З Партугаліі – з рэгаліямі. Уладзіслаў Цярпіцкі заваяваў «серабро» ў Партугаліі

З 15 па 28 ліпеня ў партугальскім горадзе Каімбра праходзілі Еўрапейскія ўніверсітэцкія гульні – чацвёртыя па ліку. Буйное, комплекснае спаборніцтва Старога Свету ладзіцца праз год і з’яўляецца, па сутнасці, студэнцкім еўрапейскім чэмпіянатам.

Былі разыграны прызы па 13 відах спорту (бадмінтон, баскетбол, стрытбол, футбол і міні-футбол, гандбол, веславанне, тэніс настольны і вялікі, валейбол, дзюдо і іншыя – як сярод мужчын, так і жанчын), а агульная колькасць удзельнікаў перавысіла 4000 чалавек. Наша краіна мела прадстаўніцтва далёка не ва ўсіх з пералічаных відаў. Аднак, там, дзе беларусы выходзілі на старт, – выступілі вельмі варта. Напрыклад, нашы байдарачнікі і канаісты сабралі на партугальскіх водных трасах цэлы россып медалёў. У тым ліку і залатых. Няблага заявілі пра сябе і беларускія дзюдаісты. Каманда з дзевяці атлетаў, якія ў пераважнай большасці прадстаўлялі сталічныя ВНУ, заваявала чатыры медалі – залаты і тры сярэбраныя, адзін з якіх – ляхавіцкі. Наш зямляк, былы выхаванец трэнера-выкладчыка раённай тады яшчэ ДЮСШ Віктара Богуша Уладзіслаў Цярпіцкі стаў другім у спаборніцтве дзюдаістаў вагавай катэгорыі «100 плюс». Уладзіслаў паспяхова дабраўся да фінальнай схваткі, дзе ў напружанай барацьбе саступіў дзюдаісту з Украіны.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *