Грушаўка як брэнд. Ці не час раённаму фэсту «З крыніц спрадвечных» мяняць маштаб?!

Калі чарговы раз праязджала па вядомай «лесвіцы ў неба», мінала дрэвы, якім давялося быць сведкамі яскравых гістарычных падзей, равеснікамі тых выбітных асоб, што бударажылі свет сваімі справамі, падумала: з чым можна параўнаць грушаўскія краявіды? Магчыма, з машынай часу, якая супыняе ход гадзінніка.
Нездарма менавіта сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы так палюбілася аматарам фальклорнага мастацтва. Тут па-іншаму іграецца, званчэй спяваецца і як жа арганічна ў акружэнні рэйтанаўскіх пабудоў выглядаюць майстры самых розных рамёстваў. І менавіта тут у мінулую суботу адбылося раённае свята народнай творчасці «З крыніц спрадвечных» – сямнаццатае па ліку.
Па брукаванай алеі крочылі ўдзельнікі фэсту. Досыць напець матыў, як гармонікі, бубны, ударныя падхаплялі, і гэта гучная музычная грамада мігам разрывала паветра сакавіта-смачным беларускім прыпевам. З’ехаліся звыш 50 фальклорных калектываў. Межы свята перасягнулі Ляхавіцкі раён: на імпрэзу завіталі самадзейныя артысты з Піншчыны, Пружаншчыны, Ганцавіччыны. Мусіць, прыспеў час афіцыйна мяняць маштаб.
А ўсе ўдзельнікі ў кадры камеры смартфонаў, уладальнікі якіх тут жа папаўнялі стужкі навін сацыяльных сетак. Дарэчы, у наступным годзе можна было б запусціць інстаграмаўскі флэшмоб з хэштэгамі #ЗкрыніцСпрадвечных ці #НашаГрушаўка.

«Спадчына» (Мыслабажскі Дом народнай творчасці) – адзін са старэйшых на Брэстчыне фальклорных калектываў.

Самыя юныя ўдзельнікі фэсту – фальклорны гурт «Купалінка» Навасёлкаўскага СДК і іх кіраўнікі Іван і Таццяна Пішчы.

Шчыра вітала і віншавала з такой чаканай падзеяй удзельнікаў і гасцей свята намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
А пасля сцэна, што размясцілася каля былога рэйтанаўскага дома, запоўнілася музыкантамі і танцорамі. Яны ведалі, чым здзівіць публіку, як не пакінуць ёй шанца, каб не пусціцца ў пляс.
Удзельнікі выступалі ў трох намінацыях. Першымі – дзіцячыя (прыемная акалічнасць, у гэтым годзе іх было многа) і дарослыя калектывы ў намінацыі «фальклорная песня». Самым галасістым журы прызнала народны калектыў «Дабраславачка» з Піншчыны.
Сцэна ператваралася то ў вясковую хату, дзе ладзіўся вясельны абрад, то ў хлебнае поле, дзе вось-вось пачнецца жніво. Кранулі сваёй шчырасцю, багатым фальклорным матэрыялам клуб аматараў фальклора «Беларуская скарбонка» Дараўскага СДК – у іх заслужанае першае месца ў намінацыі «абрад».
А пасля… наляцеў вецер, пачаўся дождж. На імгненне здалося, што свята скончылася. Але ці можа дрэннае надвор’е спыніць гарманістаў і прыпевачніц?! Яны ўсё роўна заспявалі, зайгралі – ды так, што неўзабаве зноў вярнулася сонейка (давайце не будзем лічыць гэта выпадковасцю). Запаліла арыгінальнымі прыпеўкамі і заняла пераможнае першае месца ў намінацыі «найгрышы з прыпеўкамі» госця з Пружаншчыны Валянціна Бартынёва.
Акрамя падарункаў і грамат, удзельнікі свята атрымалі гліняныя статуэткі на памяць пра Грушаўку-2018. Сувеніры – работа рук таленавітага майстра-мастака Алены Базылевай. Яна таксама ўдзельнічала ў свяце.
Дарэчы, што датычыць рамеснікаў: было што паглядзець, самому павучыцца і набыць арыгінальны сувенір. Збірала вакол сябе ганчарная майстэрня Сяргея Шэлеста з вёскі Гарадная Пінскага раёна. За ганчарны круг мог сесці кожны: дзясятак хвілін і з камячка гліны вырысоўваўся будучы гаршочак.
Людна і каля саламяных вырабаў, тут таксама разгарнуліся майстар-класы. Кветкі, лялькі, вазы, капелюшы, упрыгажэнні – пра ўсё раскажуць і пакажуць, як пляцецца. Касцюмы, кашулі, сукенкі з вышытымі беларускімі ўзорамі, сурвэткі, абрусы, ручнікі – вочы разбягаліся ад неверагодных вырабаў ручной работы. Яскрава заўважыла адна з гасцей свята, калі разглядала калекцыю драўляных работ Цімура Маісеенкі са Свяціцы:
– Рэчы ўнікальныя, іх не знойдзеш у супермаркеце, яны не тыражуюцца.
І якое ж фальклорнае свята без страў беларус-кай кухні? Дранікі, наліснікі, пірагі, маласольныя агурочкі, каўбаса, сала, квас – смакаў-прысмакаў было на любы густ.

Прагуляцца па сядзібе – адно задавальненне. Пышнае лета, рэшткі былых пабудоў, шматлікія сцежкі-дарожкі – гэта ўсё Грушаўка. А сёлета можна было не толькі прайсціся, але і пракаціцца па гэтых мясцінах – конную прагулку прапаноўвалі гаспадары аграсядзібы «Залатая падкова» з Баранавіцкага раёна.
Упэўнена, «З крыніц спрадвечных» застанецца ў памяці надоўга, тым больш – на карцінах з грушаўскім сюжэтам, што малявалі выхаванцы Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнай дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон» ГДК і Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Галасісты дуэт з Пружаншчыны.

Фальклорны калектыў «Зараначка» Востраўскага СДК.


Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *