Кавуны прыехалі

«Ура, кавуны прыехалі!» – хлопчык радасна пацягнуў маму за пакупкай. І сапраўды, на сваё традыцыйнае месца на рыначнай плошчы райцэнтра з паласатым бліскучым таварам завіталі прадаўцы з поўдня. Лічы, з іх у Ляхавічах і пачынаецца бахчавы сезон.

Смачная і карысная вялікая ягада – хіт продажу са жніўня па кастрычнік. Каб атрымаць сапраўднае задавальненне, важна не нарвацца на бахчавыя дрэннай якасці. За спакуслівым пахам кавуноў і дынь не павінна хавацца небяспека атруціцца сапсаваным ласункам, асабліва ў гарачыню. Таму перасцярога лішняй не будзе.
І яшчэ.
– Не раю ўжываць кавуны тым, хто пакутуе цяжкімі формамі хвароб нырак, печані, падстраўнікавай залозы, прастаты. Акрамя таго, салодкая мякаць не падыходзіць інсуліназалежным хворым на цукровы дыябет. Тым, каму пастаўлены дыягназ «дыябет ІІ тыпу», трэба ласавацца гэтай ягадай з асцярожнасцю, – раіць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў.
Звыклая карціна: прама на кірмашы пакупнікі, ні хвіліны не сумняваючыся, каштуюць адрэзаны кавалачак кавуна. Пра якую санітарыю ўспамінаць, калі пад рукой такая смаката? А дарма, хвароба брудных рук ці кішэчныя інфекцыі тут як тут. Асабліва камфортна яны сябе адчуваюць і хутка распаўсюджваюцца ў цёплае надвор’е. Пад уплывам высокіх тэмператур любыя прадукты псуюцца значна хутчэй. Нездарма забараняецца прадаваць кавуны разрэзанымі. На здароўі лепш не эканоміць і купіць цэлую ягаду.
– Найбольш спрыяльны час паласавацца кавунамі – сярэдзіна жніўня-верасень, калі яны набіраюць спеласць і даходзяць да патрэбнай кандыцыі менавіта на бахчы, а не па дарозе з паўднёвых краін. Калі вырашылі купіць кавун, запытайце ў прадаўца даведку аб стане яго здароўя, з санэпідэмстанцыі – на дазвол гандляваць гэтай культурай, сертыфікат адпаведнасці тавару санітарна-гігіенічным патрабаванням. Звярніце ўвагу і на знешні выгляд прадаўца, ён павінен быць апрануты ў чыстае адзенне, захоўваць правілы асабістай гігіены. Усе партыі кавуноў, якія трапляюць у нашу краіну, павінны прайсці кантроль, аналіз бярэцца на ўтрыманне таксічных элементаў, нітратаў, пестыцыдаў, гельмінтаў. Наогул, перш, чым нешта з’есці, варта ўважліва вывучыць не толькі сам прадукт, але і месца, дзе ён прадаецца, – гаворыць Віталій Ціханаў.
Санэпідэмслужба катэгарычна забараняе продаж бахчавых паабапал аўтамабільных дарог ці ў неабсталяваных месцах. Акрамя таго, кавуны і дыні павінны знаходзіцца на спецыяльных паліцах, накрытых тэнтам, а не наваленыя кучай на зямлі.
Па сведчанні медыкаў, кавуновыя атручэнні працякаюць вельмі цяжка. Таму не забывайце перад спажываннем абавязкова вымыць ягаду, пажадана шчоткай з мылам. Рэшткі нельга пакідаць надоўга пры пакаёвай тэмпературы, трымаць у халадзільніку.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *