Парадак просіць падтрымкі

Наш невялікі гарадок – самабытны, даволі кампактны і чысты. Безумоўна, парадак неабходна не толькі ствараць, але і падтрымліваць. Добраўпарадкаванне – зона клопату і асаблівай увагі жылкамунгаса, але і іншыя прадпрыемствы, установы і арганізацыі не застаюцца ў баку ад такой важнай справы. Каб навокал было чыста і ўпарадкавана, стараюцца гараджане. Праўда, не ўсе і не паўсюдна. Астраўкі безгаспадарчасці выяўляюцца то тут то там, што і пацвердзіў нядаўні рэйд райЦГіЭ.

Першы аб’ект на рэйдавым маршруце – рэзервовая гарадская свідравіна – пастаянна знаходзіцца ў полі зроку санэпідэмслужбы. Неаднойчы камунгасу, на чыім балансе знаходзіцца свідравіна, выдаваліся прадпісанні з-за неналежнага выканання санітарнага заканадаўства. Свае хібы райжылкамунгас выпраўляе: тэрыторыя агароджана, трава скошваецца. А вось культура грамадзян яўна кульгае. У некалькіх месцах зноў паламалі агароджу, зрабілі праз тэрыторыю свідравіны хады-лазы. Месца аблюбавалі аматары выпіць, такіх засталі і падчас рэйду. Раскіданае смецце, рэшткі пікнікоў, пустыя бутэлькі – і гэта ў зоне санітарнай аховы.
На працягу не аднаго года гарадскія гаражныя масівы і кааператывы заслужана атрымлівалі ў свой адрас безліч негатыўных выказванняў за неўладкаванасць тэрыторыі. Што змянілася? Многае. Урач-гігіеніст райЦГіЭ Аляксандр Лебядзевіч адзначае больш гаспадарскія адносіны ўладальнікаў гаражоў да тэрыторыі каля «кватэр» іх аўтамабіляў. Убачанае падчас рэйду гэта пацвярджае. Па-добраму здзівіў гаражны масіў па вуліцы Юбілейнай: чыста, акуратна, прыбрана. Залік можна было б паставіць і гаражнаму масіву па вуліцы Южакова, аднак, ёсць адно але: кучы адходаў паміж некаторымі гаражамі, на пляцоўцы для збору смецця складзіраваны галінкі дрэў, вакол не абкошана. А вось карціна каля гаражоў на скрыжаванні вуліц Южакова і Першамайскай уразіла дагледжанасцю і акуратнасцю. Гаражы, лавачкі, іншая аздоба пафарбаваны, вакол высаджаны кветкі, кусты – больш падобна на ўтульны дворык.
У двары дома № 11 па вуліцы Гагарына калісьці стаялі кантэйнеры для паасобнага збору смецця. Выгляд тэрыторыі вакол іх, мякка кажучы, быў непрэзен-табельным, поўная антысанітарыя. А побач дзіцячыя пляцоўкі, жылыя дамы, бібліятэка. Жыхары тутэйшых шматкватэрнікаў скардзіліся на камунгас за несвоечасовы вываз смецця, камунгас – на жыльцоў, якія выкідваюць смецце абы-дзе. Пасля неаднаразовага высвятлення адносін выхад знайшоўся. Кантэйнеры адтуль забралі, пляцоўка зарасла травой. За смеццем па графіку прыязджае машына.
Даўно патрабуецца навядзенне парадку на кантэйнернай пляцоўцы каля могілак у пачатку вуліцы Леніна. Жыльцы дамоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай узялі моду выкідваць сюды смецце. Што ні раніца – вакол кантэйнераў горы поліэтыленавых мяхоў з адпаведным змесцівам. Зразумела, што камунгасаўскі смеццявоз так кругласутачна дзяжурыць не можа і не абавязаны…
Традыцыйна засмечаныя гаражныя кааператывы і масівы па вуліцы Арлоўскага на гэты раз сустрэлі няхай не ідэальнай чысцінёй, але ўсё ж парадкам. Чаго не скажаш пра некаторыя дваровыя тэрыторыі на гэтай вуліцы. «Шанхаі» па-ранейшаму «ўпрыгожваюць» тэрыторыю побач з кветнікамі і дзіцячымі пляцоўкамі. Пра якую элементарную бяспеку можна гаварыць, калі побач з дзіцячай горкай раскідана шкло ці кучы старога адзення, рэшткі бітага посуду і г.д. Няўжо самім жыльцам даспадобы такое суседства?
Падобныя рэйды супра-цоўнікі райЦГіЭ праводзяць штомесячна, у цёплую пару года – двойчы на месяц, а падчас месячні-каў па добраўпарадкаванні – кожны тыдзень.
Аляксандр Лебядзевіч расказаў, што з пачатку года праведзена 928 рэйдаў і маніторынгаў па добраўпарадкаванні, на 351 аб’екце выяўлены парушэнні. Па выніках праверак кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, фізічным асобам выдадзена 237 прадпісанняў і рэкамендацый па ўхіленні парушэнняў. Да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 2 артыкула 21.14 КоАП прыцягнуты 16 службовых асоб, накіравана 21 хадайніцтва аб прыцягненні вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Каментарыі з вайбера:

– Дзякуй «Ляхавіцкаму весніку» за артыкулы, у якіх гучаць прапановы, як зрабіць жыццё ў нашым горадзе больш камфортным. І актуальная прапанова. Паважаныя гара- джане, ніяк не ўпрыгожвае нашы Ляхавічы дым ад спаленага бульбянога бацвіння. Давайце будзем узаемаветлівымі! 
Міхаіл БЕЦЬКА.

– Я таксама далучаюся. Днём – спякота, вечарам няма чым дыхаць ад дыму. Акно нельга адкрыць.
Ганна КРУК.

«Бар» на тэрыторыі рэзервовай гарадской свідравіны.

Гаражны пейзаж: скрыжаванне вул. Першамайскай і Южакова

вул. Арлоўскага

У адным з двароў па вул. Арлоўскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *