Дзе парадак, там клас

Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна працягваюць займацца кармамі. Пры гэтым колькасць павінна быць памножана на якасць. Прыведзеная формула з’яўляецца базісам, на якім будуецца аграрная эканоміка. Вызначэнне якасных характарыстык корманарыхтовак, кантроль за іх адпаведнасцю нарматыўным паказчыкам з’яўляецца адным з функцыяналаў ветлабараторыі раённай ветэрынарнай станцыі. Кожная сянажная траншэя, партыі ўпакаванай у стрэйч-плёнку сянажнай масы, сена атрымалі і працягваюць атрымліваць якасную ацэнку спецыялістаў.

Як расказала в. а. загадчыка лабараторыі Алена Стражнюк, на гэтым, аператыўным, этапе кант-роль ажыццяўляецца па трох паказчыках. Нормай лічыцца вільготнасць сянажнай масы ў межах 41-57, сена – 17-19 працэнтаў. Нарматыўнае значэнне мае ўтрыманне пратэіну і караціну. Пры вызначэнні ацэнкі кармавога прадукту спецыялісты звяртаюць увагу на яго колер, пах, састаў. Па сукупнасці ўсіх гэтых характарыстык і выносіцца вердыкт. У адпаведнасці з праведзенымі лабара-торнымі даследаваннямі, браку ў сваёй рабоце корманарыхтоўшчыкі раёна не дапусцілі. У тым сэнсе, што ні тоны «пазакласнага» корму ў гаспадарках раёна на гэтым этапе не выяўлена. Большасць закладзенай у траншэі і запакаванай у стрэйч-плёнку сянажнай масы адпавядае патрабаванням першага – лепшага – класа (58 працэнтаў ад агульнай колькасці). Да другога класа аднесена 35, а да трэцяга – 7 працэнтаў сянажных нарыхтовак. Пятая частка даследаваных узораў сена аказалася другакласнай, астатняе мае першакласную якасць. Гэты расклад з’яўляецца сярэднераённым і за перыяд на канец першай дэкады жніўня.
Статыстычныя даныя сведчаць, што СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор», ДП «Нача» рыхтуюць і закладваюць на захоўванне сянажную масу пераважна першага класа якасці. А ў агракаледжы і наогул 100 працэнтаў сянажных закладак і ўсё нарыхтаванае сена адпавядаюць першаму якаснаму класу.
У пашыраным спісе актыўных корманарых-тоўшчыкаў раёна знойдзецца месца «Жарабковічам», «Шляху новаму». Пры гэтым, каля паловы жарабковіцкіх сянажных закладак і больш за 57 працэнтаў сенажу «Шляху новага» па выніках даследаванняў ацэнена першым класам.
На адным з зялёных палеткаў «Шляху новага» з Аленай Стражнюк пабываў карэспандэнт «ЛВ». Мэта – зняць пробу з падрыхтаванай для прасавання і ўпакоўкі ў стрэйч-плёнку люцэрны. Як патлумачыў галоўны аграном ААТ Сяргей Вярэніч, гэта ўжо другі, аднак не апошні сёлета яе ўраджай. Культура дастаткова высокаўкосная, з высокім ўтрыманнем бялковага кампанента. А бялок – гэта малако, адзначыў аграрый.
Кантроль за якасцю корму на этапе нарыхтоўкі не заканчваецца. Наступны раз спецыялісты райветстанцыі правядуць адбор і аналіз проб сенажу праз месяц пасля закладкі. Гэта будзе больш глыбокае даследаванне – поўны заатэхнічны аналіз, прадукт атрымае ацэнку, зыходзячы з 13-ці пазіцый. Там, дзе быў дапушчаны непарадак у закладцы-захоўванні, магчыма паніжэнне класнасці корму. А там, дзе парадак, там клас.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *