Жніўная тэхніка: на мяжы фантастыкі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Гомельскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу, а таксама ААТ «Гомсельмаш», дзе азнаёміўся са станам і перспектывамі развіцця прадпрыемства, работай канструктарскага бюро па стварэнні новых узораў высокапрадукцыйнай збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні даручэнняў па развіцці айчыннага камбайнабудавання.

Прэзідэнт даручаў у гэтым уборачным сезоне прадэманстраваць сучасны высокапрадукцыйны камбайн, які не ўступае лепшым сусветным узорам (так званы суперкамбайн). У 2018 годзе выканана распрацоўка канструктарскай дакументацыі мадэлі камбайна КЗС-2124, якая ўлічвае новыя тэндэнцыі ў развіцці камбайнабудавання. Гэта тэхніка працягвае развіццё лінейкі машын на базе найбольш прадукцыйнага збожжаўборачнага камбайна КЗС-1624-1.
Да ўборачнага сезона выраблена тры ўзоры камбайна новай мадэлі. Камбайн арыентаваны на перадавыя гаспадаркі, якія вырошчваюць высокаўраджайнае (больш за 60-70 ц/га) збожжа. Па прадукцыйнасці і якасці ўборкі новы камбайн не ўступае лепшаму замежнаму аналагу – збожжаўборачнаму камбайну Lехіоn 770 фірмы Сlaas, маючы цану амаль у два з палавінай разы ніжэйшую.
Прэзідэнту прадставілі камбайн-навінку «Палессе GS1218» на газаматорным паліве. Новая тэхніка крыху даражэйшая ў параўнанні з традыцыйнымі аналагамі, аднак дае магчымасць значна эканоміць на кошце паліва. Аляксандр Лукашэнка зацікавіўся навінкай і даручыў да наступнай уборачнай кампаніі вырабіць некалькі такіх камбайнаў, каб апрабаваць іх у якасці эксперымента ў адной з гаспадарак.
Наведваючы ААТ «Гомсельмаш», Аляксандр Лукашэнка даручыў запусціць у краіне маштабную праграму па аднаўленні і мадэрнізацыі тэхнікі, якая адслужыла свой тэрмін. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у першую чаргу гэта датычыцца тэхнікі такіх беларускіх прамысловых грандаў, як МАЗ, МТЗ і «Гомсельмаш». Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу, што прывядзенне ў парадак паралельна з пэўнай мадэрнізацыяй старой тэхнікі магло б стаць паўнацэнным дадатковым напрамкам работы ААТ «Гомсельмаш», якая была б запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і ў сумежных краінах – Расіі, Украіне. З іншага боку, гэта было б выгадна і самім сельгасарганізацыям, якія маглі б вярнуць у абарот старую невыкарыстоўваемую тэхніку за трэць або палову кошту новай. Як аказалася, «Гомсельмаш» працуе ўжо ў гэтым напрамку, аднак пакуль толькі ў  рамках Гомельскага рэгіёна.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў існуючых умовах высокай і не заўсёды доб-расумленнай канкурэнцыі прадпрыемству ўдасца не проста выстаяць, але і перасягнуць сваіх канкурэнтаў. У сувязі з гэтым ён асабліва акцэнтаваў увагу на неабходнасці далейшага паляпшэння якасці прадукцыі, павышэння яе надзейнасці, на распрацоўцы розных навінак, якія будуць запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, пошуку новых рынкаў збыту і крыніц забеспячэння ўстойлівай работы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава не збіраецца адмаўляцца ад «Гомсельмаша» і падобных да яго прадпрыемстваў.
«Вы чуеце шмат наконт таго, што, вось, гіганты, іх даўно пара пасекчы на часткі, распрадаць. Мы нічога не будзем секчы, прадаваць. Гэта здабытак нашага народа, і не толькі нашага пакалення. І мы ўсяляк будзем берагчы і ўмацоўваць гэтыя прадпрыемствы», – заявіў Прэзідэнт.

ДАРЭЧЫ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня на палях ААТ «Александрыйскае» выпрабаваў беларускі збожжаўборачны камбайн «Палессе GS2124».
«Гэта камбайны для тых гаспадарак, якія навучыліся рыхтаваць глебу. Калі крыху няроўнасць – усё, ён плыве, ловіць гэтыя няроўнасці, таму што жняярка аўтаматычна рэгулюецца. Таму патрэбны самыя высокія тэхналогіі па рабоце з глебай. Але трэба дапрацаваць, гэта сапраўды камбайн будучага», – вынес свой вердыкт Прэзідэнт.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *