Закон і ў арміі – закон

Не так даўно пракурорскія работнікі Беларусі адзначылі прафесійнае свята. Ужо 90 гадоў, дзякуючы штодзённай самаадданай працы па абароне інтарэсаў дзяржавы і кожнага грамадзяніна, пракурорская служба садзейнічае ўмацаванню дзяржаўнасці, аўтарытэту дзяржорганаў і дазваляе насельніцтву быць упэўненым у перамозе справядлівасці.

Пракурорскія работнікі Баранавіцкай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры, як і іншыя калегі, адказна ставяцца да служэння сваёй справе і захавання слаўных пракурорскіх традыцый.

Асноўныя намаганні ў дзейнасці Баранавіцкай МВП былі засяроджаны на папярэ-джанні гібелі і траўматызму асабовага саставу, супрацьдзеянні злачыннасці і карупцыйным праяўленням, забеспячэнні захаванасці і рацыянальнага выкарыстання ваеннай і іншай дзяржаўнай маёмасці, сацыяльнай абароны законных правоў і інтарэсаў ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў, выкананні ў воінскіх фарміраваннях заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму   і барацьбе з тэрарызмам, забеспячэнні законнасці прымаемых рашэнняў на ўсіх узроўнях кіравання войскамі, рабоце з грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі.

Пракурорскімі работнікамі Баранавіцкай МВП за першае паўгоддзе праведзена 22 пракурорскія праверкі. Па іх выніках камандаванню паднаглядных воінскіх часцей, устаноў і арганізацый унесена 68 актаў пракурорскага нагляду (прадстаўленняў, прадпісанняў, пратэстаў, афіцыйных папярэджанняў), 38 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 4 — да матэрыяльнай.

У тым ліку і дзякуючы належнаму пракурорскаму нагляду на 54 працэнты знізілася колькасць зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях парушэння заканадаўства.

Варта адзначыць, што прынятыя ва ўзаемадзеянні з камандаваннем меры станоўча адбіліся на ўзроўні дысцыпліны і правапарадку. Пра гэта сведчыць той факт, што за 6 месяцаў 2012 года па выніках пракурорскіх праверак крымінальныя справы не ўзбуджаліся, а агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў знізілася на 30 працэнтаў (з 9 да 6). У мінулым паўгоддзі не зарэгістравана фактаў гібелі ваеннаслужачых.

Нагадваем, што пры наяўнасці інфармацыі пра супрацьпраўныя дзеянні з боку ваеннаслужачых і службовых асоб воінскіх часцей вы можаце звяртацца ў Баранавіцкую міжгарнізонную ваенную пракуратуру па адрасе г. Баранавічы, вул. Войкава, 12а,  тэл./факс (8-0163)-45-22-28.

Максім НАЗДРЫН,
старшы памочнік Баранавіцкага
міжгарнізоннага ваеннага пракурора

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *