без шкоды прыродзе»

Тэмпература паветра б’е рэкорды і нібы выпрабоўвае нас на трываласць аранжавым узроўнем спякотнай небяспекі. Кожны шукае сваё выратаванне ад гарачыні. Многія за паратункам спяшаюцца да воднай прахалоды. На жаль, купальны сезон прыносіць не толькі задавальненне, штогод адзначаецца і няшчаснымі выпадкамі на вадзе. Таму рэчкі і вадаёмы ў зоне павышанай увагі выратавальнікаў Асвода, які цесна ўзаемадзейнічае з міліцыяй і райаддзелам па надзвычайных сітуацыях. У сезон больш работы і ў камунальнікаў – ад іх, як і ад культуры паводзін адпачываючых, залежыць парадак у санкцыянаваных месцах адпачынку ля вады. Узмацняецца работа і прыродаахоўнай службы. Дарэчы, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ініцыявала правядзенне з 27 ліпеня па 20 жніўня акцыі «Адпачынак без шкоды прыродзе».

У акваторыі Шчары
У мінулую пятніцу рэйдавая група ў складзе начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталія Дабрачынскага, начальніка рай-інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Пятроўскага, галоўнага спецыяліста райінспекцыі Аляксандра Курловіча і карэспандэнта «ЛВ» праінспектавала гарадскі пляж на рацэ Ведзьма, зону адпачынку на Шчары ў аграгарадку Дарава, а таксама наведала некалькі несанкцыянаваных, але папулярных месцаў адпачынку ля вады.
…Другая палова дня. На аграгарадскім пляжы ў Дараве каля сотні адпачываючых – дзяцей і дарослых, большасць прыезжыя, у асноўным з Баранавічаў. Выратавальны пункт тут абсталяваны за ўласныя грошы камунгаса. Уладзімір Пятроўскі зазначае, што асабліва шматлюдна тут у выхадныя дні. І найбольшы клопат у дзяжурнага матроса-выратавальніка, які на лодцы курсіруе па акваторыі, выклікаюць нават не дзеці (у асноўным, на рэчку яны прыхо-дзяць у суправаджэнні дарослых), а нецвярозыя грамадзяне. У апошнія выхадныя ліпеня тут патануў 61-гадовы мужчына ў стане алкагольнага ап’янення. Віталій Дабрачынскі нагадвае: п’яным нельга нават падыходзіць да вады, тым больш купацца.
– За распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах (пляжы не выключэнне) прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф у памеры да 15 базавых велічынь. Можна нават «зарабіць» адміністрацыйны арышт. Дарэчы, у Ляхавіцкім раёне апошнім часам у разы зменшылася колькасць тых, хто распівае спіртное менавіта на пляжах, – расказвае Віталій Дабрачынскі.
На спецыяльным стэндзе размешчана інфармацыя для адпачываючых, у тым ліку правілы паводзін. На бачным месцы шыльда, на якой вялікімі літарамі напісана: «Купанне дзяцей абмежавана» – апошнія аналізы вады не адпавядалі санітарным нормам. Тым не менш, дзяцей ва ўзросце ад трох гадоў і старэйшых у вадзе не адзін дзясятак. Адказы на пытанне, чаму дарослыя ігнаруюць абмежаванне, мякка кажучы, здзівілі: «Нічога страшнага, калісьці мы і не ў такой бруднай вадзе купаліся!» ці «Абмежаванне – гэта ж не забарона», «малы толькі ля берага паскача». А між тым, каб падхапіць інфекцыю, дастаткова некалькіх кропель вады з павышаным утрыманнем кішэчнай палачкі.

Некультурна, аднак
Вакол чыста, бачна, што работнікі камунгаса праводзяць штодзённую ўборку. А вось смецце, рэшткі пікнікоў, раскіданыя пластмасавыя бутэлькі каля кантэйнераў для па-асобнага збору другаснай сыравіны яскрава дэманструюць культуру паводзін адпачываючых, дакладней, – яе адсутнасць.
Праязджаем каля сотні метраў ад зоны адпачынку. І натыкаемся на чарговы сметнік: пустыя бутэлькі, пакеты, рэшткі абедаў, бруд, кастрышча – тут былі тыя, хто не паважае ні прыроду, ні людзей. Нялішнім будзе напамін прыродаахоўнай службы: такія паводзіны лічацца нанясеннем шкоды навакольнаму асяроддзю і цягнуць штраф да 20 базавых велічынь. Дарэчы, штраф можна атрымаць і за купанне ў неўстаноўленых для гэтага месцах (у нашым раёне тры афіцыйныя зоны адпачынку: дзве – на рацэ Ведзьма ў райцэнтры і на рацэ Шчара ў аграгарадку Дарава – знаходзяцца на балансе камунгаса, трэцяя на Шчары на тэрыторыі летніка «Чайка»).
Асобная размова пра аўтамабілі ля вадаёмаў, часам адно што не з коламі ў купальных месцах. Хаця большасць грамадзян ведае, што за такі «камфорт» прадугледжана пакаранне – штраф да 20 базавых велічынь. Аднаго такога аматара падкаціцца да вады давялося ўбачыць і падчас рэйду – недалёка ад вёскі Лабузы. Па словах мужчыны, ён ехаў з Баранавічаў і тут спыніўся ўсяго толькі акунуцца ў ваду. На першы раз абышлося папярэджаннем.

Бяспека ля вады
Наступны прыпынак – былы ваенны палігон непадалёку ад вёскі Федзюкі. У густой траве адпачывалі трое падлеткаў з Баранавіцкага раёна. Пра тое, што купанне тут забаронена, моладзь не ведала. І сапраўды, шыльды з такой інфармацыяй нідзе не знайшлі. Старшыня Конькаўскага сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч, што неўзабаве прыехаў, дастаў таблічку з багажніка аўтамабіля, запэўніў, што такога кшталту перасцярогі былі ўсталяваны паўсюдны, але іх … укралі. Несур’ёзнае апраўданне.
На яшчэ адным «дзікім» пляжы (тэрыторыя яго таксама засмечана, рэшткі вогнішча, пустыя бутэлькі, у тым ліку і з-пад алкаголю), на рацэ Шчара пад чыгуначным мостам парушальнікаў куды больш – каля 20 падлеткаў.
– Мы не першы год прыязджаем сюды з Баранавічаў купацца, нават і не думалі, што гэта не дазваляецца, – у адзін голас заявілі непаўналетнія.
Зразумела, няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Але ў нейкай ступені падлеткі маюць рацыю: інфармацыя пра забарону купання і тут адсутнічае.
Яшчэ адзін момант. З гэтага пляжу моладзь вяртаецца па чыгуначных рэйках, а гэта небяспека траўміравання цягніком.
Тым часам Віталій Дабрачынскі праводзіць з юнакамі і дзяўчатамі растлумачальную гутарку. Закончылася ўсё тым, што «няправільна» адпачываючыя сабралі рэчы і пакінулі гэта месца. Ці надоўга?
Пасля ўбачанага напрошваецца выснова: дзеля бяспекі, у тым ліку дзяцей, трэба зрабіць яшчэ многае. Трагедыю на вадзе заўсёды лягчэй папярэдзіць.

ДАРЭЧЫ

Па аператыўных даных Асвода за сем месяцаў у Беларусі патанулі 218 чала-век, з якіх 23 – непаўналет-нія. Яшчэ 191 чалавек выратаваны, з іх 56 – дзеці.
Папярэджаны за парушэнне правілаў аховы жыцця людзей на вадзе 13524 чалавек, у тым ліку 2634 непаўналетнія.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *