Тры дні на Белым правяла аграрна-медыцынская зборная Ляхавіцкага раёна

Прыгожыя мясціны каля возера Белае, што ў Бярозаўскім раёне, з 3 па 5 жніўня сталі месцам дыслакацыі маладзёжнага палатачнага лагера-форума «Прыбужжа-2018». Мерапрыемства, што праходзіла ўжо чацвёрты раз, ініцыявалі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі; упраўленне спорту і турызму аблвыканкама, абласны камітэт ГА «БРСМ», Бярозаўскі райвыканкам.
У лагеры сабраліся больш за 200 актыўных юнакоў і дзяўчат са ўсіх раёнаў Брэстчыны. Прадстаўнічай была і дэлегацыя Ляхавіччыны. У яе складзе 13 нашых маладых землякоў, якія працуюць у ААТ «Жарабковічы» і райбальніцы. Капітанам аграрна-медыцынскай зборнай абралі інжынера па ахове працы «Жарабковічаў»
Сяргея Новіка.

В.а. першага сакратара райкама БРСМ Марыя Лутавінава расказала пра насычаную і цікавую праграму форума. Культурная частка праграмы раскрыла творчы патэнцыял каманд-удзельніц.
– Прадстаўлялі візітоўкі на тэму «Стагоддзе маладзёжнага руху», прэзентавалі свае палатачныя гарадкі ў конкурсе бівакоў «Беларускі хутарок». Дэманстравалі інтэлектуальныя здольнасці ў квізе «Мазгавы штурм». А яшчэ спявалі песні пра родную Беларусь, – з захапленнем ўзгадвае Марыя.
Што за адпачынак на свежым паветры без спартыўных спаборніцтваў? Валейбол, дартс, перацягванне каната, падняцце гіры, гонкі на веласіпедзе – вось дзе маладым даводзілася дэманстраваць спрыт, сілу, вытрымку. А яшчэ сплаўляліся на байдарках і пераадольвалі спартыўна-турыстычную паласу. Ляхавічанам асабліва ўдаліся спаборніцтвы па стральбе, валейболе, а таксама веласпорце. Каманда ўдзячна ААТ «Жарабковічы», асабліва дырэктару таварыства Антону Булатаму, за дапамогу ў арганізацыі паездкі.
А «Прыбужжа-2019» прыме Брэст. Менавіта каманда абласнога цэнтра стала сёлетняй пераможцай.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Тры дні на Белым правяла аграрна-медыцынская зборная Ляхавіцкага раёна

  • 14/08/2018 в 13:11
    Permalink

    Было здорово, новые встречи, новые знакомства! Соперничество только на состязаниях, а после дружеская и приятная обстановка!)))

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *