Стратэгія з перспектывай. У Гомельскай вобласці прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум

Формы і метады работы з моладдзю павінны ўдасканальвацца. На гэтым акцэнтавала ўвагу Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на рэспубліканскім семінары-практыкуме па дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, які 7-8 жніўня праходзіў у Гомельскай вобласці.

Наталля Качанава адзначыла, што семінар-практыкум стаў пляцоўкай, дзе абмяркоўваюцца задачы, даручэнні па пытаннях развіцця маладзёжнай палітыкі, пастаўленыя Кіраўніком дзяржавы на V Усебеларускім народным сходзе, Рэспубліканскім педагагічным савеце, іншых мерапрыемствах і нарадах.
Спектр абмяркоўваемых тэм уключаў, у тым ліку, пытанні прафесійнай арыентацыі старшакласнікаў, атрымання адукацыі і працаўладкавання, прадастаўлення першага рабочага месца, патрыятычнага выхавання моладзі і інш.
Практычныя аспекты рэалізацыі маладзёжнай палітыкі прадставілі ўстановы, прадпрыемствы, арганізацыі Рэчыцкага раёна. Ішла размова пра ролю моладзі ў інавацыйнай палітыцы прадпрыемства, падтрымку таленавітай моладзі, дзіцячай і маладзёжнай ініцыятывы, маладзёжнае самакіраванне, інстытут настаўніцтва, выхаванне падрастаючага пакалення праз прызму захавання народных традыцый. На інтэрактыўных пляцоўках свае спартыўныя, творчыя, патрыятычныя праекты прадставіла моладзь Гомельскага рэгіёна.
Удзельнікі семінара азнаёміліся з рэспубліканскай выставай, прысвечанай сучасным метадам работы з моладдзю ў рэгіёнах Беларусі. На пленарным пасяджэнні абмяркоўвалася ўдасканаленне дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што да 2030 года ў Беларусі распрацуюць стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.
Ігар Карпенка падкрэсліў, што работа з моладдзю з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці органаў дзяржаўнай улады. Асноўныя задачы, формы, метады, напрамкі работы з моладдзю вызначаны ў дзяржпраграме «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016-2020 гады. «Ва ўмовах хутказменлівага свету неабходна пачаць распрацоўку стратэгічных падыходаў развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на перспектыву», – сказаў міністр.
Падрыхтоўка праекта стра-тэгіі запатрабуе прыцягнення ўсіх зацікаўленых органаў і структур, у тым ліку працуючых на месцах. Вызначаны прыярытэтныя напрамкі. Сярод іх – фарміраванне сацыяльна актыўнай асобы маладога чалавека, удасканаленне праф-арыентацыйнай работы, стварэнне ўмоў для эфектыўнага прафесійнага станаўлення і развіцця моладзі, пашырэнне маладзёжнага прадпрымальніцтва, арганізацыя другаснай занятасці, грамадзянска-патрыятычнае і маральнае выхаванне моладзі.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара, Ігар Карпенка адзначыў, што пры распрацоўцы стратэгіі важны вопыт на месцах, і заклікаў актыўна ўносіць прапановы.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Гавораць удзельнікі семінара

Святлана ЮРЛЕВІЧ, намеснік старшыні райвыканкама:
– Праграма двухдзённага рэспубліканскага семінара была вельмі насычанай, дынамічнай і практыка-арыентаванай. Інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы дэманстравалі сучасныя метады работы з моладдзю ў рэгіёнах, спартыўныя, творчыя, патрыятычныя праекты прадстаўляла Гомельшчына – пазнавальна, ярка і маштабна. Брэстчына прэзентавала маладзёжны патрыятычны цэнтр, які стане базай для рэалізацыі мноства цікавых ідэй і ініцыятыў.
Моладзь сёння хоча быць запатрабаванай і мець умовы для самарэалізацыі. Патрабуецца імпульс, падыход у арганізацыі работы з юнакамі і дзяўчатамі. На семінары-практыкуме ішоў пошук такіх формаў, былі вызначаны прыярытэты і расстаўлены акцэнты ў рабоце з моладдзю.
Пра вопыт узаемадзеяння нашай дэлегацыі расказалі на Рэчыцкай міні-ТЭЦ. Тут «выхоўваюць» працаўнікоў літаральна са школы, а маладым спецыялістам – усемагчымая падтрымка. Цікава было пабываць і на іншых прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі Рэчыцкага раёна. Заўсёды карысна паглядзець, як наладжана работа ў кагосьці, ацаніць свой патэнцыял.
На пленарным пасяджэнні абмяркоўвалі ўдасканаленне дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на пытанні працаўладкавання моладзі.    У нашым раёне вялікае значэнне надаецца арганізацыі працоўнай занятасці юнакоў і дзяўчат. У гэтым напрамку добра зарэкамендавалі сябе студатрады. Гэта цікава сучаснай моладзі.
Рэспубліканскі семінар, яго рашэнні, упэўнена, стануць для моладзі праграмай заўтрашняга дня, стратэгіяй дзеянняў.

Алег ТРАЦЦЯК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
– Рэспубліканскі семінар-практыкум стаў пляцоўкай, дзе ўздымаліся сапраўды актуальныя і важныя пытанні. Размова атрымалася цікавай, змястоўнай і выніковай, засноўвалася на канкрэтных прыкладах. Свой вопыт і напрацоўкі, разнастайныя формы і метады работы з дзецьмі і моладдзю прадстаўлялі ўсе рэгіёны Беларусі, у тым ліку Брэстчына.
Чырвонай ніткай праз многія выступленні праходзіла думка, што падрастаючае пакаленне важна выхоўваць патрыётамі. Нездарма і семінар пачаўся на знакавым месцы: прадстаўнікі ідэалагічнай вертыкалі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гарадскім пасёлку Лоеў.
Работа з маладымі спецыялістамі, у тым ліку інстытут настаўніцтва, падтрымка маладзёжнай ініцыятывы, выхаванне інтарэсу і беражлівага стаўлення да народных традыцый – гэтыя і многія іншыя пытанні вельмі блізкія ўсім, хто працуе з моладдзю. А наогул, прагучала шмат арыгінальных ідэй, якія вартыя  таго, каб узяць іх на ўзбраенне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *