Акадэмія жыцця

І побач, і разам вось ужо больш за паўстагоддзя крочаць па жыцці нашы землякі Генрых і Ларыса Траццякі

– Жанчына – гэта жыццё. Яна – натхненне, радасць, стымул для дасягнення недасягальнага. Без яе любві, вернасці, міласэрнасці свет не быў бы такім цудоўным. Нават не ўяўляю сябе без маёй Ларысы Паўлаўны, якая не толькі падтрымлівала ва ўсіх справах, а і падарыла мне трох сыноў, – гаворыць Генрых Траццяк.
А ягонае слова важкае, як жа – Герой Сацыяліс-тычнай Працы, кандыдат сельскагаспадарчых навук, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў узначальваў вядомы нават за межамі рэспублікі калгас імя Ламаносава. Паўвекавая гісторыя сямейнай пары Траццякоў – прыклад таго, як у гармоніі, каханні і згодзе жыць, працаваць, ствараць, натхняцца, выхоўваць дзяцей.
У свой час карэнная ленінградка, супрацоўніца Горацкай сельгасакадэміі, дзе выкладала курс хіміі, Ларыса Траццяк падтрымала жаданне мужа вярнуцца на яго малую радзіму ў Ляхавіцкі раён. Стала настаўніцай у вясковай школе, хутка асвоіла сельскае жыццё, знайшла агульную мову з вяскоўцамі. Да яе і сёння прыходзяць за парадамі, падзяліцца праблемамі.
І Генрых Міхайлавіч, і Ларыса Паўлаўна аднолькава апантана бяруцца за любую новую справу, не баяцца памыліцца, бо цвёрда ведаюць, калі не паспрабуеш – не атрымаеш вынік. Калісьці ён рызыкнуў, з лёгкасцю змяніў навуковую будучыню на калгаснае жыццё. Пачынаў з агранома ў калгасе імя Ламаносава, неўзабаве ўзначаліў гаспадарку. І менавіта на чале з маладым кіраўніком калгас гучна заявіў пра сябе на аграрнай ніве. Будавалі новыя фермы і вытворчыя памяшканні, узводзілі жыллё, асфальтавалі дарогі, газіфікавалі вёскі – рос дабрабыт калгаснікаў. Ні калі працаваў аграномам, ні ў часы старшынства Генрых Траццяк не забываў пра навуку, у 1975 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1988 годзе Генрыху Траццяку прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы – якраз сёння 30-гадовы юбілей гэтай падзеі, з чым і віншуем шаноўнага земляка.
Генрых Міхайлавіч упэўнены, што ўзнагарод магло б не быць, калі б не штодзённая падтрымка жонкі. Ларыса Паўлаўна ўзяла на сябе і хатнія абавязкі, і з кандыдацкай дапамагала, хапала часу і на дзяцей – сваіх і школьных. Яна і цяпер ва ўсім побач. І не менш аддана любіць малую радзіму свайго мужа – Ляхавіччыну, якая стала ёй таксама роднай. Разам яны шчыруюць на ўжо сваёй, але такой знакавай для раёна сядзібе ў Флер’янове – былым маёнтку Бохвіцаў.
Галіна КАНЬКО.

Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *