«Шырокім крокам». 12 жніўня — Дзень будаўніка

Мясцовая ПМК-13 трэста «Пінсксаўгасбуд» вызначылася маштабнасцю і сацыяльна-вытворчай значнасцю следу, пакінутага ёю на тэрыторыі горада, раёна, вобласці і краіны за 50 гадоў свайго існавання.
Дата яе нараджэння – 6 жніўня 1968 года. Набірала маштаб кампанія па меліярацыі забалочаных і пераўвільготненых зямель беларускага Палесся.

Узнікла неабходнасць у арганізацыі, якая б займалася будаўніцтвам вытворчых і аб’ектаў сацыяльна-бытавога пры-значэння на меліяраваных землях. Якімі ў тыя часы былі многія з палескіх вёсачак – можна сабе ўявіць. Якімі сталі пасля таго, як над імі папрацавалі меліяратары і будаўнікі – можна паглядзець на прыкладзе Свяціцы ці Ліпска. Капітальная трансфармацыя інфраструктуры гэтых населеных пунктаў – у тым ліку і прамая заслуга ПМК-13.
Першым начальнікам мехкалоны стаў Ілья Парфенаў. Пасля былі іншыя і, зрэшты, у 1986-ым кіраўніком быў прызначаны Міхаіл Шэйда. Калі не эпоха то, безумоўна, эпапея Міхаіла Антонавіча працягвалася больш за тры дзясяткі гадоў. Выніковая, эфектыўная і эфектная.

Зараз калону ўзначальвае Уладзімір Дарашкевіч – вопытны спецыяліст, які прайшоў фактычна ўсе прыступкі будаўнічай лесвіцы. На чале з ім Ляхавіцкая ПМК-13 перайшла на «шырокі крок». Такую назву атрымала адна з тэхналогій узвядзення будынкаў. Дастаткова новая, яна ўяўляе сабой адрознае ад класічнага канструкцыйна-планіровачнае рашэнне ў будаўніцтве. З’яўляецца альтэрнатывай буйнапанэльнаму і, у параўнанні з ім, мае шэраг пераваг архітэктурна-планіровачнага і эксплуатацыйнага характару, больш хуткімі з’яўляюцца тэмпы будаўніцтва. Дамы, спраектаваныя і ўзведзеныя па шырокай схеме, ужо эксплуатуюцца ў Брэсце, Баранавічах, Пінску, Ганцавічах.
Пабудаваны па гэтай тэхналогіі шматпавярховік хутка з’явіцца і ў Ляхавічах. Адрас – завулак Фестывальны. Работы па ўзвядзенні пяціпавярховага 40-кватэрнага жылога дома стартавалі ў маі, а ўжо на канец года запланавана яго здача.
Тое, што зараз адбываецца на будпляцоўцы, можна бачыць, параўноўваць, адзначаць хуткі рост аб’екта. Работа вядзецца вахтамі, штодзённа з 8 да 21 гадзіны, будаўнікі «выйшлі» ўжо на другі паверх і працягваюць падымацца ў імкненні завяршыць усё якасна і ў планавыя тэрміны. З чатырох дзясяткаў кватэр 35 атрымаюць удзельнікі долевай схемы жыллёвага будаўніцтва, а пяць папоўняць фонд арэнднага жылля раёна. Арэндная доля будаўніцтва фінансуецца ў роўнай прапорцыі з абласнога і раённага бюджэтаў.
Дом па завулку Фестывальным – значны для арганізацыі будпадрад і сацыяльна значны для раёна аб’ект. Але не на ім адзіным замыкаюцца гэтым часам вытворчыя інтарэсы прадпрыемства. У выніку параўнальна нядаўніх конкурсных таргоў ПМК-13 атрымала падрад на рэканструкцыю харчовага блока Навасёлкаўскай школы. Аб’ект адказны, павінен быць завершаны будаўніцтвам да пачатку навучальнага года. Даводзіцца працаваць у тэмпе і без страты якасці на кожным з участкаў і відаў работ.
З Ляхавіччыны, па якой можна вывучаць 50-гадовую гісторыю арганізацыі, перанясёмся ў рэгіёны, дзе патрабуюцца паслугі ПМК-13. Сеткі і збудаванні маштабнай – адных толькі станцый абязжалезвання шэсць – водазаборнай сістэмы «Сумарокава» ў Магілёўскай вобласці нашы землякі ўжо фактычна завяршылі. Аб’ект «выведзены» пад здачу. А вось віцебскі адрас калона-юбілярка пачала асвойваць нядаўна. У Аршанскім раёне працуюць з мая. Там на землях аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў з нуля і з удзелам ПМК-13 пачаў ужо вырастаць сучасных стандартаў малочнатаварны комплекс. На Аршаншчыне нашы землякі затрымаюцца да канца 2019 года – тэрміну завяршэння работ і пуску аб’екта ў эксплуатацыю.
ПМК-13 па сілах ажыццяўляць усе віды агульнабудаўнічых і спецыяльных работ па ўзвядзенні жылых дамоў, офісных памяшканняў, будынкаў і збудаванняў вытворчага і сельгаспрызначэння, аддзелку фасадаў і ўнутраных інтэр’ераў. Але не толькі: важкае месца ў структуры і эканоміцы прадпрыемства займае падсобная гаспадарка. У яе аснове – стацыянарны і палявы растворабетонныя вузлы, цэх дрэваапрацоўкі, арматурны цэх. Усё гэта можа і працуе на заказ – на карысць жыхароў раёна, юрыдычных асоб і, што асабліва важна, дазваляе эканоміць на выкананні асноўных падрадаў.
Аднак галоўным вытворчым актывам, сапраўдным багаццем ПМК-13 з’яўляюцца людзі. На гэты факт кіраўніцтва арганізацыі ўказвае як на аксіёму. Кожны са 170 членаў калектыву – чалавек на сваім месцы і профі сваёй справы. Аснову калектыву складаюць вопытныя работнікі, але і моладзь знаходзіць сябе на рыштаваннях ПМК. За апошні час, напрыклад, у калектыў прадпрыемства ўлілося каля трох дзясяткаў працаўнікоў, у тым ліку інжынерна-тэхнічныя работнікі – выпускнікі спецыялізаваных навучальных устаноў.
– Пры падборы кадраў упор робім на сваіх, мясцовых. Літаральна пару тыдняў назад на пасаду майстра прыйшоў сын ветэрана нашага прадпрыемства, – адзначыў начальнік ПМК-13 Уладзімір Дарашкевіч.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Паважаныя калегі,  ветэраны  арганізацыі!
Праца будаўніка ва ўсе часы была і застаецца ў асаблівай пашане. Дзякуючы вашаму майстэрству і руплівасці прыгажэюць і становяцца больш камфортнымі гарады і вёскі, вырастаюць новыя дамы, вытворчыя будынкі, аб’екты сацыяльна-бытавога прызначэння.
Жадаем вам новых поспехаў, цікавых праектаў і падрадаў. Здароўя, міру, дабра вам, вашым родным і блізкім!
Адміністрацыя,  прафкам УБП «ПМК-13».

Начальнік ПМК-13 Уладзімір Дарашкевіч (у цэнтры) з майстрам Ігарам Пастарнакевічам і мантажнікам Юрыем Васілько.

Мы — муляры

Старшы прараб Уладзімір Бельмач (у цэнтры) з брыгадай аддзелачнікаў.

Дзяжурная па будоўлі Людміла Трахімовіч.

Бухгалтарская служба на чале са Святланай Цітко.

Вядучыя інжынеры Барыс Петухоў, Святлана Зіновіч і вядучы эканаміст Ганна Біза.

Вядучыя інжынер-дыспетчар Віктар Асіповіч і вядучы інжынер-механік Расціслаў Дуброўскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *