Пазакласны ўрок ад Леаніды Рачкоўскай

Ах, якая прыгажосць! Яна проста заварожвае, здаецца, любаваўся б і любаваўся! У захапленні, не стрымліваючы станоўчых эмоцый, так усклікае кожны, хто праходзіць ці праязджае каля Русінавіцкай пачатковай школы. Сапраўды, нельга не захапляцца дзівосным кветкавым раем, у які трапляеш адразу, як толькі ступаеш на рознакаляровы, з густам аформлены і добраўпарадкаваны школьны двор. Стыльныя кветкавыя кампазіцыі, нібы пад лінейку, падстрыжаныя кусты і газоны, велічныя дрэвы абрамляюць дагледжаны, заўсёды ў ідэальным стане будынак навучальнай установы аграгарадка Русінавічы.

А ўладараць вакол кветкі. Сальвіі, каны, медуніцы, амаралісы, браткі, касачы, віёлы, прымулы, маргарыткі, незабудкі, хосты, агератумы, астры — далёка не поўны пералік кветак, якія прыгожым карагодам размясціліся на клумбах, альпійскіх горках, рабатках. І цвітуць яны на радасць і задавальненне ўсім на працягу шасці месяцаў з красавіка па кастрычнік.

На кожную кветку свой час і сваё месца. Таму работа над фларыстычным афармленнем ідзе бесперапынна, а вынік — вось ён! Сакрэт такой эстэтыкі просты  — кветкі вырашчаны і выпешчаны з душой, радасцю і добрым настроем не проста кветкаводам-аматарам, а працавітай гаспадыняй, шчырай жанчынай з адкрытай душой і пяшчотным сэрцам, дырэктарам школы, Заслужанай настаўніцай БССР Леанідай Рачкоўскай. Гэта дзякуючы яе нястомным рукам і зайздроснай энергіі, усё новым і новым ідэям у афармленні тут заўсёды пануе атмасфера свята, творчасці і натхнення. Многія прыходзяць не толькі каб падзівіцца, але і пераняць вопыт у стварэнні ўтульнасці і парадку. Зразумела,  вучыцца дзецям і працаваць настаўнікам у такой школе — толькі ў радасць. Таму і рабяты, і дарослыя беражліва адносяцца і стараюцца дапамагаць у навядзенні прыгажосці і парадку.

Леаніда Уладзіміраўна цікава разважае  пра жыццё і сваю спраўджаную мару — педагогіку. А пачынае гаварыць пра кветкі — дзіву даешся, колькі ўсяго яна пра іх ведае, і клапоціцца, любіць — часу і сіл не шкадуе. Дарэчы, гэтак жа шчыра і аддана яна клапоціцца і пра сваіх вучняў і невялікі педагагічны калектыў.

Галіна  КАНЬКО.

2 thoughts on “Пазакласны ўрок ад Леаніды Рачкоўскай

  • 20/07/2012 в 19:36
    Permalink

    Не оскудевает край на таланты. Попробуйте это оспорить

  • 20/07/2012 в 20:40
    Permalink

    Да,Леонида Владимировна- замечательный человек! Энергичная, мудрая,талантливая.Дай Бог ей здоровья и долголетия!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *